Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі ўдарылі па чыгуначным вакзале Херсону, ёсьць загінулыя і параненыя


Kherson region, Vadim station, empty railway station building. After 2014, long-distance trains do not go to Vadim
Kherson region, Vadim station, empty railway station building. After 2014, long-distance trains do not go to Vadim

26 сьнежня расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па чыгуначным вакзале Херсону. У выніку загінуў паліцыянт, а двое яго калег і двое мірных жыхароў параненыя. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце.

«Складаны дзень. Толькі што быў даклад па абстрэле Херсону. Расейскі ўдар па чыгуначным вакзале. Эвакуацыйны цягнік. Усе службы цяпер на месцы. Колькасьць забітых і пацярпелых цяпер высьвятляецца. На месцы было шмат цывільных. Усе абнаўленьні інфармацыі будуць прадстаўленыя адпаведнымі службамі», — сказаў Зяленскі.

Паводле інфармацыі, якую апублікавала Ўкраінская чыгунка, у выніку абстрэлу пашкоджаныя вакзал і рухомы састаў. Вядома пра некалькі параненых работнікаў.

Міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што падчас масіраванага абстрэлу горада на вакзале каля 140 мірных жыхароў чакалі адпраўленьня эвакуацыйнага цягніка. Паліцыя пачала эвакуацыю людзей, падчас яе загінуў лейтэнант паліцыі з Кіраваградзкай вобласьці.

Яшчэ двое паліцыянтаў апынуліся ў бальніцы з аскепкавымі раненьнямі. Двум цывільным, якія таксама атрымалі асколачныя раненьні, таксама надалі мэдыцынскую дапамогу.

Расейскія абстрэлы Херсонскай вобласьці: адзін загінулы, сямёра параненых

У выніку расейскіх абстрэлаў Херсонскай вобласьці 26 сьнежня загінуў адзін чалавек, яшчэ сем атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці, паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной адміністрацыі Аляксандар Пракудзін.

Паводле яго, загінулы — 70-гадовы жыхар вёскі Нікольскае. Там жа была параненая 50-гадовая жанчына. У Херсоне лёгкія раненьні атрымаў 56-гадовы мужчына. У выніку абстрэлу вёскі Шырокая Бэлька пацярпеў 50-гадовы мужчына.

Яшчэ чацьвёра пацярпелых — у Чарнабаеўцы: двое мужчын 43 і 47 гадоў, якія на момант абстрэлу знаходзіліся ў машыне, 39-гадовая жанчына, якая трапіла пад абстрэл ва ўласным доме, і 57-гадовы мужчына.

Расея рэгулярна абстрэльвае Херсон і Херсонскую вобласьць. Увечары 23 сьнежня і ў ноч на 24 сьнежня расейскае войска нанесла ўдары па горадзе: у выніку загінулі дзесяць мірных жыхароў, сама меней 62 атрымалі раненьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG