Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт «Бі-2» расказаў гісторыю затрыманьня ўдзельнікаў у Тайляндзе


Гурт Бі-2
Гурт Бі-2

Музыкаў усё яшчэ чакае дэпартацыя ў краіны, грамадзянамі якіх яны зьяўляюцца.

Гурт адзначыў, што цяпер музыкі знаходзяцца ў цэнтры затрыманьня міграцыйнай паліцыі выспы Пхукет.

«Канцэрт 24 студзеня на Пхукеце прайшоў цудоўна, але пасьля яго нас затрымала паліцыя: падставай для затрыманьня сталі некарэктна аформленыя арганізатарамі дакумэнты. Важна адзначыць, што ўсе канцэрты „Бі-2“ праводзяцца ў адпаведнасьці зь мясцовымі законамі і практыкамі. У мінулым годзе мы пасьпяхова сыгралі больш за 60 канцэртаў у трох дзясятках краін — у тым ліку, два шоў у Тайляндзе».

Гурт у сваім інстаграме падкрэсьліў, што нядаўнія канцэрты ў Патаі і Пхукеце таксама праводзіліся афіцыйна, з прыцягненьнем мясцовых арганізатараў і захаваньнем усіх неабходных патрабаваньняў па бясьпецы мерапрыемства.

Першую ноч пасьля затрыманьня ўдзельнікі «Бі-2» правялі ў камэры паліцэйскага пастарунку. Сярод музыкаў — грамадзяне Расеі, Ізраіля і Аўстраліі. Салісты і заснавальнікі гурта, Лёва і Шура, — не грамадзяне Расеі.

25 студзеня адбыўся суд, вырак — штраф. Яго аплацілі на месцы. Падчас суду, як адзначае «Бі-2», гурту не прадаставілі перакладчыка, і таму музыкі ня мелі магчымасьці азнаёміцца са зьместам дакумэнтаў у справе.

Аднак ужо пасьля суду музыкаў затрымала міграцыйная паліцыя Тайлянду, пад наглядам якой цяпер чакаецца вырашэньне пытаньня, зьвязанага са знаходжаньнем «Бі-2» у краіне.

«Ніякіх дадатковых абвінавачаньняў нам не прад’яўлена. Сытуацыя і шум вакол яе падказваюць, што не апошнюю ролю ў нашым затрыманьні адыграў ціск звонку. Мы ведаем, што прычыны гэтага ціску — наша творчасьць, нашы погляды, наша пазыцыя.

У дадзены момант мы чакаем пераводу ў Бангкок, дзе пытаньне аб нашым знаходжаньні ў Тайляндзе павінна канчаткова вырашыцца. Мы на сувязі з МЗС Ізраіля, яго прадстаўнікі ў Тайляндзе ўдзельнічаюць у вырашэньні сытуацыі. Разам з тым, аўстралійскага консула, які прыехаў да месца нашага ўтрыманьня, да нас не пусьцілі».

Гурт у інстаграме адзначыў, што «ня можа спаборнічаць у хуткастрэльнасьці з таксычнай машынай прапаганды», але па меры магчымасьці паабяцаў інфармаваць аб тым, што адбываецца.

Завяршаецца допіс тым, што ў сапраўдны момант сувязі з удзельнікамі гурта няма.

  • «Бі-2» — рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску, ягоныя заснавальнікі і нязьменныя ўдзельнікі Аляксандар Уман (Шура) і Ягор Бортнік (Лёва) паходзяць зь Беларусі.
  • З часам музыкі перабраліся ў Расею і сталі адным з самых камэрцыйна пасьпяховых гуртоў на расейскай сцэне.
  • Музыкі асудзілі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне, у красавіку 2022 году, гурт «Бі-2» адмовіўся выступаць на канцэрце ў Омску на фоне банэра «Za президента». Пасьля гэтага гурт перанёс шэраг выступаў.
  • У 2023 годзе ўдзельнікі гурту эмігравалі ў Ізраіль.
  • У чэрвені 2023 году лідэра гурту Ягора Бортніка прызналі ў Расеі «іншаземным агентам». Як растлумачыла Міністэрства юстыцыі РФ — за тое, што музыка выступаў супраць вайны Расеі ва Ўкраіне і «нэгатыўна выказваўся пра расейцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG