Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаную у забойстве Z-блогера Татарскага ў Расеі пакаралі 27 гадамі калёніі


Дарʼя Трэпава ў судзе. Архіўнае фота
Дарʼя Трэпава ў судзе. Архіўнае фота

Паводле расейскіх СМІ, падсуднай Дар'і Трэпавай вынесьлі самы суровы вырак сярод жанчын у сучаснай Расеі.

Другі Заходні акруговы вайсковы суд вынес вырак у 27 гадоў калёніі 26-гадовай Дарʼі Трэпавай па справе аб забойстве прапагандыста вайны і Z-блогера Ўладлена Татарскага (Максіма Фаміна).

Пракурор прасіў для яе 28 гадоў пазбаўленьня волі і штраф памерам 800 тысяч рублёў. Дзьмітрыю Касінцаву, у чыёй кватэры затрымалі Трэпаву, прысудзілі адзін год і дзевяць месяцаў калёніі агульнага рэжыму.

Трэпаву прызналі вінаватай у зьдзяйсьненьні тэракту, незаконным абароце выбуховых рэчываў і падробцы дакумэнтаў. Віну па апошнім абвінавачаньні яна прызнала.

Падчас апошняга слуханьня Дарʼя Трэпава дала паказаньні і казала, што арганізатары выбуху выкарыстоўвалі яе «ўсьляпую»: дзяўчына сьцьвярджае, што да апошняга ня ведала, што статуэтка — з выбухоўкай. Яна думала, што несла «ваенкару» схаваную прыладу для праслухоўваньня, настойвае Трэпава.

Татарскі загінуў 2 красавіка 2023 году падчас выбуху на сваім «творчым вечары» ў Пецярбургу ў кавярні Street Food Bar №1.

Па вэрсіі абвінавачваньня, Трэпава ведала, што нясе ў кавярню выбуховае прыстасаваньне, а пасьля тэракту рыхтавалася схавацца. Тэракт нібыта арганізаваў грамадзянін Украіны Юры Дзянісаў, ён абвешчаны ў Расеі ў вышук, а нібыта кіраваў дзеяньнямі Трэпавай Раман Папкоў — публіцыст, былы лідэр маскоўскага аддзяленьня партыі НБП, які цяпер жыве ў Кіеве. Папкова расейскія ўлады таксама абвясьцілі ў вышук і ўнесьлі ў рэестар тэрарыстаў і экстрэмістаў. Па вэрсіі сьледзтва, ад яго «з крыптавалютнага кашалька» Трэпава нібыта атрымала 132 тысячы рублёў.

Дарʼя Трэпава не адмаўляе свайго знаёмства з Папковым, але кажа, што той абяцаў ёй дапамагчы пераехаць ва Ўкраіну, працаваць там журналістам і быць валянтэрам. Па словах падсуднай, яна была ўпэўненая, што дапамагае здабыць зьвесткі пра Татарскага, зь якім яна пазнаёмілася асабіста, — і гэта не супярэчыла яе пазыцыі, таму што яна была супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну і спачувала ўкраінцам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG