Пасяджэньне камісіі ўпаўнаважаных у правах дзіцяці краін – удзельніц СНД пройдзе 1 лістапада ў Менску, паведамляе ТАСС са спасылкай на дзіцячага амбудсмэна пры прэзыдэнце Расеі Марыю Львову-Бялову.
На прэс-канфэрэнцыі 16 кастрычніка чыноўніца паведаміла, што ў склад згаданай камісіі ўваходзяць дзіцячыя амбудсмэны з Армэніі, Беларусі, Казахстана, Кіргізстана, Расеі і Таджыкістана. Акрамя таго, паводле яе слоў, расейскі інстытут упаўнаважанага працягвае «ўзаемадзейнічаць з калегамі» з Абхазіі і Паўднёвай Асэціі, непрызнаных утварэньняў на тэрыторыі Грузіі.
Узначаленая Львова-Бяловай камісія створана па ініцыятыве Масквы ў чэрвені 2023 года, тады ж адбылося першае пасяджэньне. У Менску ўпаўнаважаныя плянуюць «абмеркаваць напрацоўкі», абмяняцца досьведам і прадставіць пазыцыі па «актуальных пытаньнях абароны правоў дзяцей».
- 17 сакавіка гэтага года Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе выдаў ордэр на арышт Львовай-Бяловай і Уладзіміра Пуціна — за незаконны вываз дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.
- Беларускія дэмакратычныя сілы, а таксама дэпутаты Эўрапарлямэнту дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, бо ўкраінскія дзеці таксама вывозяцца ў Беларусь.
- 13 верасьня Эўрапарламэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МУС разгледзець такую магчымасьць.
- У Беларусі дзейнічае Нацыянальная камісія па правах дзіцяці.