Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Нас чакае рэвалюцыя ў разуменьні сваёй раньняй гісторыі, — дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы


Фотакаляж. Наваградзкі замак, Міндоўг, Альвідас Нікжантайціс.
Фотакаляж. Наваградзкі замак, Міндоўг, Альвідас Нікжантайціс.

Якое месца беларусы займаюць у гісторыі Літвы? Як даўно пачалося сужыцьцё славян і балтаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага? Чаму літоўскія князі прымалі праваслаўе?

Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркуем з дырэктарам Інстытуту гісторыі Літвы, доктарам гістарычных навук Альвідасам Нікжантайцісам.

0:00 — чаму ў Кярнаве ў матэрыялах археалягічных раскопак ёсьць славянскія старажытнасьці;

4:06 — чаго было больш ва ўзаемадзеяньні славян і балтаў у IX–XIII стагодзьдзях: процістаяньня і канфліктаў, супрацоўніцтва ці сымбіёзу;

8:52 — чаму ў Літве прызнаюць, што дзяржаўна-эканамічная мадэль ВКЛ капіявалася з славянскіх узораў;

12:07 — як Полацак, Віцебск і Менск трапілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Альвідасам Нікжантайцісам:

— У Кярнаве ў матэрыялах археалагічных раскопак ёсьць славянскія старажытнасьці. Як у Літве тлумачаць іх наяўнасьць? Кім былі тыя славяне — запрошанымі спэцыялістамі, палоннымі ці аўтахтонамі?

— Пачну з таго, што сьляды славян на тэрыторыі Літвы ў пісьмовых крыніцах зафіксаваныя яшчэ раней, чым гэта знайшлі археолягі ў Кярнаве. 40–45 гадоў таму была знойдзеная крыніца, дзе апісваецца каранацыя Міндаўгаса, адзінага літоўскага караля, і апісваецца Літва. І вось там ёсьць згадка пра тое, што ў Літве, на тэрыторыі, якая належала Міндаўгасу (ясна, што гэта этнічная Літва), немаўлят кормяць хрысьціянскія жанчыны. І зразумела, што мова ідзе не пра каталіцкіх жанчын, але пра жанчын, якія прыбылі з праваслаўных краёў. І тут няма нічога асаблівага, бо балты і славяне жылі ў суседзтве.

Калі ж мы паспрабуем адказаць на пытаньне, якія славяне былі знойдзеныя пры раскопках Кярнаве, то адказаць цяжка. З аднаго боку, пры іх не было знойдзена пашпартоў, дзе было б указана, дзе яны нарадзіліся і адкуль прыехалі. Але, з другога боку, само месца іх знаходжаньня побач зь вялікакняскім палацам паказвае, што гэта былі ня нейкія простыя славяне, але карысныя людзі. Бо мы ведаем, што вялікакняскія палацы, як і проста княскія, былі цэнтрам прыцягненьня для людзей, якія маглі зарабіць сабе на жыцьцё побач зь вялікім князем. Таму я б меркаваў (гэта такая працоўная гіпотэза), што вядзецца пра славянскіх рамесьнікаў, якія ня толькі жылі побач з палацам, але і той палац абслугоўвалі.

— Калі чытаеш пра даўнюю гісторыю, то хочацца пачуць не канкрэтныя факты, але менавіта ацэнкі, інтэрпрэтацыю. Таму такой цікавай бачыцца гісторыя ўзаемадзеяньня балтаў і славян у VIIIXIII стагодзьдзях. Як на гэта глядзяць у Літве? Гэта было супрацьстаянне, супрацоўніцтва або нейкі сымбіёз?

— Ведаеце, я пра сябе як пра гісторыка магу сказаць, што я занадта рана нарадзіўся. Бо толькі ў апошнія дзесяцігодзьдзі археалягічная навука зрабіла такі якасны крок наперад, што дазваляе нам спазнаваць той пэрыяд гісторыі, пра які няма пісьмовых крыніц.

І вось наколькі я бачу археалягічныя дасьледаваньні таго пэрыяду, то магу меркаваць, што гэта толькі пачатак рэвалюцыі, якая нас чакае.

А на сёньня мы можам зноў сказаць, што балта-славянскія кантакты былі, што недзе ў ХІ–ХІІ стагодзьдзях былі спробы рускіх князёў заваяваць балцкія плямёны, але гэта ім не ўдалося.

З другога боку, не такія старыя археалягічныя раскопкі на тэрыторыі сёньняшняй Украіны адкрываюць перад намі зусім новыя далягляды пазнаньня таго, чаго мы ня ведаем. Пяць-шэсьць гадоў таму непадалёк ад Кіева былі знойдзеныя пахаваньні балцкіх ваяроў. Яны датуюцца ХІІ – пачаткам ХІІІ стагодзьдзя. І, як мяркуюць літоўскія археолягі, гэтыя балцкія воіны былі, хутчэй за ўсё, прадстаўнікамі племені куршаў. Відаць, яны як ваяры служылі нейкаму рускаму князю.

Гэта зусім новая старонка, якая гаворыць нам, што ў VIII–XIII стагодзьдзях гісторыя ўзаемадзеяньня балцкіх і славянскіх плямёнаў — гэта ня толькі ваенныя канфлікты, але нават такія акты ўзаемадапамогі. Можна сабе ўявіць, колькі трэба было вандраваць вайскоўцам-куршам, якія жылі каля мора, каб апынуцца так блізка каля Кіева, атабарыцца там і служыць вялікаму князю. Гэта, відаць, нешта падобнае на гісторыю ўзаемаадносінаў славян і скандынаваў. Так што гэта ў прынцыпе нешта новае, і давайце пачакаем, пакуль археолягі раскажуць нам пра гэта больш.

Другое пытаньне, якое сьведчыць пра неадназначнасьць дачыненьняў балтаў і славянаў, зьвязана з пачаткам, а нават больш зь сярэдзінай ХІІІ стагодзьдзя. У нас ёсьць такое дапушчэньне, што мадэль Вялікага Княства Літоўскага, найперш эканамічная, капіявалася з славянскіх земляў. І найперш гэта сыстэма збору даходу вялікім князем. Ёсьць такая думка, што раней галоўнай крыніцай даходу вялікага князя і наагул літоўскіх князёў было проста рабаваньне насельніцтва. Але на прыкладзе суседніх тэрыторыяў яны хутка ўбачылі: навошта ўжываць сілу, калі можна проста дамовіцца зь мясцовым насельніцтвам, каб яно рэгулярна плаціла даніну. І вось, імаверна, так у ХІІІ стагодзьдзі складалася сыстэма падаткаў у пачатку існаваньня літоўскай дзяржавы.

І тут няма нічога дзіўнага, бо калі ў часы Сярэднявечча ствараліся новыя дзяржавы, мы бачым шмат запазычаньняў адных у другіх. І, відаць, невыпадкова літоўская дзяржава, якая пасьля стала Вялікім Княствам Літоўскім, стваралася на памежжы балтаў і славян. Таму тут якраз дзякуючы гэтым кантактам і склаліся ўмовы ня толькі ваяваць паміж сабой, але і пераймаць досьвед, які быў важны перш за ўсё для стварэньня дзяржаўных структураў.

Так што пра пэрыяд, пра які вы пыталіся, мы можам сказаць, што нічога ня ведаем або ведаем вельмі мала. Але можам дапускаць, што зьвесьці балта-славянскія кантакты толькі да мірнага суіснаваньня або толькі да ваенных канфліктаў было б вельмі спрошчана.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG