Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн і Сі Цзіньпін адмовіліся ўдзельнічаць у онлайн-саміце G20 з Пуціным. Шольц заклікаў яго спыніць вайну супраць Украіны


Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў, што заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна спыніць вайну супраць Украіны і вывесьці ўсе войскі.

Як паведамляюць AFP і Reuters, такую заяву Шольц зрабіў падчас онлайн-саміту G20, у якім удзельнічаў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

«Я заклікаў прэзыдэнта Пуціна спыніць напад на Ўкраіну і вывесьці войскі з тэрыторыі Ўкраіны, каб гэтая вайна нарэшце скончылася», — сказаў Шольц у Бэрліне на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Італіі Джорджай Мэлёні.

Мэлёні, у сваю чаргу, вітала прапанову Пуціна працаваць над дасягненьнем міру ва Ўкраіне, але дадала, што Расея зьяўляецца агрэсарам, а Ўкраіна — бокам нападу. «Расеі даволі проста вывесьці свае войскі з акупаванай тэрыторыі», — адзначыла Мэлёні.

Сам Пуцін на онлайн-саміце G20 заявіў, што Расея гатовая да мірных перамоваў з Украінай, і абвінаваціў Кіеў у адмове ад іх. Ён назваў вайну супраць Украіны трагедыяй і заявіў, што «трэба думаць, як спыніць кровапраліцьце». Акрамя таго, у сваім выступе ён аспрэчыў уплыў вайны на сусьветную эканоміку, назваўшы прычынай стрэсу ў сусьветнай эканоміцы «непрадуманую макраэканамічную палітыку некаторых дзяржаў».

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і старшыня КНР Сі Цзіньпін адмовіліся ад удзелу ў віртуальнай сустрэчы краін «Вялікай дваццаткі» (G20), паведаміла 22 лістапада агенцтва Bloomberg. Пэкін на віртуальным саміце прадстаўляў прэмʼер Дзяржаўнай рады КНР Лі Цян. Аб прычынах адсутнасьці лідэраў Кітая і ЗША не паведамляецца.

  • На апошнія два саміты G20 у Індыю і Інданэзію Пуцін не паехаў, паслаўшы замест сябе міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова. Увогуле, Пуцін цяпер рэдка пакідае Расею, тым больш, што Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на яго арышт з прычыны незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
  • У G20 уваходзяць 19 найбуйнейшых эканомік сьвету, а таксама Эўрапейскі Зьвяз і Афрыканскі зьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG