Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыцына ў пагонах. Чаму прызначэньне сілавіка ў кіраўніцтва РНПЦ — гэта знак бяды


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Сілавікі ў Беларусі пачалі ўзначальваць цывільныя ўстановы ня ўчора і нават не пасьля выбараў і масавых пратэстаў 2020 году. Яшчэ да гэтых прэзыдэнцкіх выбараў мясцовы начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі стаў дырэктарам Горадзенскага гарадзкога цэнтру культуры. Таксама ў Горадні палкоўнік КДБ узначаліў філіял Белпошты, а ў Менску дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага архіву стаў генэрал-маёр, які да таго быў памочнікам міністра абароны ў пытаньнях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва.

Але цяпер рэжым Лукашэнкі пайшоў далей. Ідэалягічна правільным мусіць быць кіраваньне і ў мэдычнай сфэры, так што намесьнікам дырэктара РНПЦ нэўрахірургіі і нэўралёгіі прызначылі палкоўніка са Сьледчага камітэту.

Мілітарызацыя цывільнай сфэры ў такой форме значыць, што рэжым робіць стаўку на вайсковы парадак ва ўсіх сфэрах грамадзтва. Цывільным няма даверу, бо зашмат іх аказаліся ня надта ляяльнымі Лукашэнку і ягонай сыстэме? Зашмат хто вырашыў, што фальсыфікаваць выбары і катаваць людзей — гэта кепска?

А мэдыкі дык увогуле абнаглелі! І на асобныя пратэсты выходзілі, і пра траўмы, зь якімі да іх прывозілі людзей з РАУСаў і з Акрэсьціна, расказвалі, і нават апублічылі інфармацыю пра тое, што Раман Бандарэнка ня быў п’яны, калі яго білі да сьмерці. Нельга, нельга такіх людзей пакідаць бязь пільнага нагляду сілавіка.

Пакідаць пацыентак і пацыентаў бяз мэдыкаў, звальняючы спэцыялістаў усіх профіляў праз палітыку, можна, а вось даваць самім мэдыкам працаваць без кантролю з боку сілавога блёку — ніяк нельга. Хто ж ведае, што гэтыя ненадзейныя людзі прыдумаюць заўтра — мо стануць расказваць журналістам пра праблемы ў сваёй мэдустанове. Што не хапае нейкіх лекаў ці апаратаў МРТ, ці што няма каму рабіць пэўныя віды апэрацый, бо дактары, якія ўмелі іх праводзіць, сядзяць у турме альбо былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі.

Баюся, прызначэньне такога чалавека адным з кіраўнікоў РНПЦ значыць, што з нэўрахірургіяй і нэўралёгіяй у бліжэйшы час у Беларусі будзе адбывацца штосьці вельмі кепскае, а ягоная задача — кантраляваць, каб галоўная профільная мэдустанова ў краіне не ўзбунтавалася і не нарабіла зашмат шуму.

Але чаму б не пайсьці далей — чаму б не замяніць усіх дактароў на міліцыянтаў? Усё адно ў сыстэме пакідаюць толькі ляяльных і глядзяць не на прафэсійную прыдатнасьць, а на тое, як актыўна чалавек праяўляе любоў да Лукашэнкі. Дык, мо, трэба не расьцягваць пакуты, а адарваць гэты плястыр проста зь мясам? Хай лекуюць у шпіталях міліцыянты, вучаць у школах міліцыянты, ратуюць ад пажараў таксама міліцыянты. КДБісты хай здымаюць кіно, АМАПаўцы — сьпяваюць опэру, а афіцэры ўнутраных войскаў хай стануць кіроўцамі тралейбусаў і аўтобусаў і машыністамі мэтро і наземных цягнікоў.

І асобны палкоўнік будзе займацца доглядам за шпіцам Умкам. Так і настане лукашэнкаўскі рай.

А ці шмат людзей захоча і зможа жыць у такой краіне, ні яго самога, ні яго рэжым усё адно не цікавіць. Інакш мэдыцынай усё ж кіравалі б мэдыкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG