Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень расказаў, пасьля чаго Максім Знак мог трапіць у ШЫЗА


 Максім Знак у судзе. Архіўнае фота
Максім Знак у судзе. Архіўнае фота

Па словах Леаніда Судаленкі, які адбываў пакараньне ў адной калёніі са Знакам, былога адваката маглі справакаваць на парушэньне.

Былы адвакат Максім Знак не выходзіць са штрафнога ізалятара калёніі «Віцьба-3» зь лютага 2023 году. За што яго туды зьмяшчаюць раз за разам, невядома.

Праваабаронца Леанід Судаленка вызваліўся зь «Віцьбы» ў ліпені. У размове са Свабодай ён расказаў пра адзін выпадак, пасьля якога Знак трапіў у ізалятар.

«Максіму пад відэарэгістратар прапанавалі мыць падлогу ў прыбіральні, ён, зразумела, адмовіўся. За гэта зьмясьцілі ў ШЫЗА. Што зь ім там адбывалася, ня ведаю. Ведаю толькі, што праз паўгода яго вывелі з ШЫЗА на КПП, бо там яго бачылі, але адразу вярнулі зноў у ШЫЗА. Зь якой фармальнай прычыны, можна здагадвацца. Можа, знайшлі пыл на паліцы, ці прылёг удзень на падлогу, як было са мной. Але з таго часу, ужо больш за месяц, Максіма ў атрадзе ня бачылі. Гэта ведаю ад дасьведчанай крыніцы. Ён можа быць і ў ПКТ», — мяркуе Леанід Судаленка, які не называе сваіх крыніц дзеля бясьпекі.

Леанід Судаленка вызваліўся з калёніі № 3 21 ліпеня 2023 году. Паводле былога палітвязьня, з Максімам Знакам ён на тэрыторыі калёніі кантактаваў некалькі разоў.

«Я быў у восьмым атрадзе, а ён у дзявятым. Першы раз зь ім сустрэўся на промцы (у прамысловай зоне. — РС), калі пайшоў у швейны цэх падшыць сабе вопратку. Падышоў павітацца. Хвілін пяць паразмаўлялі, да гэтага мы зь ім асабіста не былі знаёмыя. Ён вельмі цікавы суразмоўца, цікава было чуць яго развагі. Заўсёды віталіся за руку, маглі ў сталоўцы таксама перасякацца», — згадаў Судаленка.

Паводле Леаніда Судаленкі, да зьмяшчэньня ў ШЫЗА Максім Знак на здароўе ня скардзіўся.

«На здароўе ён ня скардзіўся, я шмат разоў бачыў яго на стадыёне, ён бегаў», — кажа Леанід Судаленка.

Перасьлед Максіма Знака

  • Адвакат Максім Знак да арышту 9 верасьня 2020 году ўваходзіў у штаб верагоднага кандыдата на прэзыдэнта, экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі.
  • Таксама быў абраны сябрам прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, якая прапаноўвала дыялёг аб мірным разьвязаньні крызісу, што ўзьнік пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • У верасьні 2021 году суд прысудзіў Максіму Знаку 10 гадоў зьняволеньня паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім). Былы адвакат сваёй віны не прызнаў і абскардзіў прысуд, але марна.
  • Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2022 годзе Максіма Знака таксама зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ у калёніі «Віцьба-3».
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Максіма Знака палітвязьнем. У траўні 2022 г. ААН прызнала зьняволеньне Максіма Знака незаконным.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG