Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: экс-падпалкоўніка КДБ Храловіча перавялі на турэмны рэжым, журналіста Мажэйку этапавалі ў калёнію


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле стану на 9 лістапада, праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычнымі вязьнямі 1460 чалавек. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.


Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча перавялі на турэмны рэжым

Аляксей Храловіч, архіўная выява
Аляксей Храловіч, архіўная выява

Як даведаліся праваабаронцы, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбыўся суд па замене былому падпалкоўніку КДБ Аляксею Храловічу рэжыму ўтрыманьня. Паводле рашэньня судзьдзі Тацяны Хрыпач, палітвязьня перавялі на турэмны рэжым, паведаміў 9 лістапада праваабарончы цэнтар «Вясна».

30 сакавіка 2022 году ў Менскім гарадзкім судзе Аляксея Храловіча асудзілі да 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Таксама ён пазбаўлены вайсковага званьня «падпалкоўнік». Пад вартай да суда яго ўтрымлівалі каля году.

Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржаўным тэлебачаньні, Храловіч нібыта меў дачыненьне да перадачы заснавальніку тэлеграм-каналу Nexta Сьцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыё размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі ў Менску.


Журналіста Паўла Мажэйку этапавалі ў калёнію

Павал Мажэйка, архіўнае фота
Павал Мажэйка, архіўнае фота

Палітзьняволенага горадзенскага журналіста Паўла Мажэйку адправілі этапам з СІЗА ў папраўчую калёнію. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Ірына Чарняўка, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У якой калёніі будзе адбываць прысуд журналіст — пакуль невядома. Як і тэрмін, колькі будзе доўжыцца этап. Сваякі будуць чакаць ад Паўла ліст, калі ён ужо прыбудзе на месца.

17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч, асуджаных да зьняволеньня па абвінавачаньні ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Абодвух сёлета 26 ліпеня Горадзенскі абласны суд прыгаварыў да 6 гадоў калёніі, прычым Паўла — ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэты вырак Вярхоўны суд пакінуў у сіле.

Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 году ў Горадні па вяртаньні ў Беларусь з Польшчы. Пасьля затрыманьня ў ягонай кватэры і ў кватэры ягоных бацькоў сілавікі правялі ператрусы. У чым журналіста вінавацілі, доўгі час не было вядома, бо адвакат знаходзіўся пад падпіскай аб неразгалошваньні. Тое, што яму інкрымінавалі «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу), стала вядома толькі ў сакавіку 2023 году.

Паводле сьледзтва, адвакатка Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненьне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павал нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб перадачы інфармацыі, час і датычных да гэтага іншых асобаў сьледзтва ня высьветліла. Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч сваёй віны не прызналі.

Справу журналіста і адвакаткі ў Горадзенскім абласным судзе разьбіраў судзьдзя Максім Філатаў, вядомы сваімі жорсткімі прысудамі па палітычных справах. Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суду Павал Каршуновіч падтрымаў вырак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG