Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зямля ў арэндзе. У любы момант усяго можна пазбавіцца». Экс-супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта расказаў, як Алексін стаў алігархам рэжыму


Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Котаў, алігарх Аляксей Алексін, каляж
Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Котаў, алігарх Аляксей Алексін, каляж

Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Котаў расказвае, што зьвязвае Аляксея Алексіна і Аляксандра Лукашэнку і на чым будуецца ўзаемны інтарэс алігархаў і прадстаўнікоў рэжыму. Котаў разважае таксама пра тое, ці можа імпэрыю Алексіна спасьцігнуць лёс імпэрыі Чыжа.

Радыё Свабода зрабіла расьсьледаваньне пар тое, на якіх умовах алігарх Алексін атрымаў зямельныя надзелы ў адным з самых дарагіх месцаў пад Менскам, і пра асаблівыя ўмовы, створаныя для набліжаных да ўлады алігархаў.

Сьцісла

  • На пэўным піку карʼеры гэта ня толькі нафтапрадукты, але і тытунёвыя вырабы. Зараз Алексін зьяўляецца адным з давераных алігархаў, які нават можа хадайнічаць аб тым, каб пад яго пэўнае заканадаўства прымалася.
  • Дзяржава выкарыстоўвае здольнасьці Алексіна прыдумляць схемы абыходу санкцый, мытных абмежаваньняў. З другога боку, яна яму дае магчымасьць займацца гэтым бізнэсам, калі гэта можна бізнэсам назваць.
  • Ёсьць такое азначэньне большасьці таго, што будуецца беларускімі алігархамі, як агратрэш. Мабыць спадар Алексін трошкі вылучаецца з гэтага ўсяго. Выглядае гэта больш-менш прыстойна звонку.
  • Зямля ў арэндзе, пірс у арэндзе. У любы момант усяго гэтага можна пазбавіцца. А момант — гэта зьмена настрою, паклёп, данос і справаздача аб тым, што чалавек нечым не падзяліўся, чым павінен быў падзяліцца. Лёс Чыжа — адзін са шматлікіх.

— Аляксей Алексін, адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў Беларусі, які мае сталыя прэфэрэнцыі ад уладаў, пабудаваў сядзібу ў францускім стылі пад назвай «Радавое гняздо» на ўчастку на беразе Заслаўскага вадасховішча. Радыё Свабода сёньня апублікавала расьсьледаваньне, датычнае дэталяў гэтага будаўніцтва, а таксама паглядзела, што сабою ўяўляе маёнтак, разьмешчаны на адным з самых дарагіх надзелаў зямлі ў Беларусі. Аляксей Алексін у свой час атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сфэры гандлю тытунём, ад лета 2021 году ён знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Што вам вядома пра тое, што зьвязвае Аляксея Алексіна і Аляксандра Лукашэнку ці яго сям’ю?

— Трэба сказаць, з чаго пачынаў Аляксей Алексін. Ён працаваў практычна ў дзяржаўнай структуры, якая зьяўлялася адным з прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі. Структура займалася гандлем нафтапрадуктамі. Фактычна адтуль даволі таленавіты мэнэджар, які распараджаўся магчымасьцямі, якія для яго стваралі, пачаў сваю кар’еру.

Першапачаткова гэта гандаль нафтапрадуктамі, спачатку ў структурах Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, пазьней у структурах Чыжа. Ужо на пэўным піку карʼеры гэта ня толькі нафтапрадукты, але і тытунёвыя вырабы. На кожнай з пасадаў ён сябе перад рэжымам зарэкамэндаваў як чалавек, здольны прыдумляць пэўныя схемы, як выкарыстоўваць выключныя магчымасьці, якія яму дзяржава магла ствараць для той ці іншай структуры, як выкарыстоўваць пэўныя дзірачкі ў мытным заканадаўстве перадусім, бо растваральнікі — гэта таксама ягоная прыдумка.

Зараз ён зьяўляецца адной з давераных асобаў, адным з давераных алігархаў, які нават можа хадайнічаць аб тым, каб пад яго пэўнае заканадаўства прымалася. «Табакеркі» — гэта адзін з прыкладаў таго, як немагчымае становіцца магчымым, калі ты неабходны для Лукашэнкі чалавек.

— Вы назвалі Алексіна таленавітым мэнэджарам. Напэўна, справа ня толькі ў таленце. На чым будуецца ўзаемны інтарэс алігархаў і прадстаўнікоў рэжыму? Хто каму больш выгады і чым? Якія прэфэрэнцыі прадастаўляюцца алігархам і ў чым палягае іх «падзяка» за гэта?

— Талент усё ж ён, пэўна, мае, але заўсёды пытаньне паўстане, як гэтым талентам чалавек распараджаецца. Калі б у Аляксея Алекісна не было здольнасьці да таго, каб прыдумляць розныя нават ня схемы, а «схематозы», то ён бы не займаў цяпер такое становішча ў беларускай сыстэме, якое займае. Ён фактычна прабіўся з пасады аднаго не зусім шараговага супрацоўніка зьнізу наверх і стаў адным з алігархаў беларускага рэжыму. Хто каму больш патрэбен? Напэўна дзяржава выкарыстоўвае здольнасьці Алексіна як прыдумляць схемы, каб абыходзіць санкцыі, мытныя абмежаваньні. З другога боку, яна яму дае магчымасьць займацца гэтым бізнэсам, калі гэта можна бізнэсам назваць.

Без падтрымкі дзяржавы, без таго, што яна яму стварае пэўныя выключныя ўмовы, напэўна, талент (вяртаемся да гэтага слова трошкі з іроніяй) Аляксея Алексіна не раскрыўся бы такім чынам, як мы бачым. Дзякуючы чаму гэты маёнтак на беразе Заслаўскага вадасховішча стаўся магчымым. З другога боку, без мазгоў Алексіна рэжым зарабляў бы менш і зарабляў бы іначай.

Праблема ў тым, што ўсе гэтыя «схематозы» закранаюць не заробак на сумленным рынку з канкурэнцыяй, гэта ўсё рэнта з выключнага становішча на рынку, фактычна з манаполіі, калі мы гаворым пра тытунь, ці з таго, што дзяржава дае пэўныя льготы, як «Брэмэру», якога Алексін адзін з уласьнікаў. І можа не плаціць падатак на даданую вартасьць, тым самым эканоміць. Гэта ня бізнэс у чыстым выглядзе, гэта выкарыстаньне карупцыйнай рэнты, дзе Алексін паказвае дзяржаве, дзе можна яшчэ нелегальна зарабіць.

— Калі казаць пра стыль беларускіх алігархаў, пра будынкі, што яны ўзводзяць, пра тое, на што яны расходуюць грошы, як бы вы гэта ахарактарызавалі? Наколькі гэта блізка да стылю расейскіх алігархаў, алігархаў з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, украінскіх алігархаў да пачатку вайны?

— Ёсьць такое азначэньне большасьці таго, што будуецца беларускімі алігархамі, як агратрэш. Мабыць, спадар Алексін трошкі вылучаецца з гэтага ўсяго. Выглядае гэта больш-менш прыстойна звонку. Але ня так даўно мы пабачылі, як выглядае знутры дом, які пабудаваў былы кіраўнік справамі прэзыдэнта Мікалай Корбут. Дом выстаўлены на продаж, цана больш за 3 мільёны даляраў. Гэта рэшткі савецкага мэнталітэту і ўяўленьня тых часоў аб тым, як выглядае багацьце. Шмат дрэва, золата, і ўсё ў нейкім дзіўным стылі намяшана.

На жаль, можна сказаць, што збольшага гэтага той самы агратрэш, адсутнасьць густу, эклектыка, мяшаньне таго, што вырывае вочы ўсім прафэсійным дызайнэрам, якія займаюцца дарагімі маёнткамі для нейкіх алігархаў на захадзе ці ў краінах Блізкага Ўсходу. Пампэзнае багацьце савецкай намэнклятуры.

— Як вам здаецца, ведаючы, што стала зь бізнэс-імпэрыяй калісьці набліжанага да Лукашэнкі алігарха Чыжа, ці асьцерагаюцца цяперашнія алігархі, што ўсё гэта можна страціць? Ці ёсьць у іх спосабы запабегчы гэтага?

— 100-адсоткавай гарантыі захаваць свой маёнтак няма ні ў адной асобы, якая так ці інакш зьвязаная з Аляксандрам Лукашэнкам, акрамя яго самага. Таму што ў любым момант ён можа зьмяніць адносіны да чалавека. Мабыць, ёсьць выключэньні, якія датычацца яго так званага набліжанага кругу, але гэта не беларускія алігархі. Усе астатнія разумеюць, што ім далі бізнэс патрымаць, яны не зьяўляюцца сапраўднымі ўласьнікамі таго, чым нібыта кіруюць.

Нават той самы маёнтак, пра які Свабода зрабіла расьледаваньне... Зямля ў арэндзе, пірс у арэндзе. У любы момант усяго гэтага можна пазбавіцца. А момант — гэта зьмена настрою, паклёп, данос і справаздача аб тым, што чалавек нечым не падзяліўся, чым павінен быў падзяліцца.

Лёс Чыжа — адзін са шматлікіх. Мабыць, адзін з прыкладаў, які найбольш яскрава дэманструе сутнасьць гэтых адносінаў паміж алігархатам і рэжымам, што гэта ўсё часовае супрацоўніцтва, людзям даюць усё патрымаць, ня больш за тое.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG