Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў у сіле сьмяротны вырак жыхару Слуцку


У Вярхоўны суд Беларусі. Архіўнае фота
У Вярхоўны суд Беларусі. Архіўнае фота

У Вярхоўным судзе 9 студзеня разгледзелі апэляцыйныя скаргі асуджанага да сьмяротнага пакараньня случака Аляксандра Таратуты і ягонай жонкі грамадзянкі Расеі Анастасіі, якіх раней прызналі вінаватымі ў забойстве іх трохгадовага дзіцяці.

Мужчыну на суд прывезьлі, жанчыну — не, піша «Вясна».

Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Сяргея Гурава пакінула апэляцыйныя скаргі без задавальненьня, а прысуд Менскага абласнога суду — у сіле. Аляксандра Таратуту чакае расстрэл, ягоную жонку Анастасію — 25 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Прысуд набыў сілу.

Паводле матэрыялаў справы, якую першапачаткова разглядаў Менскі абласны суд, 14 студзеня 2023 году Анастасія і Аляксандар Таратуты да сьмерці пабілі свайго трохгадовага сына Сямёна. Непасрэдна перад сьмерцю хлопчыку нанесьлі 9 удараў, 7 зь іх па галаве. У выніку дзіцяці была нанесеная закрытая чэрапна-мазгавая траўма, якая стала прычынай кровазьліцьця пад мазгавыя абалонкі, ускладненага ацёкам галаўнога і сьпіннога мозгу.

Падчас судовага працэсу праваабаронцы паведамлялі пра катаваньні і ціск на абвінавачаных. Паводле іхнай інфармацыі, падчас аднаго з судовых пасяджэньняў стала вядома, што абвінавачаныя падавалі заяву на ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі за ўжываньне да іх фізычнага гвалту і ціску. У завядзеньні крымінальнай справы адмовілі. Да матэрыялаў справы далучылі пастанову аб адмове.

Як расказала праваабаронцам «Вясны» былая сукамэрніца Анастасіі Таратуты, пасьля затрыманьня ў слуцкім аддзеле Сьледчага камітэту яе білі аголеным электрапровадам з патрабаваньнем даць прызнальныя паказаньні.

Беларусь — апошняя краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе сьмяротнае пакараньне. За гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш як 300 сьмяротных прысудаў. Нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў, такі від прысуду дагэтуль распаўсюджаны.

У 1971 годзе рэзалюцыя ААН стала першым крокам да ўсеагульнай адмены сьмяротнага пакараньня. На сёньня агульная колькасьць дзяржаваў, якія адмянілі сьмяротнае пакараньне заканадаўча ці не прымяняюць яго на практыцы, складае 140 з 192.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG