Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На экс-палітвязьня і праваабаронцу Леаніда Судаленку завялі новую крымінальную справу


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Сьледчы камітэт Беларусі завёў новую крымінальную справу супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які нядаўна вызваліўся з калёніі.

Пра гэта сам Леанід Судаленка паведаміў 2 лістапада на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Праваабаронца стаў падазраваным па крымінальнай справе аб садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

«Як вядома, першы раз мяне кінулі ў турму за дапамогу людзям. Адседзеў, выйшаў па званку і роўна на 100 дзён свабоды новыя абвінавачаньні, не падабаецца, як я пра гэта расказваю людзям. Выходзіць зараз за тое, што не маўчу...» — так пракамэнтаваў Леанід Судаленка новую крымінальную справу супраць яго.

  • Леанід Судаленка — старшыня гомельскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат прэстыжнай францускай прэміі «Свабода — Роўнасьць — Братэрства», а таксама ляўрэат беларускай Нацыянальнай прэміі за дасягненьні ў галіне правоў чалавека. Сярод іншага, Леанід Судаленка дапамагаў рыхтаваць і адсылаць шматлікія індывідуальныя звароты супраць дзеяньняў уладаў Беларусі ў Камітэт ААН па правах чалавека.
  • Судаленку затрымалі 18 студзеня 2021 году. 3 лістапада 2021 году судзьдзя Сяргей Салоўскі з суду Цэнтральнага раёну Гомля прысудзіў Судаленку 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкулаў «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і «навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 2 арт. 342 КК).
  • Сутнасьць абвінавачаньня была ў тым, што Судаленка дапамагаў пісаць скаргі і выплачваць штрафы жыхарам Гомельскай вобласьці, якіх перасьледавалі за ўдзел у акцыях пратэсту пасьля выбараў прэзыдэнта ў 2020 годзе. Той факт, што праваабаронца дапамог шматдзетнай сям’і арыштаванага Леаніда Кавалёва сабраць сродкі і купіць дровы на зіму, сьледзтва трактавала як «фінансаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
  • Праваабаронца адбываў пакараньне ў віцебскай калёніі «Віцьба», зь якой выйшаў 21 ліпеня. Пасьля гэтага ён выехаў зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG