Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўводзяць зьмены ў сацыяльным абслугоўваньні, пэнсіях і дапамогах. Законапраект раней крытыкавалі дэпутаты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях сацыяльнага абслугоўваньня і сацыяльных выплат», паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Праект гэтага закону раней раскрытыкавалі нават дэпутаты парлямэнту, якія часта аднагалосна галасуюць за законапраекты.

Зьмены ў парадку выплаты пэнсій і іншых сацыяльных выплат

Адна з асноўных зьменаў, якую ўвялі гэтым дакумэнтам, — перавод большасьці беларусаў на атрыманьне пэнсіяў і сацыяльных дапамог на дзяцей праз банкі. Гэта закранае жыхароў Менску, гарадоў абласнога падпарадкаваньня і райцэнтраў. Для параўнаньня: цяпер беларусы на свой выбар могуць атрымліваць пэнсіі і дапамогі на дзяцей: праз пошту ці банкі.

Канкрэтны банк, дзе атрымліваць пэнсію або дапамогу, можна будзе выбраць самастойна.

Па-ранейшаму атрымліваць пэнсіі і дапамогі праз пошту змогуць:

  • жыхары сельскай мясцовасьці,
  • беларусы, старэйшыя за 70 гадоў,
  • інваліды І і ІІ групы,
  • сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў,
  • асобы, якія ня маюць пашпарта па рэлігійных перакананьнях.

Дастаўку пэнсій і дапамог на дом па ўсёй краіне будзе ажыцьцяўляць толькі «Белпошта».

«Фактычна для саміх атрымальнікаў нічога ня зьменіцца: выплаты будуць дастаўленыя ў тэрмін работнікам дзяржаўнай арганізацыі, пошты», — запэўніваюць у Мінпрацы і дадаюць, што гэта зручна тым, што ёсьць магчымасьць адразу ў паштальёна аплаціць камунальныя і іншыя плацяжы.

Раней дэпутаты прынялі законапраект, але перад гэтым раскрытыкавалі прапанаваныя зьмены, асабліва што тычыцца выплатаў пэнсіяў. Лілія Ананіч нават напісала, што «дэпутатамі абгрунтавана паднятыя вострыя пытаньні, недастатковае прапрацоўваньне якіх здольнае адбіцца на сацыяльным самаадчуваньні людзей», праўда, пасьля адрэдагавала паведамленьне. Іншая дэпутатка Ірына Даўгала адзначыла, што прапанова са зьменамі па пэнсіях «выклікала грамадзкі рэзананс», і прывяла статыстыку, паводле якой каля 30-35% насельніцтва атрымлівае пэнсіі праз аддзяленьні пошты і сувязі (зьвесткі без уліку Менску).

Уводзяць ліцэнзаваньне сацыяльных паслуг

З 1 ліпеня ў Беларусі ўвядуць ліцэнзаваньне сацыяльных паслуг. Арганізацыі, якія займаюцца сацыяльнымі паслугамі (з пражываньнем) пажылым і інвалідам, павінны будуць атрымаць ліцэнзію ад мясцовых уладаў да 1 кастрычніка 2024 году, далей праца безь ліцэнзіі забароненая.

У Мінпрацы таксама прасоўвалі стварэньне спэцыяльнага рэестру тых, хто аказвае сацыяльныя паслугі, але ад гэтай ідэі ў выніку адмовіліся.

Чыноўнікі будуць вызначаць «аптымальны набор сацыяльных паслуг»

Чыноўнікі сярод іншага зьмянілі крытэры, паводле якіх будуць вызначаць, што чалавеку патрэбныя сацыяльныя паслугі.

«Сёньня выкарыстоўваецца мэдыцынская мадэль: гэта значыць, патрэба ў сацыяльных паслугах вызначаецца станам здароўя чалавека. Пры гэтым такая мадэль ня ўлічвае індывідуальных асаблівасьцяў атрымальнікаў сацыяльных паслуг», — адзначаюць у Мінпрацы.

Законам уводзяць мэханізм ацэнкі патрэбы ў сацыяльным абслугоўваньні праз набор «сацыяльных паказаньняў», дзе разам са станам здароўя будуць улічваць «умовы жыцьцядзейнасьці грамадзяніна» (наяўнасьць безбарʼернага асяродзьдзя, выгодаў, гарачай вады, ліфта), яго сацыяльнае асяродзьдзе і іншыя фактары. У выніку такой ацэнкі чалавеку будуць прапаноўваць «аптымальны пэрсанальны набор сацыяльных паслуг», паведамілі ў Мінпрацы.

Таксама ўлады адкарэктавалі сьпіс прычынаў, зь якіх могуць прызнаць, што чалавек знаходзіцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі і, адпаведна, даць яму сацыяльнае абслугоўваньне. Напрыклад, выключылі з такіх падставаў беспрацоўе, наяўнасьць у сямʼі дзіцяці з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця (але пакінулі пункт аб наяўнасьці дзіцяці-інваліда), заўважыла «Люстэрка».

Таксама з гэтага пераліку прыбралі адсутнасьць у чалавека, які апынуўся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі, працаздольных асобаў, якія абавязаныя па законе яго ўтрымліваць. Гэта могуць быць, напрыклад, дзеці, якія павінны даглядаць бацькоў.

Пры гэтым у пераліку прычын для наданьня сацыяльнай абароны пакінулі ў тым ліку сіроцтва, адсутнасьць пэўнага месца жыхарства, нараджэньне двайнят (траіх ці больш дзяцей), а таксама сямейнае няшчасьце і хатні гвалт.

Трапіць у дамы-інтэрнаты можа стаць складаней

Мінпрацы паведамляе, што новым законам прадугледжана «ўкараненьне сыстэмы доўгачасовага догляду», якая будзе палягаць у наданьні грамадзянам сацыяльных паслуг і мэдыцынскай дапамогі.

«Доўгачасовы догляд прадугледжваецца для грамадзян, якія маюць асаблівую патрэбнасьць у староньняй дапамозе. У аснове доўгачасовага догляду — суправаджэньне пажылога чалавека дома ва ўзаемадзеяньні сацыяльных і мэдыцынскіх службаў. Арганізацыя такога догляду дазволіць максымальна падоўжыць знаходжаньне грамадзян, якія маюць патрэбу ў доглядзе, у звыклым спрыяльным хатнім асяродзьдзі», — заяўляюць у Мінпрацы.

Прасьцей кажучы, чыноўнікі хочуць, каб такіх людзей як мага даўжэй трымалі дома. Перавесьці іх у дом-інтэрнат змогуць у тым выпадку, калі стан здароўя не дазваляе знаходзіцца ў сваім жыльлі.

Самі дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў хочуць называць па-новаму — сацыяльнымі пансіянатамі; дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця — дзіцячымі сацыяльнымі пансіянатамі, а спэцыяльныя дамы для вэтэранаў, састарэлых і інвалідаў — дамамі суправаджальнага пражываньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG