Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 лістапада: палітзьняволенага блогера Цыгановіча зноў будуць судзіць; на экс-палітвязьня Міронава завялі новую справу

абноўлена

 Ільля Міронаў. Архіўнае фота
Ільля Міронаў. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

На былога палітвязьня Ільлю Міронава завялі чарговую крымінальную справу

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook учора расказала маці Ільлі Валянціна Міронава.

На 23 лістапада яе выклікалі ў Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі.

Сам Ільля Міронаў знаходзіцца за мяжой.

Аўтара Youtube-канала «MozgON» зноў будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»

Стала вядома, што ў судзе Ваўкавыскага раёну 30 лістапада пачнуць разглядаць чарговую справу супраць палітвязьня Ўладзімера Цыгановіча паводле арт. 411 КК. Справу будзе весьці судзьдзя Мікалай Сяргейка, паведамляе «Вясна».

43-гадовага аўтара Youtube-канала «MozgON» Цыгановіча толькі тры месяцы таму перавялі ў новую калёнію пасьля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зьняволеньня. За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калёніі № 11 ініцыявала завядзеньне другой запар крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі). Цяпер палітвязьню могуць дадаць яшчэ два гады зьняволеньня да 16 гадоў калёніі.

Уладзімер — блогер, аўтар Youtube-канала MozgON. У зьняволеньні палітвязень ужо больш за тры гады — яго затрымалі 9 чэрвеня 2020 году. Спачатку яго двойчы пакаралі «суткамі» паводле адміністрацыйных спраў, а потым перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.

Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) і ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці). 14 сьнежня 2021 году Ўладзімера асудзілі па «справе Ціханоўскага» на 15 гадоў калёніі. Спачатку палітвязьня накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калёнію № 3, але праз паўгода ўзмацнілі пакараньне і перавялі з калёніі на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады.

Экс-палітвязьня, якога судзілі за надпіс «Сьвета, я вас кахаю», перазатрымалі

Аляксандра Плескацэвіча ў сьнежні 2021 году асудзілі на 2 гады «хіміі» паводле арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства») за тое, што пакінуў надпісы і расфарбаваў белай і чырвонай фарбай хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў — «Сьвета, я вас кахаю». Свой тэрмін Аляксандар скончыў адбываць у лютым 2023 году, піша «Вясна».

Пасьля вызваленьня мужчыну затрымлівалі па адміністрацыйнай справе. Тады яго асудзілі на 10 дзён за тое, што ён «у нявызначаны час з 16 па 27 лютага нанёс на 7 вокнаў і рог фасада дома бела-чырвона-белую сымболіку».
Цяпер стала вядома, што мужчына затрыманы ў межах новай крымінальнай справы. Яго абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (ч.1 арт.130-1 КК) і «хуліганстве» (ч.2 арт.339 КК).
Справу будзе разглядаць у Берасьцейскім абласным судзе 28 лістапада судзьдзя Андрэй Сіз.

У Карэлічах затрымалі мясцовага экскурсавода

Сілавікі затрымалі Юрыя Красоўскага, экскурсавода з Карэлічаў: яго забралі з дому яшчэ 15 лістапада, даведаліся праваабаронцы MAYDAY.

Паводле іх зьвестак, суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць).

Гэта ўжо як мінімум чацьвёртае затрыманьне для Красоўскага. Раней яго арыштоўвалі ў 2020, 2021 і 2022 гадах.

У Горадні затрымалі сузаснавальніка фірмы па гарадзкіх маршрутных перавозках

У Горадні сілавікі затрымалі сузаснавальніка фірмы па гарадзкіх маршрутных перавозках. «Пакаяльнае» відэа зь ім зьявілася ў набліжаным да ГУБАЗіКу тэлеграм-канале. Сілавікі прымусілі мужчыну сказаць, што ён у тэлеграм-каналах пісаў «дрэнныя камэнтары пра беларускіх і расейскіх вайскоўцаў і жадаў ім сьмерці ва Ўкраіне».

Як паведамляе тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область», затрыманы — жыхар Горадні Ігар Соладаў.

У Горадні судзяць бізнэсоўца з Ваўкавыску: абвінавацілі ў пратэстах, а судзяць за падаткі

У судзе Горадзенскага раёну будуць судзіць Дзьмітрыя Марозава. Ягоныя дадзеныя супадаюць з дадзенымі ўладальніка фірмы «Мегасіла» Дзьмітрыя Марозава з Ваўкавыску. Затрымалі яго па матэрыялах УКДБ па Гарадзенскай вобласьці, піша Hrodna.life.

Мужчыну судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 364 «Гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 243 ч. 1 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў». Судзьдзя — Мая Маляўка. Паседжаньні пачаліся 23 лістапада.

Марозава затрымалі 24 студзеня 2023 году разам з супрацоўнікамі і ягонай сям’ёй. Паводле вэрсіі Камітэту дзяржкантролю, мужчына раздрабіў бізнэс, каб плаціць менш падаткаў. Марозаў з 2016 году нібыта недаплаціў у бюджэт 270 тысяч рублёў падаткаў. Арыштавалі маёмасьць Марозава: нерухомасьць і транспарт.

У сакавіку на БЕЛТА выйшла «пакаяльнае» відэа Марозава зь СІЗА, дзе ён казаў, што ўдзельнічаў у пратэстах. У 2015 годзе ён стаў героем тэксту «СБ. Беларусь сегодня», у якім расказвалі пра пасьпяховы рэгіянальны бізнэс, які зьявіўся дзякуючы беларускім законапраектам.

Мін'юст за «дыскрэдытацыю» пазбавіў ліцэнзіі яшчэ двух адвакатаў

Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ дваіх адвакатаў за «дзеяньні, якія дыскрэдытуюць званьне адваката і адвакатуры», вынікае з дадзеных аб выніках паседжаньня Кваліфікацыйнай камісіі ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці, піша «Люстэрка».

22 лістапада адбылося чарговае паседжаньне камісіі. Па выніках прынялі рашэньне аб магчымасьці спыненьня ліцэнзій адвакатаў Менскай абласной калегіі адвакатаў Юліі Карачун і Аксаны Пучкоўскай. Прычына — «зьдзяйсьненьне правінаў, несумяшчальных са званьнем адваката (дзеяньняў, якія дыскрэдытуюць званьне адваката і адвакатуру)», гаворыцца ў паведамленьні Мін'юста.

Як вынікае з рэзюмэ Юліі Карачун, яна мае больш за 20 гадоў стажу — працуе адвакатам з 2002 году, спэцыялізуецца на грамадзянскім праве.

Што да Аксаны Пучкоўскай, яна практыкуе ў сфэры вырашэньня спрэчак, працоўнага, міграцыйнага, карпаратыўнага права з 2008 году. Пісала матэрыялы для прафэсійных СМІ, выступала на круглых сталах і навучальных сэмінарах.

Таксама на паседжаньні камісіі правялі атэстацыю адвакатаў тэрытарыяльных калегій. Па яе выніках прынялі рашэньне аб немагчымасьці выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў адвакатам Менскай гарадзкой калегіі Натальляй Тарасюк. У дачыненьні да Ільлі Панкова і Яўгена Партнова прынята рашэньне аб няпоўнай адпаведнасьці.

За час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году дзясяткі юрыстаў, якія былі абаронцамі ў палітычных працэсах, пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG