Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні назвалі імя ляўрэата паэтычнай прэміі імя Міхася Стральцова. ФОТА


Усевалад Сьцебурака. Архіўнае фота.
Усевалад Сьцебурака. Архіўнае фота.

Пераможцы на ўручэньні не было, ён ня змог прыехаць у Вільню.

16 лютага ў сталіцы Літвы адкрыўся XII міжнародны паэтычны фэстываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», які раней праводзіўся ў Беларусі.

«У часы кавіду і рэпрэсій „Вершы на асфальце“ сышоў у інтэрнэт, і вось мы зноў, ужо трэці раз запар, адкрываем фэстываль у сталіцы Літвы», — абвясьціў паэт Андрэй Хадановіч і пералічыў арганізацыі, дзякуючы якім падзея адбылася.

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Гэта Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў і ягоныя партнэры — Швэдзкі саюз пісьменьнікаў, беларускі Гётэ-Інстытут у выгнаньні, Праграмная Рада тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва» і Беларускі ПЭН-цэнтар.

«Шалёная ваша сьмеласьць дае нам моцы. Наш сьвет быў бы горшым бяз вас», — зьвярнулася да ўдзельнікаў Людвіка Кардзіс з Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры, дзе адбылося адкрыцьцё фэстывалю.

Пасьля гэтага ўдава славутага паэта і пісьменьніка Міхася Стральцова Алена Дзьмітрыеўна абвясьціла імя новага ляўрэата літаратурнай прэміі Міхася Стральцова. Ім стаў беларускі паэт Усевалад Сьцебурака, які жыве ў Беларусі.

Алена Дзьмітрыеўна Стральцова
Алена Дзьмітрыеўна Стральцова

Арганізатары фэстывалю з жалем адзначалі, што сам ляўрэат ня змог прыехаць у Вільню, і чыталі ягоныя вершы, якія называлі надзвычай таленавітымі. У тым ліку прагучалі радкі з апошняй кнігі паэта «Беларускія зоркі», якая выйшла ў 2024 годзе.

«Ціша стаіць ці б’юць званы,
праз балоты ці ўзгоркі
над гэтым краем, стаяць яны —
Беларускія зоркі».

Новая кніга Ўсевалада Сьцебуракі
Новая кніга Ўсевалада Сьцебуракі

Першым ляўрэатам прэміі Міхася Стральцова стаў у 2018 годзе паэт Алег Мінкін зь Вільні. Летась ляўрэатам журы прызнала паэта Юрася Пацюпу зь Менску, які таксама ня змог прыехаць на ўручэньне прэміі.

  • Усевалад Сьцебурака — беларускі паэт, празаік, перакладчык і шоўмэн. Ён нарадзіўся ў 1981 годзе ў Жлобіне, зь дзевяцігадовага ўзросту жыў у Вялейцы. Сьцебурака скончыў гістарычны факультэт БДПУ, друкаваўся ў газэце «Наша ніва». Першая кніга вершаў і малой прозы «Крушня» выйшла ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў», другая — «Бег па самаадчуваньні» — у выдавецкай сэрыі «Кнігарня пісьменьніка». Трэцяя кніга вершаў «Сны дарог» зьявілася ў 2017 годзе. У 2022 годзе ў суаўтарстве з бацькам Міколам і братам — гісторыкам Анатолем выпусьціў кнігу сямейнай гісторыі «Сьцебуракаў лёс». Цяпер жыве ў Вялейскім раёне і Ракаве.

«Дэмакратыя — наш агульны дом»

«Дэмакратыя — наш агульны дом. Паэзія — наш агульны дом. Літаратура — наш агульны дом. Абарона нашых розных моваў — наш дом. Мы маем наш дом з сабой, куды б ні пайшлі. Мы дома там, дзе мы сустракаемся. Нашы дзьверы заўжды адчыненыя», — гэтак сказала старшыня Саюзу пісьменьнікаў Швэцыі Грэта Рутбэль, выступаючы перад удзельнікамі фэстывалю.

Грэта Рутбэль
Грэта Рутбэль

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, паэт і выдавец Тацяна Нядбай у сваім выступе зазначыла, што 155 дзеячоў культуры пасьля падзей 2020 году знаходзяцца ў зьняволеньні ці зазналі няволю.

«Хацелася б, каб мы захавалі як нашу нязломнасьць, гэтак і нашу крохкасьць», — пажадала беларускім літаратарам Тацяна Нядбай.

Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай
  • Праграма фэстывалю разьлічаная яшчэ на два дні. У суботу зь «Беларускага дому» ён пераедзе на пляцоўку у клюбе «Павільёнас», што на вуліцы Піліма, 21б. Пасьля 12.00 там адна за адной пройдуць прэзэнтацыі новых кніг і сустрэчы зь іх аўтарамі: Валянцінай Аксак, Сабінай Брыло, Анатолем Івашчанкам, Артурам Камароўскім, Ганнай Комар, Вандай Марціньш, Натальляй Русецкай, Андрэем Сьцепанюком, Андрэем Хадановічам, Сямёнам Ханіным, Ганнай Шакель і Ўладзімерам Някляевым. Таксама ў суботу адбудзецца ўганараваньне ляўрэата Прэміі Цёткі. Завершыць другі дзень фэстывалю імпрэза «Ноч паэзіі» з выступам запрошаных гасьцей і вольным мікрафонам.
  • У нядзелю, 18 лютага, фэстываль «Вершы на асфальце» падоўжаць творчыя сустрэчы з Уладзімерам Арловым, Настай Кудасавай і Сяргеем Сысам. У праграме таксама вечарына сучаснай літоўскай паэзіі ў беларускіх перакладах і канцэрт гурту «FILAMATY».
  • Падчас працы фэстывалю ў клюбе «Павільёнас» будзе арганізаваны продаж беларускіх літаратурных твораў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG