Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль зьявіўся сьпіс «аналітыкаў Ціханоўскай»? Спрэчка Вусава і Красулінай


Сьледчы камітэт распачаў так званае спэцвядзеньне ў дачыненьні да 20 чалавек, якіх назваў «аналітыкамі Ціханоўскай». Як і дзеля чаго ўзьнік у нечым рандомны сьпіс і як гэта ўпісваецца ў кантэкст масавых рэпрэсій апошніх дзён.

Суразмоўцы Ганны Соўсь — фігуранты сьпісу так званых «аналітыкаў Ціханоўскай»: прэсавая сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай і намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна і доктар палітычных навук, прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Павал Вусаў.

Глядзець дыскусію на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

— Давайце абмяркуем сам сьпіс асобаў, якіх збольшага нельга назваць «аналітыкамі Ціханоўскай». У сьпісе сябры каманды Ціханоўскай, сацыёлягі, прадстаўнікі аналітычных цэнтраў, палітолягі, мой калега Юры Дракахруст, які аналізуюць працу Ціханоўскай і яе каманды, але вядомыя нэўтральным і крытычным поглядам на дзейнасьць дэмакратычных сілаў. Чым бы вы патлумачылі рандомны характар сьпісу, ці ён не рандомны?

Ганна Красуліна: Я лічу, што ён у большай ступені рандомны. Яны спрабавалі сфармаваць па прафэсійнай прыкмеце — каго можна было прыцягнуць, хто мае хоць нейкае дачыненьне да аналітыкі ці нейкіх абмеркаваньняў, усіх сюды паспрабавалі запіхаць. Я бачу, што яны робяць гэта на ўзор «справы лекараў». Нагадаю, гэта была апошняя справа сталінскіх часоў і самога Сталіна. Арышты па гэтай справе адбыліся ў студзені 1953 году. І яны цяпер спрабуюць гэта паўтарыць. Я ім раю паглядзець, чым гэта скончылася — праз тры месяцы знайшлі гэтага галоўнага правадыра ў лужыне ягонай уласнай мачы. Хай згадаюць гісторыю.

Павал Вусаў: Гэта сьпіс з 2020 году ўсіх тых людзей, якія так ці інакш мелі часовае альбо сталае дачыненьне да працы штабу і офісу Ціханоўскай. Гэта не рандомны сьпіс, гэта сьпіс, які быў у іх хіба з 2020–2021 году, калі дзейнічалі першыя пэўныя кансультатыўныя групы. І фактычна ўсе гэтыя людзі так ці інакш мелі дачыненьне да пэўных дарадчых функцый у 2020–2021 годзе. І зараз яны гэты сьпіс з шафы дасталі. Некалькі гадоў, пакуль вырашаўся крызіс, у іх не было часу займацца людзьмі, якія для рэпрэсіяў недасяжныя. Яны займаліся сыстэмнымі рэпрэсіямі, вынішчэньнем грамадзкай супольнасьці, палітычнай супольнасьці ў Беларусі. Калі фізычныя пагрозы былі зьнішчаныя ўсе, яны прыступілі да зачысткі тых людзей, які ў пэўным ці ня ў пэўным сэнсе мелі ўскоснае дачыненьне да функцыянаваньня штабу Ціханоўскай ці тых аналітычных групаў, якія ўзьніклі ў 2020 годзе. У тым ліку і я быў у некаторых такіх колах, якія выконвалі дарадчыя функцыі, але, на жаль, непасьпяховыя. Непасьпяховыя таму, што мы знаходзімся якраз у той сытуацыі, калі нас судзяць, а ня мы судзім.

— Аналітык Свабоды Юры Дракахруст ня быў дарадцам штабу Ціханоўскай.

Павал Вусаў: Тут гаворка не вядзецца пра дарадчыя функцыі. Не хачу глыбока ўваходзіць у дэталі, каб, магчыма, не зашкодзіць некаторым іншым людзям, але гаворка вялася пра пэўныя стратэгічныя групы плянаваньня. Фактычна ўлады маюць амаль усю інфармацыю адносна тых людзей, якія так ці інакш мелі дачыненьне да дзейнасьці, працы штабу Ціханоўскай, яе офісу.

Гэта найперш скіравана на беларускае грамадзтва напярэдадні выбараў, каб прадэманстраваць, што мы кантралюем усю прастору і не высоўвайцеся. З гістарычнымі паралелямі я быў бы вельмі асьцярожны, гэта стварэньне нейкіх ілюзій, што Лукашэнка памрэ. Не памрэ ён ні праз тры месяцы, ні праз год. На жаль, людзі паміраюць у вязьніцах...

Ганна Красуліна: Ніхто не чакае, каб Лукашэнка памёр. Я жадаю, каб ён перажыў усё гэта і адказаў найперш перад беларускім незалежным судом за ўсё тое, што ён зьдзейсьніў...

— Магла быць яшчэ адна мэта — скампрамэтаваць аналітыкаў, для якіх прынцыповы нэўтральны, бесстаронны падыход у аналізе, каб думалі, што яны, так бы мовіць, абслугоўваюць Ціханоўскую інфармацыйна. Што вы думаеце?

Ганна Красуліна: Рэжым не разумее каштоўнасьці экспэртаў ці незалежнасьці экспэртаў. Гэтай мэты ў іх не было, Палітыкі ва ўсім сьвеце карыстаюцца ведамі экспэртаў, і яны могуць да іх зьвяртацца па кансультацыі. Зусім ня факт, што з гэтымі людзьмі хтосьці раіўся рэальна з офісу Ціханоўскай, таму што дастаткова выкарыстоўваць тыя аналітычныя артыкулы, якія яны выкладаюць у паблік. Для рэжыму дастаткова таго, што яны выступалі за перамены.

Большасьць фігурантаў справы — незалежныя палітычныя аналітыкі, сацыёлягі і эканамісты, якія даюць камэнтары незалежным беларускім мэдыя. У сьпісе, аднак, ёсьць і некалькі супрацоўнікаў Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.

Агулам СК распачаў спэцвядзеньне ў дачыненьні да 20 чалавек, якіх называе «аналітыкамі Ціханоўскай»: у сьпісе Юры Дракахруст, Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна.

Іх падазраюць у:

  • «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады, учыненыя групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
  • «закліках да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту» (ч. 3 арт. 361 КК);
  • «змове або іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357);
  • «уваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці» (ч. 3 арт. 361-1);
  • а таксама ў саўдзеле ў першых двух названых злачынствах (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130, а таксама ч. 3 арт. 61).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG