Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады ад самага пачатку не разьлічвалі, што камісія будзе спрыяць вяртаньню палітуцекачоў», — гісторык Аляксандар Пашкевіч


Акцыя беларусаў Беластоку да трэцяй гадавіны выбараў, 9 жніўня 2023 году
Акцыя беларусаў Беластоку да трэцяй гадавіны выбараў, 9 жніўня 2023 году

Гісторык Аляксандар Пашкевіч ацэньвае дзейнасьць дзяржаўнай «камісіі па вяртаньні», адказвае на пытаньне, дзеля чаго яна была створана, і разважае, ці сапраўды ўлада занепакоілася масавымі ўцёкамі беларусаў з краіны.

Сьцісла:

  • Ніхто і не зьбіраўся ствараць для гэтай камісіі «мірны» пазытыўны імідж.
  • Вэрсія, што гэтая камісія стваралася дзеля таго, каб прынесьці нейкі рэальны плён, — вельмі сумнеўная.
  • Вынікі дзейнасьці камісіі — адлюстраваньне пэўных супярэчнасьцяў і розных падыходаў у лукашэнкаўскім лягеры.
  • Дзейнасьць камісіі нікому ня шкодзіць, улады сьмела могуць працягнуць яе і далей.
  • Калі нейкія захады і робяцца, то яны хутчэй рэпрэсіўнага характару, блізкія з мэтадамі прыгоннага права — прывязваць, прымушаць працаваць.

— Днямі адбылося чарговае паседжаньне гэтак званай Камісіі па вяртаньні, якая зноў канстатавала, што беларусы ў масавым парадку не жадаюць падаваць у яе свае прашэньні аб дараваньні. Ці можна канстатаваць, што і ў прапагандысцкім, і ў палітычным сэнсе функцыя і ідэя гэтай камісіі цалкам праваліліся, што яна не дала ніякіх істотных вынікаў для ўлады?

— Я думаю, ва ўладаў ад самога пачатку не было асаблівых спадзяваньняў на тое, што камісія будзе карыстацца папулярнасьцю сярод тых беларусаў, якія зьехалі з краіны. Відаць, і задачы такой ня ставілася.

Аляксандар Пашкевіч
Аляксандар Пашкевіч

Гэта вынікае з таго, што рэклямы дзейнасьці камісіі, стварэньня яе пазытыўнага вобразу фактычна не было. Туды ўвайшлі падкрэсьлена адыёзныя асобы, як Азаронак, якія ня могуць не выклікаць нэгатыўнай рэакцыі ў беларусаў апазыцыйных поглядаў. Па-другое, любыя камэнтары і інтэрвію, якія давалі прадстаўнікі гэтай камісіі, рабілі ўражаньне, што ніхто і не зьбіраецца ствараць ёй «мірны», пазытыўны вобраз. Бо яе прадстаўнікі казалі, што ўсе, хто падае ў камісію, павінны пакаяцца, што нават рашэньне камісіі не гарантуе дараваньня, што будзе суд вырашаць, і гэтак далей. Фактычна давалі зразумець, што гэтая камісія — «фількава грамата».

І, вядома, узьнікае пытаньне: навошта ўвогуле яе стваралі, дзеля чаго яна была патрэбная? Калі і прапагандысцкія мэты не былі дасягнутыя, і рэальна ніхто ня быў зацікаўлены, каб людзі вярталіся.

— Дык сапраўды — навошта яе стваралі, па-вашаму? Можа, калі стваралі — то чамусьці разьлічвалі, што людзі пабягуць падаваць туды заявы?

— Не падобна, каб на гэта разьлічвалі. Так здарылася б, калі б людзі пабачылі, што гэтая камісія сапраўды дае нейкія палёгкі і гарантыі, каб былі больш дакладна пазначаныя тыя дробныя «грахі», якія даруюцца. Гэтага нічога не было зроблена, так што вэрсія, што гэтая камісія стваралася, каб даць нейкі рэальны вынік, для мяне вельмі сумнеўная.

Дзеля чаго ж яе стваралі? Магчыма, гэта проста вынік пэўных супярэчнасьцяў і розных падыходаў у лукашэнкаўскім лягеры, калі адны — умоўныя «галубы» — лічылі неабходным зьменшыць маштаб рэпрэсіяў, пайсьці на нейкія прымірэнчыя крокі, а іншыя — умоўныя «ястрабы» — гэтаму супярэчылі. І стварэньне камісіі, магчыма, стала кампрамісам паміж гэтымі плынямі. Але ў выніку яе праціўнікі здолелі проста выхаласьціць яе працу.

Магчыма таксама, што камісію стваралі на выпадак зьменаў ва ўнутранай палітыцы. Калі б пачалася пэўная адліга, то тады праца камісіі спатрэбілася б і шырока рэклямавалася б. Але такой палітычнай сытуацыі ня здарылася, і камісія дзейнічала на халастых абаротах.

— Так, праца камісіі выглядала даволі цынічна на фоне таго, што людзей, якія па сваіх сямейных справах вярталіся ў Беларусь, — хапалі і саджалі за краты.

— Так, усё гэта выглядала даволі цынічна на фоне таго, што ўнутраны махавік рэпрэсіяў не спыніўся. Паўтаруся, што, магчыма, калі стваралі камісію, то некаторыя ва ўладзе думалі, што цягам году рэпрэсіі трэба будзе згарнуць, — але гэтага не адбылося. Таму праца камісіі і выглядала зусім недарэчна.

— Як падаецца, ад 2020 году ўжо ня першы раз улада стаяла на такім раздарожжы, калі яна магла павярнуць убок ад рэпрэсіяў, да замірэньня з грамадзтвам. Але кожны раз не рабіла кроку да замірэньня, а вярталася да рэпрэсіяў. Чаму?

— Рэальным раздарожжам, мне падаецца, можна лічыць той момант, калі афіцыйна (у тым ліку сам Лукашэнка) пачалі гаварыць пра амністыю да 17 верасьня, рыхтавалі ўжо нейкія сьпісы — але ўрэшце ўсё засталося на ўзроўні размоваў. Так што палітычнай волі на аслабленьне рэпрэсіяў не было, што відавочна адбілася на працы камісіі.

— Тэрмін зваротаў грамадзянаў у камісію заканчваецца да канца гэтага году. Што яны зробяць далей — проста спыняць працу ці працягнуць яе дзейнасьць?

— Тут магчымыя варыянты, у залежнасьці ад таго, якія настроі ў праўладным лягеры, якія падыходы там запануюць. Магчымы і першы, і другі варыянт. Аднак дзейнасьць камісіі асабліва нікому ня шкодзіць, яны сьмела могуць працягнуць яе і далей.

— Нядаўна намесьнік міністра ўнутраных спраў Карпянкоў агучыў лічбу, што зь Беларусі пасьля 2020 году зьехалі 350 тысяч чалавек, — хоць да гэтага прапаганда нярэдка казала пра сотні альбо тысячы, значна зьмяншаючы гэтую лічбу. Ці можна канстатаваць, што ўлады пачынаюць разумець нэгатыўныя наступствы для эканомікі ад палітычнай эміграцыі?

— Мяркуючы па рэальных дзеяньнях улады, гэтага пакуль што не відаць. Працягваюцца чысткі на прадпрыемствах і ўстановах, адбываюцца «аблавы» ў пэўных гарадах. Так што нельга сказаць, што ўлада робіць нейкія захады, каб спыніць працэс масавага выезду беларусаў.

І калі мы гаварылі пра пэўныя супярэчлівыя дзеяньні і заявы розных прадстаўнікоў улады — то відавочна, што сам Лукашэнка пакуль не прымаў рашэньня спыніць рэпрэсіі і, адпаведна, спыніць выезд актыўных беларусаў з краіны. Няма ніякага заахвочваньня эканамічнымі і палітычнымі мэтадамі, каб людзі заставаліся ў краіне. Калі нейкія захады і робяцца, то яны хутчэй рэпрэсіўнага характару, блізкія да мэтадаў прыгоннага права — прывязваць, прымушаць працаваць. Пакуль не відаць жаданьня ўладаў нешта зрабіць, каб аслабіць ціск на працаўнікоў, атмасфэра не памянялася. І лічбы ад’езду, якія ўлады ўжо пачалі агучваць, пакуль ня робяцца чыньнікам дзеля прыняцьця нейкіх рашэньняў, накіраваных на тое, каб аслабіць ціск на грамадзтва.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG