Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржава хоча паказаць, што імкнецца забіраць у багатых і аддаваць бедным»,— эканамістка Лузгіна


Беларускія грошы, ілюстрацыйнае фота
Беларускія грошы, ілюстрацыйнае фота

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна прагназуе, што будзе ў Беларусі з інфляцыяй і курсам даляра, і тлумачыць, да чаго можа прывесьці нястача кадраў у беларускай эканоміцы.

Сьцісла:

  • Цяперашні эканамічны рост ня верне Беларусь нават на ўзровень канца 2021 году.
  • Эканамічная палітыка стымуляваньня росту ў выніку можа прывесьці да росту інфляцыі.
  • Курс беларускага рубля ў найбліжэйшы час, хутчэй за ўсё, падаць ня будзе.
  • У Беларусі ствараюцца фактычна прыгонныя ўмовы працы.

— Беларускае кіраўніцтва спрабуе знайсьці ўсё новыя спосабы здабыць грошы ў бюджэт — уводзяцца новыя падаткі, павялічваюцца штрафы, упершыню ўводзіцца прагрэсіўная стаўка падаходнага падатку для асабліва багатых. Ці можа гэта дапамагчы напоўніць бюджэт? Ці гэтыя крокі маюць нейкі іншы сэнс?

— У нейкай ступені такі крок можа дапамагчы бюджэту, калі ўлічваць усе гэтыя зьмены. Тут і падатак на багатых, і падатак на індывідуальных прадпрымальнікаў, натарыюсаў, на дарагія аўтамабілі, на кватэры. Калі паглядзець праект бюджэту на наступны год, то там ідзе павялічэньне выдаткаў па многіх артыкулах на 15-20 працэнтаў. Натуральна, дэфіцыт бюджэту павялічыцца, але разам з тым вырастуць даходы насельніцтва.

Другі момант. Што тычыцца новага «падатку на багатых», то гэта можа мець і папулісцкае значэньне. Дзяржава дэманструе, што забірае ў багатых і аддае бедным.

— Цікава, які працэнт людзей у Беларусі можа трапіць пад гэты падвышаны падатак, які будзе распаўсюджвацца на асобаў з даходамі звыш 200 тысяч рублёў за год?

— Вядома, гэта вельмі маленькая колькасьць. Магчыма, нейкая частка ІТ-спэцыялістаў, кіраўнікі фірмаў і прадпрыемстваў.

Дасьледчыца Анастасія Лузгіна
Дасьледчыца Анастасія Лузгіна

Калі разглядаць гэты крок абстрактна, бяз сувязі зь беларускай сытуацыяй, то прагрэсіўны падатак (калі чым большыя даходы, тым большы падатак) існуе ў многіх краінах: у большасьці краінаў Эўропы, напрыклад. Аднак у цяперашняй сытуацыі зь беларускай эканомікай гэтая мера ўводзіцца, калі ідзе нарастаньне праблемаў з выдаткамі бюджэту. То бок уладам проста патрэбны грошы, размова не ідзе пра рэформу падаткаабкладаньня.

Цалкам магчыма, што людзі будуць спрабаваць выкарыстоўваць нейкія шэрыя схемы, каб не плаціць гэтага падвышанага падатку. На сёньня цяжка сказаць, наколькі гэта рэальна дапаможа бюджэту.

— Найлепшы спосаб адбіраньня грошай у насельніцтва — гэта інфляцыя. Але сёлета ўнікальны год у беларускай гісторыі, калі інфляцыя даволі невысокая. Чым гэта можна патлумачыць?

— Сапраўды, склалася даволі цікавая сытуацыя, калі інфляцыя на сёньня складае толькі 3 працэнты. Прычынаў некалькі. Па-першае, гэта агульнасусьветны працэс: сёлета інфляцыя запавольваецца амаль ва ўсіх асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі.

Па-другое, у 2023 годзе ў сьвеце істотна зьнізіліся цэны на энэрганосьбіты. Па-трэцяе, сэзонны чыньнік. Натуральна, што ўвосень, калі падключыцца ацяпленьне, калі падаражэюць садавіна-гародніна, інфляцыя вырасьце.

І, нарэшце, чыньнік жорсткага адміністрацыйнага дзяржаўнага кантролю над цэнамі.

Мае значэньне і тое, што беларускі рубель ад пачатку году ўмацаваўся ў дачыненьні да расейскага рубля, адпаведна, тавары, якія пастаўляліся з Расеі, маглі патаньнець.

Сукупнасьць усіх гэтых чыньнікаў прывяла да таго, што сёлета інфляцыя будзе даволі нізкая — можа, нават ніжэйшая за прагнозныя паказьнікі (6-7 працэнтаў). Магчыма, дарэчы, што прагнозныя паказьнікі будуць дасягнутыя і ў росьце ВУП, які заплянаваны на 3,8 працэнта. Але трэба разумець, што гэта проста аднаўленчы рост, бо ў 2022-м эканоміка ўпала на 4,7%, так што нават гэты цяперашні рост ня верне Беларусь на ўзровень канца 2021 году. І паколькі ў нас праводзіцца эканамічная палітыка стымуляваньня росту, то гэта ў выніку пры пэўных абставінах можа прывесьці да росту інфляцыі.

— А што будзе з курсам даляра?

— Курс беларускага рубля з пачатку году даволі моцна ўпаў да амэрыканскага даляра, але ён фактычна не зьмяніўся ў цэлым да валютнага кошыка. Бо беларускі рубель істотна ўмацаваўся да расейскага рубля.

Тыя хістаньні, якія мы бачым апошнія тыдні, тлумачацца вонкавымі чыньнікамі, найперш курсам расейскага рубля. Расейскі рубель даволі доўга падаў да астатніх валютаў, і гэта вельмі непакоіла расейскія ўлады. Цяпер яны ўвялі валютныя абмежаваньні, павялічылі стаўку Цэнтрабанку, і ў выніку спынілі падзеньне рубля.

Так што цяпер можна чакаць яшчэ пэўны час умацаваньня расейскага рубля, калі экспартэры пачнуць прадаваць валютную выручку на расейскім валютным рынку. І гэта паўплывае на дынаміку курсу беларускага рубля — у найбліжэйшы час ён, хутчэй за ўсё, падаць ня будзе.

Што тычыцца больш далёкай пэрспэктывы курсу, то тут шмат будзе залежаць ад сытуацыі ў расейскай эканоміцы. І пачнуць падключацца чыста ўнутраныя беларускія чыньнікі — наколькі моцным будзе інфляцыйны ціск, як хутка будзе нарастаць попыт на імпарт.

— Многія эканамісты кажуць, што зараз адна з галоўных праблемаў беларускай эканомікі — гэта нястача якасных высокакваліфікаваных кадраў. Тут і палітычная міграцыя, і эканамічныя нестабільнасьць, і войны ў рэгіёне. Як улады паспрабуюць вырашаць гэтую праблему? Падвышаць заробак ці, можа, запрашаць мігрантаў?

— Складана сказаць, чым Беларусь можа прывабіць мігрантаў. Вялікіх заробкаў яна прапанаваць ня можа, асабліва ў высокакваліфікаваных галінах, а менавіта тут Беларусі не хапае людзей. Нейкіх асабліва спрыяльных і гнуткіх умоваў для прадпрымальніцтва ў Беларусі таксама няма: наадварот, заціскаюцца гайкі.

Так, мы назіраем рост заробкаў цяпер. Пры гэтым падвышэньне ідзе ня толькі ў дзяржаўным сэктары, але і ў бізнэсе. Проста іначай не ўтрымаць работнікаў.

А з другога боку, ствараюцца фактычна прыгонныя ўмовы працы. Калі пашыраецца абавязковае разьмеркаваньне студэнтаў, калі дактароў хочуць прывязваць паводле кантракту на ўсё большы тэрмін, калі трэба з выканкамамі ўзгадняць жаданьне звольніцца з прадпрыемства.

Натуральна, што звычайны чалавек адразу не адчуе гэтых праблем, зьвязаных зь недахопам кадраў (а гэта адбываецца з палітычных і дэмаграфічных прычынаў). Калі колькасьць работнікаў скарачаецца, то, адпаведна, скарачаюцца магчымасьці для разьвіцьця эканомікі. У пэрспэктыве складана будзе дабівацца тэхналягічнага рыўка, складана забясьпечваць рост ВУП — менавіта з прычыны браку кваліфікаваных кадраў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG