Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альгерд сабраў пад скіпэтрам заходнярускія землі». Што пішуць у расейскіх падручніках пра беларускую гісторыю


Князь Альгерд і Масква, каляж
Князь Альгерд і Масква, каляж

Расейскі пасол у Беларусі заявіў, што краіны дамовіліся аб стварэньні адзіных падручнікаў для школ і ВНУ. Паглядзелі, што пішуць пра беларускую гісторыю ў расейскіх падручніках цяпер.

Беларусь і Расея дамовіліся аб стварэньні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і вышэйшых навучальных установаў. Пра гэта заявіў 1 лютага пасол Расеі ў Менску Барыс Грызлоў.

«Гэта тэма вельмі важная, таму што дасюль ёсьць розначытаньні ў разуменьні вельмі важных падзей у гісторыі і СССР, і Расейскай імпэрыі. Цяпер мы дамовіліся аб тым, што мы будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжаньня», — сказаў Грызлоў.

Ён нагадаў, што на мінулым тыдні падпісалі дакумэнты аб стварэньні расейска-беларускай камісіі па гісторыі. Беларускія афіцыйныя крыніцы пакуль не пацьвярджаюць і не камэнтуюць выказваньні Грызлова.

Свабода паглядзела, што расказваюць пра беларускую гісторыю расейскія школьныя падручнікі цяпер.

Полацкая Русь

Гісторыя Расеі са старажытных часоў да XVI стагодзьдзя апісваецца ў падручніку для 6 клясы, ён выйшаў у 2023 годзе пад рэдакцыяй памочніка Пуціна Ўладзіміра Мядзінскага.

Пачынаючы з часоў Полацкага княства, беларускія землі ў ім называюць «Полацкай Русьсю». Іх суб’ектнасьць і самастойнасьць адмаўляецца. На мапах беларускія землі паказваюцца ці як частка дзяржавы, якую аўтары называюць «Русь», ці як падкантрольныя тэрыторыі.

Вялікае Княства Літоўскае ў падручніку наогул называюць «западнорусскими землямі».

«Землі заходняй і паўднёвай Русі з другой паловы XIII стагодзьдзя аб’ядноўвала Вялікае Княства Літоўскае. Большую яго частку складалі заходнярускія землі і праваслаўнае заходнярускае насельніцтва. Летапіс у ВКЛ вёўся на рускай мове, а судзілі па законах Рускай Праўды (зборнік прававых нормаў Кіеўскай дзяржавы. — РС)», — пішуць аўтары падручніка.

Насамрэч, на пачатку існаваньня ў ВКЛ было як язычніцкае, так і праваслаўнае насельніцтва. Летапісы ў ВКЛ вяліся на старабеларускай. Першы дакумэнт, які рэгуляваў права ў ВКЛ, — судзебнік Казімера (1468 год), ён быў напісаны на старабеларускай мове.

У падручніку пералічваюць беларускія гарады, якія ўваходзілі ў склад ВКЛ пры княжаньні Гедыміна. Аднак іх называюць «западнорусскими». Напрыклад, менавіта так называюць Наваградак і Полацак.

«Многія расейскія землі, якія ўтварыліся пасьля распаду Русі, былі сабраныя пад скіпэтрам Альгерда», — пішуць аўтары расейскага падручніка.

Пра тры паходы Альгерда на Маскву на чале войска ВКЛ аўтары выданьня ня згадваюць. Гэтыя паходы адбыліся ў 1368, 1370 і 1372 гадах.

«Малороссия» и «Белоруссия»

Далейшая гісторыя апісваецца ў падручніку за 7 клясу, ён ахоплівае пэрыяд да канца XVIII стагодзьдзя. Там Вялікае Княства Літоўскае ўжо перастае быць «русским», а ўсё часьцей называецца Літвой. Шматлікія войны з Расеяй называюцца «расейска-літоўскімі» войнамі.

Згадваецца і бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Гаворыцца, што «расейскія войскі былі вымушаныя адступіць».

Праваслаўнае насельніцтва ВКЛ у падручніку называюць «народ русский».

«У XVII стагодзьдзі землі праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай усё часьцей сталі называць «Белоруссией» и «Малороссией», — сьцьвярджаюць аўтары падручніка.

Расказваючы пра вайну Рэчы Паспалітай з Расеяй у 1654–1667 гадах, яны прыводзяць довад, што «маларускія сяляне ненавідзелі шляхту і хацелі жыць пад скіпэтрам Масквы».

Падзелы Рэчы Паспалітай і адыход сучасных беларускіх земляў да Расеі ў падручніку падаюцца як «узьяднаньне».

«Расея далучыла землі, якія раней уваходзілі ў склад Русі, тым самым было ўзноўлена адзінства ўсходнеславянскіх народаў», — расказваюць расейскім дзецям на ўроках.

У падручніку таксама прыгадваюць паўстаньне 1830–1831 году, называючы яго «польскім». Далей ідзе гаворка пра сялянскія бунты перад адменай прыгоннага ладу. А паўстаньне пад кіраўніцтвам Каліноўскага наогул ня згадваецца.

Стварэньне ў Менску БНР у расейскім падручніку па гісторыі згадваецца ў кантэксце акупацыі Беларусі нямецкімі вайскамі.

Сучаснасьць

Цяперашні сьвет апісваецца ў расейскім падручніку за 11 клясу пад рэдакцыяй таго ж Мядзінскага. Аўтары называюць нашу краіну і «Беларусь» (3 разы) і «Белоруссия» (3 разы).

У падручніку пішуць, што дзякуючы АДКБ у Казахстане ў 2022 годзе «перадухілілі спробу дзяржаўнага перавароту». Пры гэтым пра падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе няма ні слова.

Усе рэвалюцыі ў суседніх з Расеяй краінах (Грузія, Украіна, Кіргізстан) у падручніку называюць «інсьпіраванымі Захадам спробамі перавароту».

Гаворыцца, што падобныя падзеі таксама спрабавалі арганізаваць у Беларусі і Армэніі.

Згадваюць у падручніку і ўтварэньне Саюзнай дзяржавы.

«Расейская Фэдэрацыя і Рэспубліка Беларусь праводзяць сумесную палітыку ў эканамічнай і абароннай сфэрах, адстойваюць агульныя інтарэсы на міжнароднай арэне», — пішуць аўтары.

«Усё залежыць ад настаўніка, а не ад падручніка»

Свабода пагаварыла з настаўніцай, якая некалькі гадоў выкладала гісторыю беларускім вучням. У мэтах бясьпекі суразмоўца не называе свайго імя. Па яе словах, сьветапогляд вучняў найбольш залежыць ад настаўніка.

«Збольшага сьветапогляд вучняў залежыць ад настаўніка. Я ведаю настаўнікаў, і ня толькі па гісторыі, якія кажуць вучням не карыстацца падручнікам, а самі даюць матэрыял. Ці кажуць, што чытаць, што не чытаць у падручніку. Калі настаўнік сам дае інфармацыю, уплыў падручніка будзе мінімальны. Аднак ёсьць настаўнікі, якія даюць усё па падручніку і на занятках, і дома. Там няма альтэрнатыўнай інфармацыі, і ўплыў на вучня ёсьць. Важна таксама, што бацькі кажуць дома», — расказвае суразмоўца.

Выкладчыца дадае, што сама вучылася па падручніках, дзе шмат пра якія падзеі зь беларускай гісторыі не гаварылася. Аднак гэта не перашкодзіла атрымаць патрэбныя веды.

«У мяне не было падручнікаў, дзе гаварылася пра бел-чырвона-белы сьцяг. У мяне там усё пачыналася з 1994 году, калі нібыта пачалася сьветлая будучыня. І адным радком згадваўся 1991 год і дрэнны Вярхоўны Савет. Аднак у маіх аднаклясьнікаў склаліся нармальныя погляды. Цяпер ёсьць і добрыя падручнікі ў Беларусі, ёсьць менш якасныя», — кажа выкладчыца.

Яна дадае, што нават у цяперашніх умовах у Беларусі можна аб’ектыўна выкладаць гісторыю. За гэта, па яе словах, пакуль не звальняюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG