Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія дыпляматы адмовіліся ехаць у беларускія санаторыі да вывезеных з Данбасу ўкраінскіх дзяцей, а амбасаду Ўкраіны і не запрашалі


МЗС Беларусі
МЗС Беларусі

У Кіеве гэта расцанілі як жаданьне Беларусі легалізаваць незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных Расеяй тэрыторый.

Эўрапейскія дыпляматы адмовіліся ад паездкі да ўкраінскіх дзяцей, якіх прывезьлі ў Беларусь з часова акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.

Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. Там таксама выказалі неразуменьне факту, што ў паездку не запрасілі прадстаўнікоў пасольства Ўкраіны ў Беларусі.

«Эўразьвяз яго дзяржавы-чальцы не далучацца да візыту да ўкраінскіх дзяцей у Наваполацак 4 кастрычніка, арганізаванага МЗС Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні.

У прадстаўніцтве ЭЗ адзначылі, што ў Эўразьвязе ня раз выказвалі глыбокую занепакоенасьць абставінамі, пры якіх украінскіх дзяцей прывозяць у Беларусь.

«У гэтым кантэксьце мы шкадуем, што пасольства Ўкраіны, якое зьяўляецца найбольш зацікаўленым бокам, паколькі справа тычыцца грамадзян Украіны, не было запрошанае ні на брыфінг у гэтым пытаньні, ні ў паездку ў Наваполацак», — заявілі ў прадстаўніцтве.

На мінулым тыдні МЗС Украіны паведаміла, што 4 кастрычніка Беларусь мела намер наладзіць наведваньне замежнымі дыпляматамі, акрэдытаванымі ў Менску, «так званых месцаў пражываньня, навучаньня і аздараўленьня» ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з часова акупаваных Лісічанску і Севераданецку, і ў Кіеве гэта расцанілі як жаданьне Беларусі легалізаваць незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных Расеяй тэрыторый.

Раней намесьнік міністра замежных спраў Юры Амбразевіч сабраў на брыфінг акрэдытаваных у Беларусі замежных дыпляматаў, да яго далучыўся паралімпіец і праўладны актывіст Аляксей Талай.

Як піша «Зеркало», удвох яны спрабавалі даказаць прадстаўнікам дыпкорпусу, што ўкраінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь «на аздараўленьне» цалкам легальна, і заклікалі ўнесьці свой уклад.

Паводле прэс-службы МЗС, брыфінг адбыўся ў будынку МЗС 22 верасьня, на яго запрасілі акрэдытаваных у Беларусі замежных дыпляматаў, прадстаўнікоў Украіны не паклікалі.

Прадстаўніцтва Эўразьвязу апублікавала ўласную заяву пасьля брыфінгу. Там падзякавалі за імпрэзу, але адзначылі, што рашэньне не запрашаць Украіну як найбольш зацікаўлены бок непрымальнае.

«Міжнародны крымінальны суд ужо займаецца ацэнкай усіх наяўных доказаў. Як вядома, гэта прывяло да выдачы ордэраў на арышт», — падкрэсьлілі ў прадстаўніцтве ЭЗ.

  • У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, у пэрыяд зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.
  • 18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.
  • Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
  • 19 ліпеня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на арышт генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова.
  • 27 ліпеня ў Радзе Бясьпекі ААН заявілі, што Расея вывезла ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» 3 тысячы ўкраінскіх дзяцей. Сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісьліца заявіў, што з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Расея толькі з Данецкай і Луганскай абласьцей вывезла ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» тры тысячы ўкраінскіх дзяцей.
  • 13 верасьня Эўрапарлямэнт заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Аб дачыненьнях зь Беларусьсю», якая прызнае Аляксандра Лукашэнку саўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Ўкраіне. У рэзалюцыі адзначаецца, што, «дазволіўшы неапраўданую агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам злачынстваў, што прадугледжвае адказнасьць за разбурэньні і шкоду, прычыненую Ўкраіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG