Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены на алькагольным рынку: у беларускіх крамах Duty Free адменяць дзяржаўную манаполію


Крама Duty Free
Крама Duty Free

Дзяржаўная манаполія ў крамах Duty Free ў Беларусі адмяняецца. Цяпер гандляваць там змогуць і іншыя кампаніі, вынікае з афіцыйна апублікаванага закону № 345-3.

Для прыватнікаў пашырацца магчымасьці ўвозу і продажу замежнага алькаголю. Цяпер гэтым займаецца дзяржаўная кампанія «Дыпмаркет» з сыстэмы Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, а таксама тры прыватныя кампаніі: «Белмаркет Duty Free» і «Беламаркет Хелена Валеры», у якіх ёсьць прыватны капітал і доля «Дыпсэрвісу», а таксама «МаркетЛіга», якую заснавалі «Белмытсэрвіс» і «Прэзыдэнцкі спартовы клюб».

Новыя правілы дазволяць працаваць у гэтай сфэры ўсім фірмам, у якіх статутны фонд складае ня менш як 24 тысячы базавых велічынь (960 тысяч рублёў, або прыкладна 300 тысяч даляраў).

Крамы Duty Free маюць права не выконваць патрабаваньні па дзяржаўным рэгуляваньні цэнаў.

Акрамя таго, уводзяцца паслабленьні на імпарт алькагольных напояў. Так, выключнае права дзяржавы ня будзе распаўсюджвацца на ўвоз алькаголю для перапрацоўкі, але імпартаваць алькаголь для гэтых мэтаў можна ў ёмістасьцях аб'ёмам ня больш як 2 літры.

  • З прыходам да ўлады Лукашэнкі вытворчасьць гарэлкі ў Беларусі вырасла на 23%. Вытворчасьць вінаграднага віна за гэты час вырасла ў 4,6 раза. Вытворчасьць піва за 27 гадоў вырасла ўтрая.
  • У 1996 годзе Беларусь у «алькагольным рэйтынгу» Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя была на 42-м месцы. Ужо праз 20 год — на другім, а сёлета Беларусь фігуруе на першым месцы. Кожны беларус выпівае за год 14,4 літра.
  • Алькагольная прадукцыя — адзіная катэгорыя тавараў, цэны на якую дзяржава спрабавала стрымліваць доўгі час. Аднак з прычыны росту акцызных ставак зь леташняга красавіка ў Беларусі павысіліся цэны на этылавы сьпірт, моцную алькагольную прадукцыю, слабаалькагольныя напоі, а таксама пладова-ягадныя віны.
  • Дасьледаваньне Свабоды, як беларуская ўлада будавала алькагольную імпэрыю, глядзіце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG