Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пашырылі пералік паказьнікаў «сацыяльна небясьпечнага становішча» дзяцей. Ён закрануў і «дармаедаў»


Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

У Беларусі дапоўнілі сьпіс падставаў для пастаноўкі на ўлік сем’яў, дзеці ў якіх «знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы».

Адпаведная пастанова Савету міністраў № 856 ад 1 сьнежня 2023 году апублікаваная 7 сьнежня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.

Цяпер сямʼю зь дзецьмі могуць паставіць на ўлік, калі

  • абодва бацькі або адзіны з бацькоў цягам больш як трох месяцаў не працуюць ці не ажыцьцяўляюць іншую дзейнасьць, не забароненую заканадаўствам,
  • і (або) дапускаюць неналежнае расходаваньне пэнсіяў, дзяржаўных дапамогаў семʼям, якія выхоўваюць дзяцей, аднаразовых выплат, прызначаных на дзіця (дзяцей), матэрыяльнай дапамогі, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі,


у выпадку, калі бацькі з гэтай прычыны не задавальняюць асноўныя жыцьцёвыя патрэбы дзіцяці (дзяцей): «дапускаюць адсутнасьць ежы, адзежы, абутку, месца для адпачынку, заняткаў і гульняў дзіцяці (дзяцей)».

Таксама «сацыяльна небясьпечнае становішча» сямʼі цяпер змогуць прызнаць і паставіць яе на кантроль дзяржаўных органаў з ініцыятывы органаў дзяржаўнага энэргетычнага і газавага нагляду, энэрга- і газазабесьпячальных арганізацыяў.

Падставай для гэтага можа стаць:

  • наяўнасьць у доме газаправодаў, газавага абсталяваньня, электрапрыладаў, іншага абсталяваньня, якія «не адпавядаюць патрабаваньням тэхнічных нарматыўных прававых актаў або эксплюатацыйнай дакумэнтацыі» і «нясуць пагрозу жыцьцю і бясьпецы» дзіцяці,
  • непрацоўныя, дэмантаваныя пажарныя апавяшчальнікі,
  • надворныя пабудовы і прыдамавая тэрыторыя, якія «не адпавядаюць патрабаваньням пажарнай бясьпекі» і ў якіх «ёсьць умовы, якія ствараюць непасрэдную пагрозу ўзьнікненьня пажару».

Раней прызнаць сямʼю зь дзецьмі «сацыяльна небясьпечнай» маглі на патрабаваньне органаў сацыяльнай абароны, участковых лекараў і міліцыянтаў, выканкамаў, школаў, ЖЭС або МНС. Цяпер жа пералік пашырылі.

У крытэры сацыяльна небясьпечнага становішча — у абзац, дзе гаворыцца пра факты жорсткага абыходжаньня бацькоў зь дзіцем, да фізычнага і псыхалягічнага гвалту ў дачыненьні да дзіцяці дадалі сэксуальны гвалт над дзіцем.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі на палітычна актыўных беларусаў пачалі ціснуць рознымі спосабамі. Сярод іншага, вядомыя выпадкі, калі сем’і беларусаў, затрыманых «за палітыку», пагражалі паставіць на ўлік або ставілі на ўлік як «праблемныя», дзе дзіця нібыта «знаходзіцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы».

  • У пачатку сьнежня ў Беларусі чарговы раз абнавілі базу «дармаедаў». У яе трапілі тыя, хто ня змог пацьвердзіць занятасьць за ліпень-верасень. Каб ня трапіць у яе, трэба было да 21 кастрычніка падаць дакумэнты ў камісію спрыяньня занятасьці. «Дармаедам», якія маюць ува ўласнасьці жыльлё, стануць выстаўляць паводле эканамічна абгрунтаваных тарыфаў рахункі за газ, ацяпленьне і падагрэў вады.
  • Базу «дармаедаў» цяпер абнаўляюць раз у квартал. Наступны раз яе абновяць да 1 сакавіка 2024 году: уключаць тых, хто да 21 студзеня ня зможа пацьвердзіць занятасьць за кастрычнік–сьнежань 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG