Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азэрбайджане на 7 лютага прызначылі пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары

абноўлена

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў. Архіўнае фота

Прэзыдэнта Азэрбайджану выбіраюць на 7 гадоў.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў прызначыў пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары на 7 лютага 2024 году.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва АЗЕРТАДЖ апублікавала адпаведнае распараджэньне Ільхама Аліева. У ім адзначана, што пазачарговыя выбары прызначаюцца згодна з часткай 1 артыкулу 101 Канстытуцыі Азэрбайджану.

Гэтае палажэньне Канстытуцыі вызначае, што «прэзыдэнта Азэрбайджану выбіраюць на 7 гадоў на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры вольным, асабістым і тайным галасаваньні. Прэзыдэнт Азэрбайджанскай Рэспублікі мае права абвясьціць пазачарговыя выбары прэзыдэнта».

Выбары адбудуцца на год раней тэрміну. Чарговыя выбары мусілі адбыцца ў 2025 годзе. На мінулых выбарах, якія прайшлі 11 красавіка 2018 году і таксама былі пазачарговымі – Ільхама Аліева выбралі на 7 гадоў.

Галоўныя апазыцыйныя сілы тыя выбары байкатавалі. Лідэры апазыцыі абвінавачваюць Ільхама Аліева ў зьнішчэньні свабод, аўтарытарызьме і перасьледзе нязгодных зь яго палітыкай.

Што вядома пра цяперашняга прэзыдэнта Азэрбайджану

Упершыню Ільхама Аліева выбралі прэзыдэнтам Азэрбайджану ў 2003 годзе. Спачатку ён скасаваў абмежаваньне балятавацца ў прэзыдэнты пасьля двух тэрмінаў знаходжаньня на пасадзе, а потым павялічыў з 5 да 7 гадоў тэрмін знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта. Палітолягі перакананыя, што Ільхам Аліеў мае намер перадаць прэзыдэнцтва свайму сыну Гейдару Аліеву, якому ў наступным годзе споўніцца 27 гадоў.

У Ільхама Аліева ёсьць яшчэ дзьве дачкі – Лэйла (39 гадоў, віцэ-прэзыдэнт Фонду Гейдара Аліева) і Арзу (35 гадоў, кінапрадусар і рэжысэр).

У лютым 2020 году ў Азэрбайджане прайшлі пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Кіроўная партыя Yeni Azərbaycan («Новы Азэрбайджан») пад кіраўніцтвам Ільхама Аліева абвясьціла аб сваёй перамозе. Апазыцыя тады заявіла, што ўлады сфальсыфікавалі вынікі выбараў.

Што папярэднічала

Сёлета Азэрбайджан усталяваў кантроль над Нагорным Карабахам.

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

У лістападзе 2023 году Азэрбайджан заклікаў Армэнію правесьці сустрэчу на дзяржаўнай мяжы для працягу перамоў аб мірнай дамове.

У адказ Міністэрства замежных спраў Армэніі заклікала Азэрбайджан правесьці сустрэчу для дэлімітацыі дзяржаўнай мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG