Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве агучылі дэталі дэмантажу помніка Міхаілу Жызьнеўскаму


Так выглядаў помнік Міхасю Жызьнеўскаму, пастаўлены ў лістападзе 2014 году ў Кіеве. Архіўнае фота
Так выглядаў помнік Міхасю Жызьнеўскаму, пастаўлены ў лістападзе 2014 году ў Кіеве. Архіўнае фота

Свабода зьвярнулася з афіцыйнымі запытамі аб далейшым лёсе кіеўскага помніка беларусу, Герою Ўкраіны Міхаілу Жызьнеўскаму, у музэй Рэвалюцыі Годнасьці і да мэра Кіева Віталя Клічко. Атрымалі першы адказ.

Помнік Герою Ўкраіны беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму былі паставілі ў лістападзе 2014 году непадалёк ад меркаванага месца ягонай гібелі ў Кіеве — на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага. Ён ня меў ахоўнага статусу, але ягоны дэмантаж узгаднілі з грамадзкай арганізацыяй «Сям’я Герояў „Нябеснай сотні“».

Пасьля таго, як у Кіеве знайшлі ў кустах помнік Міхаілу Жызьнеўскаму, Свабода зьвярнулася з афіцыйнымі запытамі аб далейшым ягоным лёсе ў музэй Рэвалюцыі Годнасьці і да мэра Кіева Віталя Клічка.

Тэрыторыя пад аховай дзяржавы, помнік — не

У Музэі Рэвалюцыі Годнасьці, як і ў грамадзкай арганізацыі «Сям’я Герояў „Нябеснай сотні“», помнік Міхаілу Жызьнеўскаму называюць памятным знакам.

«Паведамлялася, што ў сувязі з будаўніцтвам (мэмарыяльнага комплексу героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. — РС) дэмантавалі памятны знак Міхаілу Жызьнеўскаму і што кіеўская ўлада размаўляла аб гэтым пытаньні з грамадзкай арганізацыяй „Сям’я Герояў Нябеснай сотні“, і што ёсьць дамоўленасьці аб усталяваньні замест асобных памятных знакаў (у розных месцах вуліцы Грушэўскага ёсьць яшчэ тры памятныя знакі загінулым пратэстоўцам — Сяргею Нігаяну, Раману Сеніку і Аляксандру Бадэры. — РС) супольнага памятнага знаку першым загінулым на вуліцы Грушэўскага», — паведаміў дырэктар музэю Рэвалюцыі Годнасьці Ігар Пашывайла ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.

Знойдзены ў Кіеве дэмантаваны помнік Міхасю Жызьнеўскаму, 13 кастрычніка 2023
Знойдзены ў Кіеве дэмантаваны помнік Міхасю Жызьнеўскаму, 13 кастрычніка 2023

Генэральны дырэктар музэю Рэвалюцыі Годнасьці дадаў, што месца, дзе знаходзіўся помнік Міхаілу Жызьнеўскаму, зьяўляецца часткай тэрыторыі помніка гісторыі мясцовага значэньня «Месца баявых дзеяньняў і масавай гібелі грамадзян падчас акцый пратэсту ў студзені-лютым 2014 году».

«Аднак сам памятны знак, згодна з уліковай дакумэнтацыяй, ня меў статусу аб’екта культурнай спадчыны ці помніка», — падкрэсьліў Ігар Пашывайла.

Паводле яго, музэй ня меў паўнамоцтваў уплываць «на канкрэтны памятны знак Міхаілу Жызьнеўскаму, які ня мае ахоўнага статусу».

«У гэтай сытуацыі для нас прынцыповым было тое, што рашэньне яго дэмантажу ўзгаднілі з прадстаўнікамі сем'яў Герояў „Нябеснай сотні“», — дадаў ён.

Ігар Пашывайла паведаміў, што кіеўскія ўлады не ўзгаднялі з музэем пытаньне дэмантажу помніка, не інфармавалі аб ягоным цяперашнім месцы знаходжаньня і аб далейшым плянах яго ўсталяваньня.

Не вярнулі на месца, бо «дысанасуе» з новым помнікам

Паводле дырэктара музэю, перад дэмантажам помніка і будаўніцтва на ягоным месцы новага мэмарыялу музэй атрымаў ліст з Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці, зь якога вынікае, што арганізацыя «Сям’я Герояў „Нябеснай сотні“» пагадзілася на дэмантаж усіх асобных помнікаў, усталяваных на вуліцы Грушэўскага — Міхаілу Жызьнеўскаму, Сяргею Нігаяну, Раману Сеніку, Аляксандру Бадэры і Юрыю Вярбіцкаму, але з умовай, што іхныя імёны будуць пазначаныя на новым мэмарыяле.

«Такі варыянт вырашэньня пытаньня дае магчымасьць зьменшыць колькасьць памятных знакаў і зрабіць немагчымым забыцьцё тых падзей. На мэмарыяльным комплексе героям-кіеўлянам, якія аддалі сваё жыцьцё за цэласнасьць і незалежнасьць Украіны, пакуль што імён ня будзе, бо вайна працягваецца і сьпіс яшчэ не канчатковы, а пра гібель герояў „Нябеснай сотні“ ўсе факты ўжо вядомыя», — аргумэнтаваў кіраўнік арганізацыі «Сям’я Герояў „Нябеснай сотні“» Юры Аксенін.

У сваім лісьце Юры Аксенін прапанаваў Украінскаму інстытуту нацыянальнай памяці некалькі варыянтаў магчымых надпісаў і паведамляў, што помнік Жызьнеўскаму дэмантавалі, але нібыта плянавалі ўсталяваць недзе побач з тым жа самым месцам. Але праз тое, што ён пасьля вяртаньня будзе ствараць дысананс з новым мэмарыялам, папрасіў прапанаваць архітэктарам стварыць новы памятны знак.

Гэтае абмеркаваньне адбывалася ў пачатку жніўня 2021 году, а новы манумэнт адкрылі 29 жніўня 2021 году.

Мэмарыяльны комплекс героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны
Мэмарыяльны комплекс героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны

На мэмарыяле няма ніводных імёнаў — ні тых, хто загінуў на ўсходзе Ўкраіны, ні тых, каго расстралялі ў часе масавых пратэстаў перад пачаткам вайны на Данбасе.

Адзіны подпіс, які зрабілі на новым мэмарыяле
Адзіны подпіс, які зрабілі на новым мэмарыяле

Што папярэднічала

13 кастрычніка стала вядома, што дэмантаваны помнік Міхаілу Жызьнеўскаму знаходзіцца ў кустах, непадалёку ад таго месца, дзе раней і быў усталяваны. Помнік знайшлі абшытым дошкамі, імаверна для таго, каб засьцерагчы ад пашкоджаньня ці падрыхтаваць да транспартаваньня.

Помнік быў створаны і ўсталяваны за кошт ахвяраваньняў грамадзкасьці. На яго афіцыйнае адкрыцьцё тады прыяжджалі бацькі Жызьнеўскага, прысутнічалі і прадстаўнікі іншых Герояў Нябеснай сотні. На помніку быў надпіс на ўкраінскай мове «Білорус, який поклав життя за вільне майбутнє України» («Беларус, які аддаў жыцьцё за свабодную будучыню Ўкраіны»).

Свабода зьвярнулася да мэра Кіева Віталя Клічка з афіцыйным запытам, у якім папрасіла паведаміць, куды перанесьлі помнік Герою Ўкраіны Міхаілу Жызьнеўскаму. На першы запыт, які Свабода накіравала ў Кіеўскую гарадзкую дзяржаўную арганізацыю адразу пасьля дэмантажу помніка, улады дагэтуль не адказалі.

Міхась Жызьнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 году падчас Эўрамайдану ў Кіеве. У 2017 годзе яго ўшанавалі званьнем Героя Ўкраіны. Зорку Героя Ўкраіны тагачасны прэзыдэнт Пятро Парашэнка перадаў бацькам Міхася. Забойца дагэтуль ня знойдзены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG