Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам прапанавалі агучыць анталёгію гей-пісьменства. Расказваем падрабязнасьці


Ігар Іваноў, Крысьціна Дробыш, Мікіта Белаглазаў, Уладзіслаў Гарбацкі
Ігар Іваноў, Крысьціна Дробыш, Мікіта Белаглазаў, Уладзіслаў Гарбацкі

Пагутарылі са стваральнікам audiobooks.by Мікітам Белаглазавым і даведаліся, што сёлета будзе новага.

Праект audiobooks.by, выдавецтва «Скарына» пры ўдзеле выдаўца аўдыякніг і акторкі Крысьціны Дробыш ладзяць праект «Народная аўдыякніга» другі раз. Ідэя праекту зьявілася яшчэ паўтара года таму.

«Падчас існаваньня audiobooks.by нам пісалі людзі, маўляў, у вас такі файны праект, мы б таксама хацелі неяк паўдзельнічаць у запісе аўдыёкніг. У нас саміх не было магчымасьці даць іншым людзям паўдзельнічаць, бо ў нас кніжкі запісваюць прафэсійныя акторы. Потым мы з „Кніжным возам“ пачалі размаўляць, і аказалася, да іх таксама людзі зьвярталіся з такімі ж прапановамі», — кажа заснавальнік і кіраўнік праекту audiobooks.by Мікіта Белаглазаў.

Так вырашылі зрабіць праект «Народная аўдыякніга». Летась запісалі першую кнігу — «Мова 404» аўтарства Аліны Нагорнай.

«Гэтая кніга вельмі файна падышла пад фармат, бо гэта зборнік гісторый ад звычайных беларусаў, якія сутыкаліся з дыскрымінацыяй за беларускую мову. Сёлета пачалі рабіць другую кнігу, каб звычайныя беларусы, якія не маюць досьведу прафэсійнай агучкі, маглі даць свой голас».

Летась на ўдзел у праекце прыйшло каля 230 заявак, кажуць ініцыятары. Адабралі ўсяго каля 100 чалавек, якія агучвалі гісторыі.

«Мы падрыхтавалі сэрыю відэа, як запісваць у хатніх умовах, як абсталяваць сваю кватэру, што можна запісаць у шафе, далі парады па тым, як падрыхтаваць голас да запісу. Потым мы давалі ўдзельнікам тэкст, яны самі яго начытвалі, звычайна на тэлефон ці мікрафон. І на нашым баку ўжо прафэсійныя карэктары праслухоўвалі і давалі парады кшталту: „Тут вось ёсьць памылачкі ў вымаўленьні“, „Паспрабуйце чытаць меней эмацыйна“ ці нейкія яшчэ».

25 апавяданьняў з анталёгіі гей-пісьменства

Сёлета беларусы змогуць агучыць кнігу з анталёгіі гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю».

«У гэтай кнізе менш апавяданьняў, каля 25. Таму ў нас будзе менш удзельнікаў, і з кожным трэба будзе працаваць больш шчыльна, асабіста, бо там вялікі тэкст. Падумаць, як прыгожа і клясна зрабіць усё ў аўдыёфармаце».

Вокладка праекту audiobooks.by
Вокладка праекту audiobooks.by

Белаглазаў кажа, што выданьне «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» выбралі зь некалькіх прычынаў. Першая — яе фармат.

«Для „Народнай аўдыёкнігі“ важна, каб быў твор, які складаецца з асобных, незалежных частак, якія можна агучваць рознымі галасамі. Некалькі месяцаў таму я ў фэйсбуку ў Ганны Комар убачыў абвестку, што будзе выходзіць кніга „Мальцы выходзяць з-пад кантролю“, што гэта зборнік розных аўтараў на тэму ЛГБТ, анталёгія гей-пісьменства».

Па-другое, гэтую кнігу выбралі, бо там падымаецца важная грамадзкая тэма, кажа Мікіта.

«Гэтую тэму трэба абмяркоўваць грамадзтвам, нармалізаваць саму зьяву ЛГБТ, паказаць, што гэта ня нешта дзіўнае, а гэта нармальна, гэта жыцьцё, гэта звычайныя людзі, такія ж, як і гетэрасэксуалы. Таму „Мальцы выходзяць з-пад кантролю“ ідэйна падыходзіць пад фармат „Народнай аўдыёкнігі“».

Мікіта кажа, што для яго асабіста вельмі важна запісаць менавіта гэтую кнігу.

«Вельмі клясна, калі такія спрэчныя, табуяваныя тэмы агучаць звычайныя беларусы. Я спадзяюся, што будуць удзельнікі і ў Беларусі, і з розных краінаў. Мы чакаем, што атрымаем нейкі хэйт. Гэта нармальна, трэба быць гатовым да гэтага. Я сам жыву ў Каліфорніі, таму для мяне гэта больш нармальная тэма, гэта прымаецца, таму мне прасьцей пра гэта гаварыць і з гэтым працаваць».

«Каб падаць заяўку сёлета, трэба больш папрацаваць»

Зараз над праектам «Народная аўдыёкніга» працуюць Мікіта з боку audiobooks.by і Крысьціна Дробыш як незалежны выдавец аўдыёкніг.

«Я буду больш каардынацыйную ролю выконваць, камунікаваць з удзельнікамі, афармляць іх запісы, дадаваць у базу дадзеных. Крысьціна будзе займацца працай менавіта над запісамі, будзе праслухоўваць, удзельнічаць у адборы. Таксама з намі будзе працаваць Алег Гарбуз у якасьці карэктара».

Сама кніга — ад выдавецтва «Скарына», таму ў камандзе яшчэ працуюць Ігар Іваноў і Ўладзіслаў Гарбацкі.

«Мы зь імі працуем над тэкстамі, над правамі. Таксама яны дапамагаюць правільна апісаць кніжку, праект, бо тэма незвычайная, гей-пісьменства, і трэба выбраць правільную мову і фармулёўкі, каб не пакрыўдзіць людзей».

На цяперашні момант заяўкі на праект падалі каля 20 чалавек, зь якіх тры-чатыры — удзельнікі леташняга запісу. Падаць заяўкі на запіс кнігі можна яшчэ да 20 лістапада вось тут.

«Каб падаць заяўку сёлета, трэба больш папрацаваць. Бо летась трэба было агучыць толькі адзін кавалак тэксту, а сёлета мы просім агучыць тэстава тры: прозу, верш і п’есу. Каб зразумець, як чалавек можа чытаць кожны зь іх, бо ў кнізе будуць розныя фарматы. Таму трэба будзе больш часу некаторым удзельнікам, каб падрыхтавацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG