Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кошт адвагі і любові да радзімы», «Ня трэба цкаваць», «Парвіце пашпарт». Як у сеціве па-рознаму рэагуюць на затрыманьне музыкаў Nizkiz


Гурт Nizkiz. Архіўнае фота
Гурт Nizkiz. Архіўнае фота

У сацсетках актыўна абмяркоўваюць затрыманьне музыкаў гурту Nizkiz — ад словаў падтрымкі, шкадаваньня да неразуменьня, чаму музыкі, ведаючы на небясьпеку, не зьяжджалі зь Беларусі і выяжджалі на канцэрты за мяжу.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Аліна Коўшык вызначыла гэта як «кошт адвагі і любові да радзімы. Затрымалі ўдзельнікаў гурта Nizkiz. Музыкі пасьля падзеяў 2020 года засталіся ў Беларусі, але выяжджалі на гастролі».

Мэдыя-актывіст Юры Сідун зьвяртае ўвагу на тое, пра што музыкі казалі на канцэртах за мяжой:

«У Варшаве гурт заўжды, напрыклад, са сцэны агучваў, што ім яшчэ вяртацца ў Беларусь. Але пры гэтым выконваў свае сьмелыя песьні. Хлопцы ціха жылі там увесь гэты час. Гэта было іх сьвядомае рашэньне. Прыяжджалі толькі на канцэрты. Толькі Лёня зьехаў (гітарыст Леанід Несьцярук - РC). Але спадзяюся ён распавядзе публічна цяпер пра тое, як ня змог атрымаць гуманітарную візу ад польскай амбасады, бо мае «недастаткова падставаў для небясьпекі».

Ня трэба цкаваць цяпер гурт Nizkiz за сьмеласьць у 2020 і за тое, што засталіся. Проста расплюшчыце вочы. У Беларусі застаецца вельмі шмат людзей, якія публічна выступалі і выказваліся. У іх розныя падставы не зьяжджаць з краіны. Дарэчы, Лёня шукае працу ў Варшаве. Замест таго, каб крытыкаваць хлопцаў, якіх затрымалі, можа нехта прапануе працу цудоўнаму гітарысту?»

Муж палітзьняволенай Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш крытычна выказаўся пра тых, хто публічна асуджаў музыкаў за тое, што яны ня зьехалі:

«Проста зачараваны камэнтарамі ў духу „навошта“, „фэерычныя“, „не зьбяднее зямля“ (і гэта самыя мяккія фармулёўкі) наконт затрыманьня музыкаў Nizkiz, якія заставаліся ў Беларусі нягледзячы ні на што. Мне вось цікава, а людзі, якія падобнае пішуць, увогуле разумеюць, наколькі гэтыя словы сугучныя пытаньню „яно таго каштавала?“, якое многія палітвязьні пачынаючы з 2020 года чулі ад сваіх турэмшчыкаў? Зрэшты, чаго гэта я. Вы ж абясцэньваеце чужы выбар проста для таго, каб не сумнявацца ва ўласным. Практычна і зручна. Схема працуе па абодва бакі барыкадаў».

Дыплямат Павал Сьлюнкін дасылае музыкам словы падтрымкі:

«У сытуацыі з хлопцамі ня варта ўзрушацца пытаньнямі „навошта?!“ ці „дзеля чаго?!“. Гісторыя чалавецтва шмат разоў даводзіла, што рацыянальны выбар не заўсёды самы правільны. Адзінае, на што я спадзяюся, што гэта сапраўды быў іх выбар, а не пустая надзея на цуд. Трымайцеся! Любоў мацней нянавісьці».

Аляксей Лявончык, кіраўнік BY_help, лічыць, што галоўнае — правільна расстаўляць прыярытэты.

«Пасадзіла Nizkiz ня іхная пастава да паездак празь мяжу, а рэжым. Як і дзясяткі тых, каго штодзень арыштоўваюць у Беларусі. У людзей ёсьць сотні прычын не пакідаць Беларусь. Зьехала паўмільёна, засталося дзевяць. Нават былыя палітвязьні, каторыя штодзень рызыкуюць паўторным арыштам, далёка не заўсёды выяжджаць. Менавіта таму мы ў BY_help і разьвіваем праграму рэабілітацыі былым палітычным унутры краіны. Іх настолькі шмат, што мы пакуль пакрывае ня больш за 1/3 патрэбы. Мо ў 2024 удасца дацягнуць да большага...»

Юрыст Міхаіл Кірылюк выступае з наступнай прапановай, каб запабегнуць падобных затрыманьняў:

«Ня думаў, што давядзецца пісаць падобную інструкцыю. Гэта выходзіць за рамкі рэкамэндацый, якія звычайна публічна даюць юрысты, але сытуацыя незвычайная. Музыкі гурта Nizkiz, аказваецца, у 2024 годзе працягвалі жыць у Беларусі... Цяпер яны ў турме, іх ужо паказалі прапагандысцкія каналы. Музыкі Тор Банд у падобнай сытуацыі атрымалі ад 7.5 да 9 гадоў калёніі, і пэрспэктывы Сяргея Кульшы, Дзьмітрыя Халяўкіна і Аляксандра Ільіна ў сувязі з гэтым выглядаюць даволі змрочна. І ў мяне няма пытаньняў да музыкаў, як да ахвяраў рэпрэсій. Але ў мяне ёсьць прапановы блізкім сябрам і калегам тых людзей, якія валодаючы вядомасьцю, супастаўнай з Nizkiz, працягваюць уяжджаць у Беларусь (ці не выяжджаць зь яе). Калі вы бачыце, што нехта з падобных людзей зьбіраецца ўяжджаць у Беларусь — папрасіце паглядзець фота на іх пашпарце. А калі ён патрапіць вам у рукі — проста парвіце яго. Забудзьцеся пра свабоду выбару і правы асобы... У нас крытычна мала людзей. Катастрафічна мала тых, хто можа нешта ствараць на волі. І мы працягваем губляць іх кожны дзень...».

  • Пра затрыманьне музыкаў магілёўскага гурта Nizkiz паведамілі 6 студзеня ў прапагандысцкім сюжэце на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 4 Магілёў».
  • Паводле тэлеканалу, затрыманыя трое з чатырох удзельнікаў гурта Nizkiz: вакаліст і аўтар песень Аляксандар Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Зьміцер Халяўкін. Пра чацьвёртага ўдзельніка гурту — гітарыста Леаніда Несьцярука — інфармацыі няма.
  • У сюжэце гаворыцца, што музыкі «пакінулі Беларусь пасьля падзеяў 2020 году, але вырашылі вярнуцца», і іх затрымалі пасьля вяртаньня на радзіму. Тым часам «Вясна» паведамляе, што паводле інфармацыі праваабаронцаў, удзельнікі гурту Nizkiz не зьяжджалі зь Беларусі пасьля 2020-га, як сьцьвярджаюць прапагандысты: яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выяжджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.
  • Як вынікае з кадраў відэасюжэту, музыкаў затрымлівалі даволі жорстка, з удзелам АМАПу. На вакаліста Аляксандра Ільіна надзелі кайданкі наўпрост у ложку.
  • Таксама ў сюжэце паказалі ўрыўкі з кліпу музыкаў «Правілы», дзе ёсьць кадры з пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі, і «пакаяльныя відэа» з затрыманымі ўдзельнікамі гурту.
  • Ці завялі на музыкаў Nizkiz крымінальную справу і які цяпер іх працэсуальны стутус, не паведамляецца.
  • Гурт Nizkiz выпусьціў кліп на песьню «Правілы», зьняты падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, у кастрычніку 2020 году. У ім зьняліся ўдзельнікі гуртоў «Петля пристрастия», Naviband, Louna, «Бez обмежень», «Дай дарогу!», «Порнофильмы», «Разьбітае сэрца пацана», опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук, акторы Купалаўскага і Свабоднага тэатраў, валянтэры Акрэсьціна, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША і Вялікай Брытаніі. Цяпер кліп недаступны на Youtube.
  • Кліп «Правілы» стаў адным з сымбаляў пратэсту 2020-2021 гадоў.
  • Гурт Nizkiz існуе з 2008 году, выпусьціў 5 альбомаў. У 2012 годзе атрымаў тры прэміі ў намінацыі «Дэбют году». У рэпэртуары — кампазыцыі на беларускай і расейскай мовах.б
  • 31 кастрычніка музыкам рагачоўскага Tor Band, яшчэ аднаго беларускага гурта, песьні якога сталі сымбалямі пратэстаў 2020 году, прысудзілі ад 7,5 да 9 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG