Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт СНД падобны да сустрэчы пэнсіянэраў, якія скардзяцца на моладзь і на жыцьцё, — Вадзім Мажэйка


Удзельнікі саміту СНД у Бішкеку, 13 кастрычніка 2023 году
Удзельнікі саміту СНД у Бішкеку, 13 кастрычніка 2023 году

Палітычны аналітык, рэдактар «Беларускага Штогодніка» Вадзім Мажэйка аналізуе вынікі саміту СНД і цяперашні стан гэтай арганізацыі і тлумачыць, паводле якога прынцыпу Аляксандар Лукашэнка выбірае кірункі сваіх замежных візытаў.

Сьцісла:

  • Ёсьць зразумелае жаданьне, каб «здаровыя падтрымалі хворых», каб тыя, хто не пад санкцыямі, падтрымалі тых, хто пад санкцыямі — Расею і Беларусь.
  • Краіны толькі пакідаюць СНД, а ніхто новы не далучаецца.
  • Ва Ўкраіне і Грузіі, якія выйшлі з СНД, і Малдове, якая больш ня ўдзельнічае ў самітах, кіруюць людзі, значна маладзейшыя за пакаленьне Пуціна і Лукашэнкі.
  • Пэрспэктыва трапіць пад ордэр Міжнароднага крымінальнага суду становіцца для Лукашэнкі вельмі рэальнай.
  • Лукашэнка сустракаецца толькі з тымі, хто гатовы пагадзіцца яго прыняць.

— Як варта ў цэлым ацаніць вынікі сустрэчы кіраўнікоў краінаў СНД, якая прайшла 13 кастрычніка ў сталіцы Кіргізстану, увогуле стан гэтай структуры на цяперашні момант?

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

— Мне гэта нагадвае сустрэчу клюбу пэнсіянэраў недзе ў доме састарэлых. Гэткае досыць тыповае бурчаньне дзядоў на тое, што робіцца ў сьвеце — паўсюль канфлікты, усе супраць нас, кепская моладзь нас не разумее, і гэтак далей.

Калі Лукашэнка ў сваім выступе спрабаваў разважаць пра дасягненьні СНД, то сказаў, што дасягненьні ўсе заўважаць у выніках саміту і ў заявах лідэраў пра супрацоўніцтва. То бок прызнаў, што дасягненьні — гэта толькі заявы, ніякіх іншых вынікаў ён ня здолеў прывесьці.

— Але пры гэтым ён заклікаў усе краіны СНД рашуча аб’ядноўвацца, ісьці адзіным фронтам, заяўляў, што настаў час сур’ёзнай кансалідацыі. Ці рэальна ён спадзяецца, што іншыя краіны СНД на гэта пойдуць, ці гэта проста звычайная бессэнсоўная рыторыка?

— Тут ёсьць зразумелае жаданьне, каб «здаровыя падтрымалі хворых», каб тыя, хто не пад санкцыямі, падтрымалі тых, хто пад санкцыямі — Расею і Беларусь. Лукашэнка наўпрост казаў, што вось ёсьць краіны, якія не баяцца другасных санкцыяў ЗША — маўляў, і краінам СНД ня трэба баяцца. Але ў рэальнасьці кіраўнікі краінаў СНД, вядома ж, больш зьвяртаюць увагі на тое, каб ня трапіць пад амэрыканскія санкцыі, а не на тое, чаго хочацца Лукашэнку.

Што да заяваў пра абʼяднаньне, то гэтая «інтэграцыя дзеля інтэграцыі» вядзе да стварэньня процьмы арганізацыяў з рознымі назвамі, дзе сядзяць такія ж дзяды на добрых заробках — а вынікаў ніякіх няма. Сам Лукашэнка ў сваім выступе прызнаў, што ад пачатку стварэньня СНД ад яе адваліліся Грузія, Украіна, фактычна не бярэ ўдзелу Малдова, «ёсьць пытаньні па Армэніі». Так што краіны толькі сыходзяць з СНД, а ніхто новы не далучаецца.

Такое акурат здараецца з клюбамі пэнсіянэраў, яны зьмяншаюцца з натуральных прычын. У нашым выпадку — краіны выбіраюць іншых шлях, і замест старых кіраўнікоў прыходзяць іншыя людзі. Дарэчы, варта ўзгадаць, што і Ўкраіна, і Грузія, і Малдова знаходзяцца ў вельмі розным палітычным стане — але там кіруюць людзі, значна маладзейшыя за пакаленьне Пуціна і Лукашэнкі.

— Ад сустрэчы СНД і не чакалі вялікай інтрыгі. Але інтрыгай стала адсутнасьць асабістай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, якая загадзя абвяшчалася, але ў выніку не адбылася. Якія ў вас вэрсіі і тлумачэньні?

— Рацыянальная вэрсія — гэта той просты факт, што Лукашэнка з Пуціным сустракаюцца часьцей за любых іншых палітычных лідэраў розных краінаў. І адпаведна, з прагматычнага гледзішча, калі едзеш на сустрэчу розных людзей — то мае сэнс паразмаўляць з тымі, з кім сустракаесься ня так часта. А ня з тымі, хто да цябе лётае на першы шчаўчок пальцаў.

Па-другое, Пуціну сапраўды ўсё роўна, як успрыме гэта Лукашэнка. Таму можна лішні раз паказаць, дзе ягонае месца, каб ня надта шмат аб сабе думаў.

— Лукашэнка на саміце таксама ўсяляк крытыкаваў міжнародную юстыцыю, відавочна, маючы на ўвазе выдадзены Міжнародным крымінальным судом ордэр на арышт Пуціна. Лукашэнка больш хваляваўся за сябе ці такім чынам імкнуўся спадабацца Пуціну?

— Думаю, і тое, і другое. І жаданьне чарговы раз выступіць адвакатам Пуціна, але таксама і сваім уласным адвакатам. Бо ўжо пачаліся працэсы вакол Беларускага Чырвонага Крыжа. Займаючыся вывазам украінскіх дзяцей, лукашэнкаўцы ўляпаліся ў адну з самых брудных справаў гэтай вайны. Тут іх падвяло неразуменьне, што гэта ня будзе нікім прынята як належнае, як «нібыта нічога страшнага».

І пэрспэктыва трапіць пад ордэр Міжнароднага крымінальнага суду становіцца для Лукашэнкі вельмі рэальнай. І адзінае, што яму застаецца, — скардзіцца такім самым дзядам, якія могуць моўчкі яму паспачуваць.

— Лукашэнка падчас саміту сустрэўся з прэзыдэнтам Узбэкістану, і было заяўлена, што рыхтуецца візыт кіраўніка Беларусі ў гэтую краіну. Таваразварот паміж краінамі даволі малы. Якія палітычныя і эканамічныя інтарэсы Беларусі ва Ўзбэкістане?

— Раней Лукашэнка казаў, што трэба ісьці туды, дзе нас ня ведаюць. А цяпер усё значна прасьцей — ідуць туды, куды магчыма. Кірункі для візытаў выбіраюцца не паводле крытэру, наколькі гэта карысна, ці ёсьць там інтарэсы беларускай эканомікі, бізнэсу, грамадзянаў. Крытэрый застаецца адзін — ляцець туды, дзе прымуць.

Бо калі б былі рэальныя прагматычныя інтарэсы, дзе шмат беларусаў, дзе ёсьць інтарэсы — то першымі краінамі ў гэтым сьпісе павінны былі б быць Польшча, Літва і Латвія. Але гэта для сёньняшняга рэжыму немагчыма.

Таму Лукашэнка сустракаецца толькі з тымі, хто гатовы на гэта пагадзіцца і працягнуць яму руку. Таму і застаюцца краіны Азіі і Афрыкі. Вядома, Лукашэнка хацеў бы сустрэцца лішні раз з кіраўніком Кітаю Сі Цзіньпінам, але гэта ня можа адбывацца вельмі часта. Таму яму і застаецца сустракацца з тымі, хто на гэта пагаджаецца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG