Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін паабяцаў знайсьці «комплексны падыход» для выплат па эўрабондах


Міністэрства фінансаў Беларусі адрэагавала на ліст расейскіх уладальнікаў беларускіх эўрабондаў, якія не выключаюць зварот у суд, і паабяцала выпрацаваць комплексны падыход.

Пра гэта піша выданьне Reformby.

Мінфін заяўляе, што ў студзені працягвае выплаты трымальнікам эўрабондаў праз «Нацыянальны разьліковы дэпазытарый».

«Міністэрства фінансаў інфармуе аб працягу ў студзені бягучага году працы па ажыцьцяўленьні выплат трымальнікам эўрааблігацый, якія ўлічваюцца ў расейскай дэпазытарнай сыстэме. Разьлікі ажыцьцяўляюцца ў рамках дамовы, заключанай з „Нацыянальным разьліковым дэпазытарыям“, на карысьць трымальнікаў, якія прайшлі неабходныя працэдуры вэрыфікацыі і ўказаных у прадстаўленых дэпазытарыям. Выплаты праводзяцца згодна з пастановай Савета Міністраў і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 26 верасьня 2022 года ў адпаведнасьці з выпрацаванымі з расейскім бокам падыходамі», — гаворыцца ў прэсавы рэлізе Мінфіна. Гэтая пастанова прадугледжвае выплаты ў беларускіх рублях.

Міністэрства заяўляе, што ў існуючай сытуацыі вінаватыя санкцыі і той факт, што эўрааблігацыі Беларусі захоўваюцца за межамі беларускай дэпазытарнай сыстэмы. Мінфін абяцае вырашыць пытаньне з выкананьнем абавязацельстваў.

«Падыход да выкананьня абавязацельстваў перад іншымі катэгорыямі трымальнікаў эўрааблігацый будзе выпрацаваны комплексна з улікам абагульнення практыкі збору дакумэнтаў і пералічэньня грашовых сродкаў праз „Нацыянальны разьліковы дэпазытарый“. Неабходнасьць увядзеньня мэханізмаў выкананьня абавязацельстваў па эўрааблігацыях, адрозных ад працэдур, замацаваных у эмісійнай дакумэнтацыі, абумоўлена аднабаковай адмовай заходніх інфраструктурных арганізацый ад выкананьня сваіх функцый. Санкцыйны ціск, пад уплывам якога аказаліся расейская і беларуская інфраструктура, пагаршаецца тым, што захоўваньне эўрааблігацый Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца за межамі беларускай дэпазытарнай сыстэмы», — заяўляе Мінфін.

  • Група ўладальнікаў беларускіх эўрабондаў (восем фізычных асобаў і пяць кампаній), якая валодае аблігацыямі на агульную суму 178 млн даляраў, накіравала Менску апавяшчэньне аб дэфолце. Калі Беларусь не пагасіць абавязацельствы, расейскія інвэстары плянуюць пачаць разьбіральніцтва ў трацейскім судзе Лёндану.
  • Як піша РБК, размова аб васьмі фізычных асобах і пяці кампаніях, якія трымаюць каштоўныя паперы выпускаў Belarus 2023, Belarus 2026, Belarus 2027, Belarus 2030 і Belarus 2031 на суму 178 млн даляраў ЗША.
  • «Дэфолт Рэспублікі Беларусь па названых вышэй эўрааблігацыях стаў вынікам невыкананьня Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сваіх абавязаньняў у пагашэньні названых вышэй эўрааблігацый і/або выплаце працэнтных купонаў па іх», — гаворыцца ў апавяшчэньні.
  • Прамыя выплаты па беларускіх дзяржаблігацыях на адрас расейскіх інвэстараў прыпыненыя з 2022 года, але ў канцы 2023-га пачаліся выплаты ў адрас расейскіх інвэстараў паводле новага мэханізму. Гэтыя выплаты будуць праведзены толькі па выпуску бондаў Belarus 2023 і толькі на адрас трымальнікаў, якія набылі паперы да 6 верасьня 2022 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG