Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: Урад Індыі шпіёніць за вядучымі журналістамі праз праграмнае забесьпячэньне на тэлефонах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Электронныя прылады рэпартэраў сталі цэльлю для ўраду Дэлі.

Amnesty International і The Washington Post заявілі пра гэта ў сумесным расьсьледаваньні, апублікаваным у чацьвер. Створанае ізраільскай фірмай NSO Group і прададзенае ўрадам па ўсім сьвеце праграмнае забесьпячэньне Pegasus можа выкарыстоўвацца для доступу да паведамленьняў і электроннай пошты тэлефона, прагляду фатаздымкаў, праслухоўваньня званкоў, адсочваньня месцазнаходжаньня і нават здымаць уладальніка на камэру.

Amnesty заявіла, што журналісты Сідхарт Варадараджан з The Wire і Ананд Мангнале з The Organized Crime and Corruption Reporting Project сталі мішэньню шпіёнскага ПЗ на сваіх iPhone, прычым апошні выяўлены выпадак адбыўся ў кастрычніку.

«Нашы апошнія высновы паказваюць, што журналісты ў Індыі ўсё часьцей сутыкаюцца з пагрозай незаконнага сачэньня проста за тое, што яны выконваюць сваю працу, разам зь іншымі інструмэнтамі рэпрэсій, уключаючы турэмнае зьняволеньне паводле драконаўскіх законаў, паклёпніцкія кампаніі, перасьлед і запалохваньне», — сказаў Донча О Сірбхаіл, кіраўнік аддзелу Лябараторыі бясьпекі Amnesty International.

Урад Індыі не адрэагаваў на закіды адразу, але ў 2021 годзе ён ужо адхіляў падобныя абвінавачаньні ў выкарыстаньні шпіёнскага ПЗ Pegasus для сачэньня за палітычнымі апанэнтамі, грамадзкімі актывістамі і журналістамі.

У мінулым месяцы індыйскія СМІ паведамілі, што падразьдзяленьне кібэрбясьпекі краіны расьсьледуе абвінавачваньні апазыцыйных палітыкаў у спробах праслухоўваньня тэлефонаў пасьля таго, як тыя паведамілі аб атрыманьні Apple iPhone папярэджаньняў аб «зламысьніках, якія фінансуюцца дзяржавай».

У гэтым выпадку Ашвіні Вайшнаў, міністар інфармацыі і тэхналёгій Індыі, заявіла, што ўрад «занепакоены» такімі скаргамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG