Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клубок, які немагчыма разблытаць. Пра адказнасьць за вайну на Блізкім Усходзе


Баі на мяжы Ізраілю з сэктарам Газа
Баі на мяжы Ізраілю з сэктарам Газа

Палестынскі бок у вайне на Блізкім Усходзе ўвасоблены зараз найперш ХАМАС (прызнаным у ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй) і падтрыманы тэрарыстамі, дыктатарамі і пагромнікамі ва ўсім сьвеце.

Але нават гэта не азначае, што дэмакратычны гераічны Ізраіль тут толькі бясспрэчная і беззаганная «сіла дабра». Вось такі парадокс.

Араба-ізраільскі канфлікт ці канфлікт у Нагорным Карабаху — з многімі цяперашнімі войнамі шмат што незразумела. І быццам нават ня важна, хто першы пачаў і хто большую мае рацыю, бо наступныя злачынствы адно супраць аднаго ўжо перакрываюць і амаль прымушаюць забыцца пра першапачатковую сутнасьць супярэчнасьцяў.

З эмацыйнага (ды і ня толькі) пункту гледжаньня нельга не падтрымліваць Ізраіль у цяперашні складаны час, пасьля вусьцішнай тэрарыстычнай атакі 7 кастрычніка. І гэтая падтрымка сярод адукаванай постсавецкай грамадзкасьці выглядае як амаль татальная: за арабаў выступаюць толькі дыктатарскія рэжымы кшталту пуцінскага ці лукашэнкаўскага альбо, такое ўражаньне, асобныя публічныя дзеячы-мусульмане, некаторыя зь якіх у сваёй аргумэнтацыі хутка скочваюцца ў антысэмітызм ды іншы экстрэмізм.

Усё гэта замінае глыбокаму разважліваму аналізу. Дый не да разважлівасьці на фоне вайны і жахлівых гісторый ізраільцянаў, закатаваных хамасаўцамі.

І тым ня менш гэта павінна прагучаць ня толькі з вуснаў пуцінскай прапаганды: сумленнаму вонкаваму назіральніку, нават не абазнанаму ў тонкасьцях араба-ізраільскага супрацьстаяньня (як я), ня можа ня быць бачным, што ізраільскія палітыкі, цяперашнія і мінулыя, нясуць прынамсі частку адказнасьці за тое, што адбываецца. І ўжо на гэтую суадказнасьць кладзецца дзікунства тэрарыстаў, якое, безумоўна, нічым ня можа быць апраўданае. Але ключ да вырашэньня гэтага крызісу, здаецца, у руках менавіта ізраільскіх палітыкаў.

Пратэсты супраць Ізраілю не заўсёды антысэмітызм

Большасьць габрэяў прыехалі ў Ізраіль цягам апошніх ста гадоў. Гэта факт. Маніпулятыўныя спасылкі (зрэшты, абодвух бакоў канфлікту) на рэлігійныя кнігі, археалёгію і адсылкі да старажытнай гісторыі пра тое, чые далёкія продкі тут нібыта першымі жылі чатыры тысячы гадоў таму, гэта не аргумэнт. Для габрэяў-ашкеназаў апошняюю тысячу гадоў радзімай была Ўсходняя Эўропа. Для габрэяў-сэфардаў — Гішпанія і Магрыб. А не Палестына, дзе паводле стану на пачатак XX стагодзьдзя жылі ў асноўным арабы. Што, вядома, не пазбаўляе габрэяў права жыць там. Але...

Тое, што многія нашы продкі, «карэнныя» эўрапейцы, здаралася, дрэнна ставіліся да габрэяў, апагеем чаго стаўся гітлераўскі Галакост, не зьяўляецца нагодай для таго, каб несправядліва ставіцца да якіхсьці іншых, трэціх этнічных ці рэлігійных супольнасьцяў. Якімі б тыя людзі ні былі камусьці непрыемнымі, незразумелымі і як бы няшчасныя галовы многіх зь іх ні былі затлумленыя нянавісьцю, прапагандай і сярэднявечнымі рэлігійнымі забабонамі.

Пратэсты супраць Ізраіля — гэта не заўсёды антысэмітызм. І антысэмітызм не зьяўляецца апраўданьнем такога ж самага шавінізму адносна мусульманаў ці любой іншай этнічнай ці рэлігійнай групы.

Часам ствараецца ўражаньне, што абодва бакі ня могуць або ня хочуць даваць выразнага, разумнага і ўзважанага адказу на пытаньне, як жа трэба разьвязаць гэты канфлікт.

Замест разьмежаваньня з палестынцамі (няўжо насамрэч ёсьць іншыя варыянты?) Ізраіль шмат дзесяцігодзьдзяў працягвае маўкліва будаваць свае паселішчы на тэрыторыі палестынскага Заходняга берагу Ярдану, часта насуперак міжнароднаму праву і пратэстам міжнароднай супольнасьці (у тым ліку краінаў Захаду). І гэтым, а таксама акупацыяй сырыйскіх Галянскіх вышыняў, дзесяцігодзьдзямі разьдзімаецца нянавісьць мільёнаў арабаў і мусульманаў ва ўсім сьвеце супраць Ізраіля і супраць усіх габрэяў.

Пра тое, што многія палестынцы выхоўваюць дзяцей у жывёльнай нянавісьці да габрэяў і што мэтай іхных палітычных рухаў кшталту ХАМАС адкрыта абвяшчаецца зьнішчэньне Ізраіля і, па магчымасьці, фізычнае зьнішчэньне габрэяў, напісана шмат і пераканаўча. Як і пра сумнеўную ролю навакольных арабскіх дзяржаваў. Ці пра тое, што за ўсім гэтым традыцыйна стаяць злачынцы і дыктатарскія рэжымы — СССР, Іран, пуцінская Расея, асадаўская Сырыя, емэнскія хусіты і лібанская «Хэзбала».

Але, калі я цяпер чытаю многіх постсавецкіх ізраільскіх і праізраільскіх аўтараў зь іхнымі інтэлігентна сфармуляванымі поглядамі, прыкладна як у Пуціна і махачкалінскіх пагромнікаў, толькі скіраванымі ў другі бок, ці то на магчымасьць этнічнай чысткі двухмільённага насельніцтва Газы (маўляў, «усе яны аднолькавыя, у тым ліку дзеці»), ці то на пуцінскія разважаньні пра чарговы «канец Эўропы» з прычыны жахлівых мігрантаў і жахлівых лібэральных фашыстаў з факультэту сацыялёгіі, далібог, шматтысячныя прапалестынскія дэманстрацыі ў эўрапейскіх сталіцах пачынаюць выклікаць трохі менш антыпатыі.

У чаканьні глябальных высноў

Пра араба-ізраільскі канфлікт можна адназначна сказаць толькі тое, што ў ім усё вельмі складана і амаль усё неадназначна.

Бясспрэчна толькі, што нельга рабіць этнічныя чысткі і вайсковыя злачынствы. І адназначна, што ХАМАС пасьля 7 кастрычніка павінен быць прыраўнаваны да «Ісламскай дзяржавы» і зьнішчаны.

Але нават пасьля ліквідацыі апошняга хамасаўца праблема ня будзе вырашаная, калі Ізраіль (а чаканьні ад прагрэсіўнага, багатага і адукаванага Ізраіля, зразумела, большыя, чым ад ягоных праціўнікаў) ня зробіць больш глябальных высноваў.

І прыкра прызнаваць, па шчырасьці, што араба-ізраільскі канфлікт, які пачаўся адразу пасьля выхаду брытанцаў з Палестыны пасьля Другой сусьветнай амаль 80 гадоў таму, — гэта клубок, які ўжо мае мала шанцаў быць разблытаным мірным чынам. Як ня мог быць мірна разблытаны клубок вакол Нагорнага Карабаху. Трагічны добраахвотны выхад усяго стотысячнага карэннага армянскага насельніцтва Карабаху, які ў выніку адбыўся, і быў найбольш мірным шляхам вырашэньня гэтага канфлікту. Але тут так проста не атрымаецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG