Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У студзені камунальныя аварыі адбыліся ў палове рэгіёнаў Расеі


Жыхары падмаскоўнага Падольску церпяць ад холаду
Жыхары падмаскоўнага Падольску церпяць ад холаду

Аварыі з адключэньнем цяпла былі і ў Беларусі.

З пачатку году як мінімум у 43 рэгіёнах Расеі адбыліся буйныя камунальныя аварыі, падлічыла расейскае выданьне «7×7».

Найбольш рэзананснай стала аварыя ў падмаскоўным Падольску: у марозныя дні больш за 170 шматкватэрных дамоў і муніцыпальных устаноў засталіся без ацяпленьня і гарачай вады з прычыны прарываў на цеплатрасе. Цеплазабесьпячэньне не маглі цалкам аднавіць больш за тыдзень. Па факце аварыі заведзена крымінальная справа, трое падазраваных адпраўленыя ў СІЗА, у тым ліку начальнік кацельні.

У адзін дзень, 11 студзеня, прарывы цеплатрас здарыліся ў Новасібірску, Саратаве і Валгаградзе — без ацяпленьня засталіся дзясяткі тысяч чалавек. Жыхарам Новасібірску давялося правесьці ў неацепленых кватэрах некалькі дзён пры дваццаціградусным марозе за акном.

Тая ж сытуацыя адбылася ў Ліпецку: больш як у 300 дамах адключылі ацяпленьне праз прарывы на цеплатрасе. Пасьля аднаўленьня цеплазабесьпячэньня ў адным з дамоў прарвала трубу — і яго жыхары зноў пазбавіліся цяпла.

У Петразаводску, ня справіўшыся зь зімовым надвор’ем, звольнілася ўсё кіраўніцтва камітэта ЖКГ. Праз маразы больш за сотню дамоў у горадзе засталіся без вады, аварыйны дом — яшчэ і без ацяпленьня. У будынку мэрыі лопнулі трубы — чыноўнікам прыйшлося працаваць у паліто і шапках. Акрамя таго, гараджане крытыкавалі ўлады за дрэннае прыбіраньне сьнегу на дарогах.

Тыдзень таму жыхары Махачкалы 11-ы раз перакрылі вуліцу з прычыны рэгулярнага адключэньня электрычнасьці. Напярэдадні ў мароз яны на цэлы дзень засталіся безь цяпла, вады і сьвятла.

Па падліках «Агенцтва», гэтай зімой без ацяпленьня ў Расеі засталося ўдвая больш дамоў, чым летась, а колькасьць камунальных аварый вырасла на 32%, да 94.

Аварыі ў Беларусі

Аварыі з адключэньнем цяпла былі і ў Беларусі.

5 студзеня 37 шматкватэрных дамоў у Рагачове правялі ноч безь цяпла пры мінус 15.

9 студзеня ў горадзе Бярэзані Менскай вобласьці дзясяткі жылых дамоў больш за дзень былі без вады, у Менску адзін мікрараён — без ацяпленьня.

9 студзеня ў часе плянавага агляду цеплавых сетак у мікрараёне Малінаўка ў Менску выявілі выцек цепланосьбіту. У выніку 10 студзеня без ацяпленьня і гарачай вады засталося больш за 100 шматпавярховых дамоў па вуліцах Громава, Ясеніна, Рафіева і Слабадзкой, звыш 10 дзіцячых садкоў, 5 школаў, некалькі крамаў і аздараўленчы комплекс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG