Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне не зафіксавалі актыўнасьці на мяжы зь Беларусьсю праз «контратэрарыстычную апэрацыю» ў Лельчыцах


Лельчыцкі райвыканкам. Ілюстрацыйнае фота
Лельчыцкі райвыканкам. Ілюстрацыйнае фота

Украіна «працягвае ўмацоўваць сваю мяжу і пільна яе абараняць, каб не дапусьціць ніякіх правакацый».

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не зафіксавалі на мяжы зь Беларусьсю якіх-небудзь актыўных дзеяньняў пасьля абвяшчэньня «контратэрарыстычнай апэрацыі» ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці, які мяжуе з Украінай.

«Інфармацыя аб увядзеньні ў адным з раёнаў Гомельскай вобласьці Беларусі, які мяжуе з Украінай, рэжыму контратэрарыстычнай апэрацыі больш падобная да прыцягненьня ўвагі. Паводле наяўнай інфармацыі, у гэтым раёне плянавалася правядзеньне нейкіх чарговых бясконцых вучэньняў, якія адбываюцца ў Беларусі стала. Ня выключана, што гэтыя вучэньні яны вырашылі назваць контратэрарыстычным рэжымам», — патлумачыў выданьню «Українська правда» сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Прадстаўнік памежнай службы падкрэсьліў, што «нейкай значнай актыўнасьці па той бок мяжы» ва Ўкраіне не назіраюць.

«Мы працягваем умацоўваць нашу мяжу і пільна яе абараняць, каб не дапусьціць ніякіх правакацый», — заявіў Андрэй Дземчанка.

Раённая газэта «Светлае жыццё» 15 лютага паведаміла, што ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай увялі рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі».

Згодна з законам «Аб барацьбе з тэрарызмам», у межах правядзеньня КТА сілавікі могуць бесьперашкодна ўваходзіць у жылыя памяшканьні «пры перасьледзе асоб, якія падазраюцца ва ўчыненьні акту тэрарызму або стварэньні незаконнага фармаваньня» і выкарыстоўваць асабістыя сродкі сувязі грамадзян.

Таксама закон дазваляе абмяжоўваць уезд і выезд з зоны КТА і дазваляе затрымліваць грамадзян у выпадку несанкцыянаванага пранікненьня туды. Паводле тэлеграм-канала @motolkohelp, у Лельчыцы прыбылі тры верталёты зь Менску.

«Эўрарадыё» ў Лельчыцкім райвыканкаме паведамілі, што рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі», абвешчаны 15 лютага, — гэта чарговыя вучэньні беларускіх сілавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG