Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары прэзыдэнта Фінляндыі: у другі тур выходзяць экс-прэм’ер Стуб і былы кіраўнік МЗС Хаавіста


Экс-прэм’ер Фінляндыі Аляксандар Стуб, архіўнае фота
Экс-прэм’ер Фінляндыі Аляксандар Стуб, архіўнае фота

У Фінляндыі завяршылася галасаваньне на выбарах прэзыдэнта. Яўка склала 74,9%, паведамляе фінскае выданьне Yle.

Па выніках падліку 99,3% галасоў, былы прэмʼер-міністар краіны і сябра правацэнтрысцкай партыі «Нацыянальная кааліцыя» Аляксандар Стуб набраў 27,1% галасоў, яго асноўны канкурэнт — экс-кіраўнік МЗС і сябра левацэнтрысцкай партыі «Зялёны зьвяз» Пэка Хаавіста — 25,8% галасоў, паведамляе фінскае выданьне Yle.

Паколькі ніводзін з кандыдатаў не набраў больш за палову галасоў выбарнікаў, то 11 лютага адбудзецца другі тур галасаваньня з удзелам Стуба і Хаавіста.

У сярэдзіне студзеня Стуб у інтэрвію Reuters абяцаў безумоўную падтрымку Ўкраіны і выключыў магчымасьць паляпшэньня адносін з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным да таго часу, пакуль Масква ня спыніць вайны супраць Кіева.

Хаавіста, піша выданьне «Медуза», падзяляе погляды Стуба, які крытыкаваў Расею задоўга да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, але пры гэтым больш стрыманы ў выразах. Паводле яго, заходнія саюзьнікі і Фінляндыя павінны працягваць дапамагаць Украіне.

Усяго ў прэзыдэнцкай гонцы бралі ўдзел дзевяць кандыдатаў, у тым ліку сьпікер парлямэнту Юсі Хала-аха, які набраў 19% галасоў і быў трэцім па выніках падліку галасоў.

Прэзыдэнт у Фінляндыі выбіраецца на шэсьць гадоў ня больш як на два тэрміны запар. Пасаду прэзыдэнта зараз займае Саўлі Нійністэ, які ўзначальвае краіну два тэрміны запар з 2012 году, таму ён ня браў удзелу ў гэтых выбарах.

У 2022 годзе Фінляндыя пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну адмовілася ад нэўтралітэту і вырашыла ўступіць у NATO. З пачатку красавіка мінулага года Фінляндыя афіцыйна зьяўляецца паўнапраўным сябрам NATO, стаўшы 31-й дзяржавай, якая ўваходзіць у Паўночнаатлантычны альянс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG