Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі самы малады прэм’ер-міністар — Габрыель Аталь, першы адкрыты гей на пасадзе


Прэзыдэнт Францыі Франсуа Макрон і новы прэм'ер Габрыэль Аталь
Прэзыдэнт Францыі Франсуа Макрон і новы прэм'ер Габрыэль Аталь

Прэзыдэнт Эманюэль Макрон імкнецца абнавіць сваю палітыку на рэшту тэрміну, тым часам як крайнія правыя ціснуць мацней.

Габрыель Аталь стаў у аўторак самым маладым прэм’ер-міністрам Францыі.

Аб прызначэньні офіс Макрона абвясьціў у адмысловай заяве. 34-гадовы Аталь вядомы як прэс-сакратар ураду і міністар адукацыі. Як піша агенцтва AP, ён першы адкрыты гей, які стаў прэмʼер-міністрам Францыі.

Яго папярэдніца Элізабэт Борн пайшла ў адстаўку ў панядзелак пасьля нядаўніх палітычных узрушэньняў вакол закону аб іміграцыі, які дае ўраду больш магчымасьцяў дэпартаваць іншаземцаў.

Макрон, які быў самым маладым прэзыдэнтам Францыі, калі прыйшоў да ўлады ў 2017 годзе, павінен разам з Аталем сфармаваць новы ўрад у найбліжэйшыя дні, хоць чакаецца, што некаторыя ключавыя міністры застануцца на сваіх пасадах.

46-гадовы прэзыдэнт Макрон пасунуўся ў пытаньнях бясьпекі і міграцыі ўправа, хоць у 2017 годзе прыйшоў да ўлады на цэнтрысцкай плятформе, выступаючы за падтрымку прадпрымальніцтва. Тым часам ягоная ўльтраправая суперніца Марын Лё Пэн і яе антыіміграцыйны і антыісламскі Нацыянальны фронт пашырылі свой палітычны ўплыў.

Аталь, былы сябра Сацыялістычнай партыі, далучыўся да нядаўна створанага палітычнага руху Макрона ў 2016 годзе і быў прэс-сакратаром ураду з 2020-га па 2022 год — гэтая праца зрабіла яго вядомым францускай грамадзкасьці. Затым яго прызначылі міністрам бюджэту, а ў ліпені — міністрам адукацыі, гэта адна з самых прэстыжных пасад ва ўрадзе Францыі.

Ужо зь верасьня, калі пачаўся новы навучальны год, Аталь забараніў школьніцам насіць доўгія сукні. Ён заявіў, што такое адзеньне, якое носяць пераважна мусульмане, гэта выпрабаваньне для сьвецкага характару школаў.

Ён таксама ўвёў у парадку экспэрымэнту ўніформу ў некаторых дзяржаўных школах — дзеля таго, каб не прыцягваць увагі да адзеньня і зьменшыць зьдзекі адных вучняў над іншымі.

Нядаўна Аталь падрабязна расказаў на нацыянальнай тэлевізіі TF1 пра тое, як ён цярпеў зьдзекі ў сярэдняй школе, у тым ліку гамафобнае цкаваньне.
Францускія апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што ва ўрадзе Борн ён быў самым папулярным міністрам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG