Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты знайшлі на вайсковых палігонах Расеі катоўні для кантрактнікаў


Вайсковыя вучэньні на палігоне «Прудбой» у Валгаградзкай вобласьці ў красавіку 2014 году. Ілюстрацыйнае фота
Вайсковыя вучэньні на палігоне «Прудбой» у Валгаградзкай вобласьці ў красавіку 2014 году. Ілюстрацыйнае фота

Практыка выкарыстаньня ямаў была ў так званых ЛДНР яшчэ да поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Потым на «ямы» на акупаваных украінскіх тэрыторыях скардзіліся мабілізаваныя, а цяпер іх выкарыстоўваюць у Расеі — і не ў памежных лягерах, а ва ўмоўна бясьпечных месцах.

Супольнасьць расьсьледнікаў Conflict Intelligence Team супольна з журналістамі выданьня «Важные истории» знайшлі на тэрыторыі расейскіх вайсковых палігонаў «ямы» для катаваньняў кантрактнікаў, якія добраахвотна прыйшлі на службу для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне.

Як паведамляецца ў расьсьледаваньні, катоўні дзейнічалі на двух найлепшых вайсковых палігонах, якія летам 2023 году наведваў намесьнік старшыні Савету бясьпекі Дзьмітрый Мядзьведзеў і міністар абароны Сяргей Шайгу — «Прудбой» у Валгаградзкай вобласьці і «Тоцкі» ў Арэнбурскай вобласьці.

Журналісты пацьвердзілі інфармацыю пра катоўні, атрыманую ад расейскіх вайскоўцаў, адпаведнымі спадарожнікавымі здымкамі.

Адзін з расейскіх вайскоўцаў паведаміў, што ў «ямах» сядзелі некалькі ягоных калег, якіх злавілі на п’янстве. Паводле яго, вайсковая паліцыя іх зьбівала і кідала ў «яму», у якой тыя знаходзіліся ад некалькіх дзён да тыдня. Ежу прыносілі раз на дзень, а ў мэдычнай дапамозе адмаўлялі.

«Людзі, якія вярталіся адтуль, больш не касячылі, усяго баяліся», — сказаў вайсковец. Ён паведаміў, што на палігоне былі дзьве такія ямы.

Адзін з аналітыкаў супольнасьці Conflict Intelligence Team, які мае вялікі досьвед службы ў расейскай арміі і спэцыялізуецца на пытаньнях баявой падрыхтоўкі, мяркуе, што такія ямы ня могуць быць гаспадарчымі або навучальнымі пляцоўкамі.

«Напрыклад, калі б гэта былі ямы пад сьмецьце з палігону, то іх не разьмяшчалі б так блізка да лягера — гэта супярэчыць патрабаваньням да расейскіх палігонаў. Зрабіць памыйніцу побач з намётавым лягерам — гэта вялікі штраф. Няважна, вайна, не вайна, кожны месяц езьдзяць эколягі, глядзяць, кантралююць», — сказаў аналітык.

Паводле яго, калі б гэта была навучальная пляцоўка, то побач зь ёй абавязкова была б пляцоўка пад шыхтаваньне вайскоўцаў.

Яшчэ адзін расейскі вайсковец, які дэзэртаваў, праходзіў навучаньне на палігоне «Тоцкі». Ён паведаміў журналістам выданьня «Важные истории», што тых, хто парушаў статут, там білі, трымалі ў кайданах, а «самым агрэсіўным» пагражалі ямамі.

І хоць ён сам гэтай ямы ня бачыў, але чуў, як ягоным калегам пагражалі такой катоўняй.

Расьсьледнікі нагадалі, што практыка выкарыстаньня ям была ў так званых ЛДНР яшчэ да поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Потым на «ямы» на акупаваных украінскіх тэрыторыях скардзіліся мабілізаваныя, а цяпер іх выкарыстоўваюць у Расеі — і не ў памежных лягерах, а ва ўмоўна бясьпечных месцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG