Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыялягіні Тацяне Вадаласкай — 50. Яна сустракае юбілей у зьняволеньні


Тацяна Вадалаская
Тацяна Вадалаская

Улады асудзілі Вадаласкую на 2,5 года «хіміі». Праваабаронцы назвалі прысуд палітычна матываваным.

Каардынатарка «Лятучага ўнівэрсытэту», сацыялягіня Тацяна Вадалаская 30 кастрычніка адзначае 50-годзьдзе.

Тацяна Вадалаская — праграмны каардынатар ініцыятывы «Лятучы ўнівэрсытэт», якую пашыраў філёзаф і мэтадоляг, таксама палітвязень Уладзімер Мацкевіч.

Юбілярка — сябра міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «ЭўраБеларусь», зарэгістраванага ў Літве. Летась у жніўні ў актывістаў гэтага аб’яднаньня прайшлі ператрусы.

Вадалаская супрацоўнічала з Агенцтвам гуманітарных тэхналёгій, дзе была экспэртам аналітычнай групы, і з Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі, у якім была старшым аналітыкам.

Тацяна Вадалаская — кандыдат сацыялягічных навук. У 1996 годзе яна скончыла аддзяленьне сацыялёгіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1996–2007 гадах працавала ў Інстытуце сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, займала там пасаду старшай навуковай супрацоўніцы.

Як навукоўца Вадалаская займалася праблематыкай станаўленьня і трансфармацыі нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасьці. Акрамя таго, дасьледавала сайты малых беларускіх гарадоў у кантэксьце гарадзкога разьвіцьця і «забарону на прафэсію» ў беларускай дзяржаве.

Цікавілася распрацоўкай мэтадалёгіі і выкананьнем маніторынгу рэалізацыі Рэспублікай Беларусь Канвэнцыі UNESCO аб ахове і заахвочваньні разнастайнасьці формаў культурнага самавыяўленьня. Займалася сацыялягічнымі дасьледаваньнямі патэнцыялу салідарнасьці ў беларускай арганізаванай грамадзянскай супольнасьці.

Таксама Вадалаская дасьледавала патэнцыял салідарнасьці ў беларускім грамадзтве. Яна зьяўляецца аўтаркай шматлікіх навуковых і аналітычных публікацый, рэдактарам некалькіх навуковых зборнікаў і кніг.

З 23 сакавіка 2023 году Тацяну Вадаласкую ўтрымлівалі ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Яе абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). На судзе трымалі ў кайданках.

Упершыню Вадаласкую затрымалі пасьля ператрусу 4 жніўня 2021 году. Тады яна атрымала 10-дзённы арышт. Адпусьцілі Тацяну 14 жніўня ў статусе падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Пазьней яе некалькі разоў выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт. У сакавіку Тацяна зьвярнулася ў СК па дазвол паехаць у Літву на лячэньне, 23 сакавіка накіравалася ў СК па адказ, але ёй прад’явілі пастанову аб узяцьці пад варту.

«Я разумела, што так можа быць, таму ўзяла з сабой крыху асабістых рэчаў, такіх як зубная шчотка. Хоць мяне ніхто не выклікаў у Сьледчы камітэт, гэта была мая ініцыятыва. Я хацела ўзяць дакумэнты на выезд у санаторый у Літву. Калі я прыйшла туды, то мне выставілі абвінавачаньне і зьмянілі меру стрыманьня. Усё было вельмі хутка, без асаблівых дадатковых пытаньняў», — расказвала сацыялягіня пра сваё затрыманьне блогу «Галасы».

Прысуд аказаўся такім, якога прасіў пракурор. Сваёй віны Вадалаская не прызнала.

У сваім апошнім слове яна сказала, што артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян на свабоднае выказваньне сваіх думак і перакананьняў.

«Я лічу, што мае дзеяньні 25 кастрычніка 2020 году адпавядалі гэтаму канкрэтнаму артыкулу Канстытуцыі, і я такім чынам выказала сваё стаўленьне да сытуацыі — выказала сваю грамадзянскую пазыцыю. Нягледзячы на тое, што гэта публічнае мерапрыемства не было ўзгодненае, я думаю, што ў выключных выпадках, калі ігнаруюцца погляды і пазыцыя грамадзян, калі ў іх няма іншай магчымасьці, яны маюць права мірна сабрацца і мірна пратэставаць.

У маіх дзеяньнях не было разбурэньня, скіраванасьці на разбурэньне, а хутчэй наадварот, жаданьне перавесьці той палітычны канфлікт і палітычныя супярэчнасьці, якія існуюць у грамадзтве, у цывілізаваны курс, у рэчышча перамоваў і павагі да поглядаў усіх грамадзян. Cпакой і грамадзкі парадак будуюцца толькі на павазе да меркаваньня ўсіх грамадзян, павазе да ўсіх палітычных поглядаў, а рух да будучыні вызначаецца дыялёгам, хоць і вострымі, але дыскусіямі, але ня арыштам ці ўжываньнем гвалту».

Таксама Вадалаская заявіла, што спадзяецца на тое, што бліжэйшым часам у Беларусі людзі менавіта дыскусіямі вырашаць усе пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG