Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Швед заявіў, што чыноўнікі ня выканалі рашэньне, якое магло б выратаваць 4 дзяцей у Воршы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Андрэй Швед заявіў, што пракуроры разьбіраюцца ў прычынах, якія прывялі да сьмерці чатырох дзяцей у Воршы.

Генэральны пракурор Андрэй Швед расказаў, што прыняць да вядзеньня крымінальную справу аб забойстве чатырох дзяцей у Воршы было яго рашэньнем, піша «БелТА».

«На мінулым тыдні адбылася трагедыя ў Воршы, маці забіла чатырох уласных непаўналетніх дзяцей ва ўзросьце ад аднаго году да дзевяці гадоў, цяпер Генэральнай пракуратурай вядзецца расьсьледаваньне гэтага абуральнага факту», — сказаў Андрэй Швед.

Паводле ягоных слоў, пракурорам трэба будзе разабрацца ва ўсіх абставінах таго, што адбылося, але ён ня мае права выдаваць падрабязнасьці справы, пакуль ідзе сьледзтва.

«Яшчэ месяц таму было прынята рашэньне аб тым, каб гэтую сям’ю ў СНС (сацыяльна небясьпечнае становішча. — РС) перавесьці. Месяц ляжала рашэньне без выкананьня. Вядома, у гэтым трэба разьбірацца. Чаму толькі месяц таму, а ня год, ня два», — так адказаў Швед на пытаньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія тычацца гэтай гучнай справы.

«Прынялі рашэньне, а чаму не рэалізавалі, чаму гэтая маці не магла накарміць гэтых дзяцей?» — падкрэсьліў генпракурор.

І пэўныя службовыя асобы пра гэта ведалі, дадаў Андрэй Швед.

17 лютага стала вядома, што 36-гадовая Ірына Куранкова, падазраваная ў нядаўнім забойстве чатырох дзяцей, памерла ў шпіталі, дзе знаходзілася апошнія дні. Пра гэта паведаміў сайт orsha.eu са спасылкай на крыніцы, зьвязаныя зь сям’ёй жанчыны.

14 лютага ў кватэры дома № 3 па вуліцы Завадзкага ў Воршы знайшлі целы чатырох дзяцей. Яны былі задушаныя. Дзьверы адчыніла сваімі ключамі бабуля дзяцей, бо ніхто знутры не адчыняў. Ірына Куранкова пасьля спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам, парэзаўшы сабе вены.

Жанчыну ўратавалі, яе далейшы лёс быў невядомы — або суд і турэмны тэрмін, або лячэньне ў псыхіятрычнай лякарні. Адказ на ўсе пытаньні мелі даць экспэртызы, але падазраваная сканала ў шпіталі ўвечары 16 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG