Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская прызначыла кіраўніка апарату Аб’яднанага пераходнага кабінэта


Сьвятлана Ціханоўская і Валер Мацкевіч, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская і Валер Мацкевіч, архіўнае фота

Ім стаў Валер Мацкевіч, палітык і грамадзкі дзеяч.

У палітыцы Валера Мацкевіча ведаюць з 1999 году. У свой час ён быў намесьнікам старшыні моладзевай арганізацыі «Малады фронт».

Як піша прэсавая служба АПК, Мацкевіч мае досьвед супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі і палітычнымі структурамі. Быў каардынатарам мабілізацыйных кампаній падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001, 2006, 2010 гадоў. У 2007 годзе балятаваўся ў мясцовы савет дэпутатаў.


Падчас перадвыбарнай кампаніі 2020 году кіраваў адной са стратэгічна-аналітычных груп у аб’яднаным штабе Сьвятланы Ціханоўскай. Адразу пасьля выбараў прайшоў праз жодзінскую турму і ізалятар на Акрэсьціна.
Зьяўляецца сябрам Каардынацыйнай рады ад пачатку яе стварэньня, з восені 2020 году.

Валер Мацкевіч пракамэнтаваў сваё прызначэньне:


«Перад Кабінэтам як асноўным выканаўчым органам дэмакратычных сіл Беларусі стаіць вельмі адказная задача ў рэалізацыі стратэгіі, якая мусіць забясьпечыць набліжэньне транзыту ўлады ад злачыннага рэжыму да законнай і дэмакратычнай улады».

Мацкевіч прызнаў, што кабінэт фактычна ўсё больш выконвае ролю альтэрнатыўнага ўраду, вядзе распрацоўку такіх глябальных і сацыяльна значных праектаў, як нацыянальны пашпарт, ці, напрыклад, інфармацыйна-кансультацыйная служба „Адно акно“.

«Як кіраўнік апарату я бачу сваёй асноўнай місіяй арганізацыю працы Кабінэта як зладжанага мэханізму, які мае супольныя прыярытэты і адзіную мэту — незалежную дэмакратычную Беларусь без палітзьняволеных і зь легітымнай уладай».

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG