Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень Стратэгічнага дыялёгу ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Што чакаецца


Падчас аднаго з пасяджэньняў Стратэгічнага дыялёгу ЗША – Беларусь у Вашынгтоне
Падчас аднаго з пасяджэньняў Стратэгічнага дыялёгу ЗША – Беларусь у Вашынгтоне

У пятніцу, 8 сьнежня, ў Вашынгтоне ў будынку Атлянтычнай рады пройдзе абмеркаваньне тэмаў, зьвяаных з падтрымкай беларускай мовы і ідэнтычнасьці. Амэрыканскі бок прадстаўляюць урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы.

Ад беларускага боку ў дыскусіі ў заключны дзень Стратэгічнага дыялёгу бяруць удзел прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык, прадстаўніца Моладзевай рады Маргарыта Ворыхава, адна з стваральніц Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы Надзея Нортан, прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Павал Церашковіч, Яраслаў Бекіш.

Ад ЗША ўдзельнічаюць намесьніца памочніка сакратара ў Бюро асьветы і культуры Ніколь Элькан, Брытні Браўн, прадстаўнікі USAID, бібліятэкі Кангрэсу.

Сярод тэмаў дыскусіі 8 сьнежня:

  • міжлюдзкія сувязі;
  • прапаганда беларускай мовы і культуры; змаганьне з навязваньнем расейскіх каштоўнасьцяў, гістарычнага наратыву і мовы ў Беларусі з боку Крамля;
  • удзел беларускіх спартоўцаў у міжнародным спартовым жыцьці;
  • падтрымка беларускай дыяспары/эмігрантаў, гісторыя.

Таксама ў Атлянтычнай радзе заплянаваныя круглы стол дыяспары і падзея з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай.

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG