Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ тры лідэры сэрбскай апазыцыі спынілі галадоўку пасьля паўзы ў пратэстах


Сэрбская апазыцыйнэрка Марыніка Тэпіч
Сэрбская апазыцыйнэрка Марыніка Тэпіч

Палітыкі, зьвязаныя з праэўрапейскай кааліцыяй «Сэрбія супраць гвалту», спынілі галадоўку, якую распачалі з патрабаваньнем скасаваньня ўсеагульных выбараў, што прайшлі ў краіне ў сьнежні.

Афіцыйныя асобы 31 сьнежня пацьвердзілі, што Марыніка Тэпіч, Елена Мілошавіч і Бранка Мілюш спынілі галадоўку прыкладна праз 12 дзён пасьля пачатку, далучыўшыся да Янка Вэсэлінавіча і Даніелы Груіч, членаў парлямэнту, якія абвясьцілі аб спыненьні галадоўкі 28 сьнежня, пасьля парады лекараў.

У дадатак да галадовак прыхільнікі праэўрапейскай апазыцыі і студэнцкія групы праводзяць штодзённыя акцыі пратэсту ў Бялградзе з наступнага дня пасьля выбараў 17 сьнежня. Яны патрабуюць скасаваньня вынікаў парлямэнцкіх і мясцовых выбараў па ўсёй Сэрбіі, заяўляючы аб фальсыфікацыі пасьля таго, як кіроўная Сэрбская прагрэсіўная партыя (SNS) прэзыдэнта Аляксандра Вучыча была абвешчана пераможцай, піша Балканская служба Радыё Свабода.

Прадстаўнікі апазыцыі заявілі, што штодзённыя акцыі пратэсту, якія адбываліся 13 дзён запар, будуць прыпыненыя; некаторыя заяўляюць, што далейшыя буйныя дэманстрацыі адбудуцца ў пэўныя даты.

Тэпіч, вядучая постаць у арганізацыі «Сэрбія супраць гвалту», пачала галадаваць 18 сьнежня. 25 сьнежня, пасьля пагаршэньня стану здароўя, ёй увялі ўнутравенныя кроплі. Яна паабяцала працягваць галадоўку, але пазьней заявіла, што праблемы са здароўем прымушаюць спыніць яе.

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч і палітыкі SNS адмаўляюць абвінавачваньні ў фальсыфікацыях і куплі галасоў, заяўляючы, што выбары прайшлі ў дэмакратычнай атмасфэры. Нацыянальная выбарчая камісія Сэрбіі 29 сьнежня адхіліла заклік апазыцыйнай кааліцыі ануляваць галасаваньне.

Многія заходнія назіральнікі выказваюць заклапочанасьць з нагоды пагаршэньня палітычных правоў і грамадзянскіх свабод у Сэрбіі і ўзмацненьня ціску ўраду на незалежныя СМІ.

Вучыч спрабаваў падтрымліваць добрыя стасункі з Масквой пры тым, што Сэрбія імкнецца да больш цесных сувязяў з Эўрапейскім зьвязам. Сэрбія не далучылася да санкцый супраць Расеі за яе паўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну.

Масква абвінаваціла ў арганізацыі пратэстаў у Бялградзе Захад, не прадставіўшы ніякіх доказаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG