Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае мэдыя Reform.by, якое сёлета атрымала прэмію ў галіне свабоды СМІ, апынулася пад пагрозай закрыцьця


 Фёдар Паўлючэнка. Скрыншот з сайту Reform.by
Фёдар Паўлючэнка. Скрыншот з сайту Reform.by

Рэдакцыя незалежнага беларускага мэдыя Reform.by, якая ў 2023 годзе стала ляўрэатам прэміі ў галіне свабоды СМІ Free Media Awards, паведаміла пра магчымае закрыцьцё праекту ў сувязі зь недахопам фінансаваньня.

«Праект Reform.by на мяжы закрыцьця. Гэта не перабольшаньне і не шантаж. На нашым рахунку грошай на паўтара-два месяцы працы. Ні ў кога з нашай рэдакцыі няма падушкі бясьпекі, безь мінімальнага заробку мы працаваць фізычна ня зможам», — паведаміў галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка.

Паводле яго, 19 сьнежня Reform.by атрымала адмову ад ключавога эўрапейскага інстытуцыйнага донара, падтрымка якога дазволіла б выданьню прадоўжыць працу.

Фёдар Паўлючэнка азначыў, што пасьля ад’езду зь Беларусі каманда ўвесь час прыкладала «максымум намаганьняў, каб працягваць працу за межамі Беларусі», нягледзячы на тое, што «даводзілася працаваць па 18 гадзін за суткі» і «грошай заўсёды было на 3-4 месяцы».

«Ад аднаго з донараў мы атрымалі адмову ў гранце на той падставе, што не змаглі адаптавацца да новай рэальнасьці і страцілі аўдыторыю. Так, цалкам згодзен. Заблякаваныя ўсюды, зь сярэднім 12-гадзінным працоўным днём без выходных, у чужой краіне і заробкам ніжэйшым, чым у „Жабцы“ (папулярная польская сетка прадуктовых крамаў. — Рэд.), нашы магчымасьці ствараць новыя рэвалюцыйныя прадукты крыху абмежаваныя», — адзначыў рэдактар.

У сваім паведамленьні ён падзякаваў партнэрам выданьня за падтрымку і камандзе за самаадданую працу і паабяцаў «яшчэ пазмагацца за наш праект»: «Я прыкладу ўсе намаганьні, абяцаю. Чалавек, які мае дзьве ныркі, ня можа сказаць, што праект закрываецца».

Таксама ён заклікаў усіх неабыякавых, пры магчымасьці, падтрымаць рэдакцыю данатам.

Пра Reform.by

  • Выданьне Reform.by запрацавала як паўнавартаснае мэдыя ў жніўні 2018 году. Яго ініцыявалі трое журналістаў — Аляксей Жукаў, Аляксандар Атрошчанкаў і Фёдар Паўлючэнка.
  • Да лета 2020 году Reform.by наведвала каля 100 тысяч беларускіх карыстальнікаў штодзень і выданьне цалкам магло фінансаваць сябе за кошт рэклямы.
  • У 2021 годзе ў сярэднім штодзень ад 300 да 500 тысяч беларусаў чыталі матэрыялы выданьня, у пікавыя дні — да 800 тысяч унікальных наведнікаў за дзень.
  • Калі рэжым Лукашэнкі пачаў перасьлед журналістаў, каманда Reform.by своечасова выехала зь Беларусі, таму ў турму ніхто ня трапіў.
  • У жніўні 2021 году Мінінфарм заблякаваў дамен выданьня для беларускіх карыстальнікаў.
  • З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны выданьне Reform.by выкінулі з папулярных расейскіх агрэгатараў навін «Яндекс.Новости», «Дзен», «Новости Mail.ru». Сам сайт быў заблякаваны ў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG