Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сачыце за рукамі: рэжым адначасова абяцае шматдзетным падтрымку і пагражае ім


Шматдзетная маці, ілюстрацыйнае фота
Шматдзетная маці, ілюстрацыйнае фота

З году ў год рэжым Лукашэнкі расказвае байкі, як ён клапоціцца пра шматдзетныя сем’і, і заклікае беларусак нараджаць яшчэ і яшчэ. Але чым далей, тым больш у гэтых закліках непасьлядоўнасьці і супярэчлівых заяў.

Вось нядаўна кіраўніца праўладнага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская заявіла, што нам у пляне шматдзетнасьці варта зьвярнуць увагу на Ўзбэкістан — краіну, куды «не на 100% пранікла заходняя культура, заходнія каштоўнасьці». Цяпер беларускі нібыта замяшчаюць дзяцей коцікамі і сабачкамі, а гэта «прыйшло нам не ад нашых вытокаў». Ня ведаю, ці варта нагадаць Шпілеўскай, што ў нашых вытоках была ня толькі шматдзетнасьць, але і адсутнасьць антыбіётыкаў. Ці што ў тых вытоках жанчыны ня мелі права голасу, не маглі будаваць кар’еру ці ствараць грамадзка-палітычныя аб’яднаньні. Падазраю, што гэтыя аспэкты мінуўшчыны аматарку так званых скрэпаў ня надта натхняюць, бо сама яна ахвотна карыстаецца сучаснымі здабыткамі заходняй культуры.

Але, як той казаў, вы не разумееце, гэта іншае.

Паралельна з тым, як Шпілеўская заклікае жанчын больш нараджаць, Лукашэнка кажа, што трэба ўдасканальваць мэханізмы падтрымкі дзяцей у шматдзетных сем’ях, і ўдакладняе, што ўлады будуць гэтыя сем’і «ўважліва вывучаць, бо яны розныя». У перакладзе з чыноўніцкай гэта значыць, што варта чакаць падзелу шматдзетных сем’яў на правільныя і няправільныя. Цяпер нам застаецца хіба здагадвацца, хто і паводле якіх крытэраў будзе вызначаць статус кожнай асобнай сям’і і чаго людзям варта баяцца. Бо будзьма шчырымі — выглядае гэта хутчэй як пагроза, чым як жаданьне больш якасна дапамагаць дзецям і іх бацькам.

Адначасова з гэтым я ўжо ад некалькіх знаёмых, у якіх у сям’і больш за двое дзяцей, пачула, што яны губляюць чарговыя ільготы. Калі раней дзеці са шматдзетных сем’яў мелі ў школе асобнае бясплатнае мэню (мяркуючы па водгуках, горшае, чым для ўсіх астатніх), дык цяпер пэўных прыёмаў ежы іх проста пазбаўляюць. Удасканалілі дык удасканалілі, што ж тут скажаш! Так і бачна, што дзяржава робіць усё магчымае, каб паляпшаць дэмаграфічную сытуацыю ў краіне.

Ну а што, ня толькі ж дарослых звальняць, саджаць у турмы і выціскаць зь Беларусі? Трэба і па дзецях прайсьціся, бо што гэта яны разьлічваюць на нешта бясплатнае! Ну і што, што дзяржава абяцала? Як паабяцала, так і адмяніла.

А каб было яшчэ лепш зразумела, як чыноўнікі ў Беларусі клапоцяцца пра дэмаграфію, міністар адукацыі заявіў, што платная вышэйшая адукацыя — гэта мера сацыяльнай падтрымкі студэнтаў. Нібыта тое, што людзі плацяць за сваё навучаньне, пакрывае толькі 50–70% ад рэальных затрат. І таму, вядома, трэба ўводзіць абавязковае разьмеркаваньне для «платнікаў». Ну, каб яшчэ больш моладзі зьяжджала вучыцца, працаваць і нараджаць за мяжу.

Менавіта так жа гэта і працуе, праўда? Хочаш палепшыць дэмаграфію сваёй краіны — рабі ўсё магчымае, каб моладзь зь яе зьяжджала.

Часам мне здаецца, што яны і праўда так думаюць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG