Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына Анатоля Лябедзькі перавялі ў ізалятар, дзе сядзеў бацька: «Так званы суд разыграў чарговы спэктакль»


Арцём Лябедзька
Арцём Лябедзька

Днямі адбыўся разгляд апэляцыйнай скаргі сына Анатоля Лябедзькі. Арцёму Лябедзьку прысудзілі ў жніўні 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта «фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня».

«Літаральна ў аўторак так званы суд разыграў чарговы спэктакль. Падчас апэляцыі яны нават выйшлі на 40 хвілінаў і нібыта пра нешта раіліся. Прысуд пакінулі ў сіле — 3,5 года. Зараз Арцём знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, з «Валадаркі» яго перавезьлі ў Баранавічы, у тыя самыя «канюшні», дзе я сядзеў у 2020 годзе.

Магчыма, што нават у той самай камэры і на тых самых нарах ляжыць мой сын. Цяпер ён чакае пераводу ў «Ваўчыныя норы» і будзе там», – сказаў Свабодзе Анатоль Лябедзька.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце. У ім палітык расказвае пра візыт у Рыгу з мэтай пераканаць Саэйму Латвіі выключыць згадку пра грамадзян Беларусі з праекту закону аб дарожным руху. Са сьнежня ў Латвіі зьбіраліся канфіскоўваць аўтамабілі зь беларускімі і расейскімі нумарамі.

24 жніўня Менскі гарадзкі суд асудзіў палітвязьня Арцёма Лябедзьку на 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынес Яўген Пісарэвіч. Менавіта такога пакараньня на судовым паседжаньні 23 жніўня запрасіў пракурор Раман Бізюк.

Арцёма Лябедзьку прызналі вінаватым у «фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня». Паводле матэрыялаў справы, «з выкарыстаньнем разьліковага рахунку аднаго з банкаў з дапамогай мабільнага тэлефона» ён зрабіў «шэраг грашовых пераводаў тром арганізацыям, прызнаным экстрэмісцкімі», а таксама «рабіў пераводы праз Facebook». Падсудны віны не прызнаў.

У судзе Арцём Лябедзька сказаў, што яго судзяць замест бацькі. Ягоны бацька Анатоль Лябедзька зьяўляецца дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарляменцкім супрацоўніцтве.

Арцёма Лябедзьку затрымалі 28 сакавіка нібыта за «дробнае хуліганства» і пасьля арыштавалі на 15 дзён, а потым яшчэ раз на такі ж тэрмін. Пасьля яго заканчэньня на волю ён ня выйшаў — яго ўзялі пад варту ў рамках крымінальнай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG