Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея навучылася ў Лукашэнкі душыць як мага больш жорстка». Экспэрт аб пратэстах у Башкартастане


Каляж: пратэст у Башкартастане; дырэктар татарска-башкірскай службы Радыё Свабода Рым Гільфанаў
Каляж: пратэст у Башкартастане; дырэктар татарска-башкірскай службы Радыё Свабода Рым Гільфанаў

У Башкартастане — рэспубліцы ў складзе Расейскай Фэдэрацыі — некалькі дзён працягваюцца акцыі пратэсту, пасьля таго як там на 4 гады зьняволеньня асудзілі актывіста Фаіля Алсынава. Ці можна назваць гэтыя пратэсты праявай нацыянальнага руху і ці ёсьць нейкія паралелі з сытуацыяй у Беларусі — пра гэта гаворыць дырэктар татарска-башкірскай службы Радыё Свабода Рым Гільфанаў.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Фрагмэнты гутаркі:

  • Гэта першыя такія пратэсты ад пачатку маштабнай вайны ва Ўкраіне. Але ў жніўні 2020 году былі і яшчэ больш маштабныя пратэсты, і сутыкненьні зь сілавікамі, калі жыхары Башкартастану выйшлі на абарону гары Куштаў. Мясцовая кампанія хацела здабываць там соду, і адну з чатырох такіх рэліктавых гор ужо літаральна «зьелі». Але гэтая гара — фактычна сьвятыня для башкіраў. Тады ўлады былі вымушаныя адступіць.
  • Фаіль Алсынаў пачынаў як актывіст моладзевага нацыянальнага руху, быў кіраўніком некалькіх арганізацый, у тым ліку «Башкорт». Яе забаранілі, калі да ўлады прыйшоў цяперашні кіраўнік Башкартастану Радзій Хабіраў. Фаіль працягваў сваю барацьбу як экалягічны актывіст, бо іншых магчымасьцяў у сёньняшняй Расеі практычна не засталося. Нацыянальным і рэлігійным актывістам адразу пагражае турма. Пры гэтым у Башкартастане кепская экалягічная сытуацыя, а ўлады гэтым практычна не займаюцца.
  • Паралель зь Беларусьсю ў тым, што расейская ўлада пераняла для сябе той досьвед, каб найбольш жорстка душыць парасткі пратэстаў. Каб зьнішчыць у людзей любое жаданьне выходзіць на вуліцы і падымаць голас у сваю абарону. Расейская ўлада дзейнічае як Лукашэнка ў 2020 годзе.
  • У панядзелак быў мітынг, бо меліся абвясьціць прысуд, але прысуд перанесьлі на два дні. На першым мітынгу людзі ўвогуле заклікалі зьвяртацца да Пуціна, быццам ён нічога ня ведае пра сытуацыю. Але калі людзі пабачылі, што да іх не прыслухоўваюцца, тады ўжо стала гучаць пытаньне пра больш свабодны статус Башкартастану.
  • Пры гэтым я ня чуў, каб людзі патрабавалі поўнай незалежнасьці. Калі кіраўнік Башкартастану Радзій Хабіраў кажа, што пратэстоўцы заклікаюць да аддзяленьня ад Расеі, ён падагравае сытуацыю, каб абвінаваціць Фаіля Алсынава і здабыць большую падтрымку цэнтральнай улады, палохаючы нацыяналізмам і сэпаратызмам.
  • Расейскія ўлады спрабуюць як найбольш маргіналізаваць нацыянальныя рухі. Актывістаў альбо пасадзілі, альбо прымусілі эміграваць. Напрыклад, асьветніцкую арганізацыю «Татарскі грамадзкі цэнтар» абвясьцілі экстрэмісцкай. Фармальна Расея — гэта шматнацыянальная фэдэрацыя, але фактычна падмуркам палітыкі выбралі татальную русыфікацыю. Асноўны ўдар прыпадае менавіта на мову.
  • Улады Расеі хочуць, каб маладое пакаленьне ставілася да нацыянальнай мовы як да нечага, чым можна парадаваць бабулю ў вёсцы, і на гэтым усё. Практычна ўсе сучасныя мэдыя — расейскамоўныя.
  • Цяпер нацыянальныя рухі ў цяжкім стане. Але з гісторыі іншых краін мы ведаем, што рэпрэсіямі пачуцьці не задушыш. Пад рэпрэсіямі можа выпрацавацца імунітэт самазахаваньня. У такіх народаў, як башкірскі і татарскі, была, ёсьць і будзе нацыянальная памяць. Таму будучыня можа быць зусім іншай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG