Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загаварыў пра цэнзуру для дзяцей у інтэрнэце. Як гэта працуе і чаго можна чакаць


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Падрабязнасьці новаўвядзеньняў пакуль не вядомыя. Па словах экспэрта, спробы цэнзураваць інтэрнэт могуць дорага каштаваць дзяржаўнаму бюджэту.

Дадатковыя захады ў блякаваньні інтэрнэт-рэсурсаў распрацоўваюцца ў Беларусі. Такую заяву Лукашэнка зрабіў падчас візыту на завод «БелДжы». Сказаў ён гэта, адказваючы на заўвагу аднаго з рабочых аб тым, што ягоныя дзеці ўвесь час сядзяць у інтэрнэце.

«Я не вельмі вялікі адмысловец у кампутарнай справе і гэтак далей, але мяне неяк нядаўна паінфармавалі аб тым, што дадатковыя меры прымаюцца для блякаваньня такіх сайтаў і такой інфармацыі, якая нашым дзецям наогул не павінна быць даступная», — сказаў Лукашэнка.

Яшчэ раней, у сакавіку мінулага году, пра такія захады гаварыў намесьнік генпракурора Аляксей Стук. Вялося пра сыстэму дзяржаўнага кантролю за знаходжаньнем дзяцей у інтэрнэце. Глядзім, як можа працаваць такая сыстэма.

«Абмежаваньні для дзяцей у інтэрнэце і так існуюць»

Цэнзура для дзяцей у інтэрнэце ўжо існуе. Як у выглядзе бацькоўскага кантролю, так і ў выглядзе ацэнкі кантэнту. Пра гэта гаворыць прадстаўнік арганізацыі Human Constanta, які пракамэнтаваў сытуацыю для Свабоды на ўмовах ананімнасьці.

«Ёсьць некалькі мадэляў, каб кантраляваць непажаданую інфармацыю для дзяцей у інтэрнэце. Ёсьць пазначэньне інфармацыйнай прадукцыі адпаведна ўзросту. Так можна пабачыць, на якую ўзроставую аўдыторыю яна разьлічаная. Аднак адмыслоўцы сходзяцца ў думцы, што чым бліжэй да карыстальніка крыніца цэнзуры, тым лепш яна працуе. Такія інструмэнты робяцца на ўзроўні прыладаў, на ўзроўні праграм. Ёсьць дадатковыя праграмы, якія дазваляюць гэта рабіць. Ёсьць сэрвісы ад апэратараў сувязі, каб гэта рабіць», — тлумачыць суразмоўца.

Такім чынам, бацькі могуць паставіць на прыладу (смартфон ці кампутар) праграмнае абсталяваньне, якое будзе фільтраваць кантэнт для дзіцяці. Таксама такую паслугу можна замовіць у пастаўшчыка інтэрнэт-паслуг, то бок у правайдэра.

А вось ідэя кантролю на ўзроўні дзяржавы за інтэрнэтам сярод непаўналетніх ня мае добрых прыкладаў, сьцьвярджае экспэрт.

«Цяжка фільтраваць інфармацыю ў мэсэнджарах ці сацыяльных сетках, але такія мэханізмы зьяўляюцца. Я ня чуў добрых прыкладаў цэнзуры інтэрнэту для дзяцей на ўзроўні дзяржавы. Калі пра такое кажуць, то наступным этапам прыходзіць разьвіцьцё цэнзуры», — гаворыць спэцыяліст.

Ці можа дзяржава ў Беларусі яшчэ больш закрыць інтэрнэт?

У Беларусі няма сродкаў на свой інтэрнэт, як у кітайцаў, тлумачыць экспэрт.

«Гэта дарагое задавальненьне. Там, апроч інфраструктуры, трэба ствараць свае ўнутраныя дарагія прадукты: сеткі, відэагостынгі, мэсэнджары. Каб людзі ня марылі пра свой Google, YouTube ды іншае. Небясьпека ёсьць у ідэі расейскага інтэрнэту. Калі Беларусь увойдзе ў гэтую прастору, то такая мадэль будзе небясьпечнай. Аднак нават у расейскіх экспэртаў няма веры ў тое, што можна замясьціць увесь заходні кантэнт і тэхналёгіі. Паўночнакарэйскі закрыты інтэрнэт з дазволеным наборам старонак — гэта таксама варыянт. Але Беларусь не Паўночная Карэя па тым, як там працуе эканоміка», — даводзіць суразмоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG