Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта правакацыя, якую мае расьсьледаваць СБУ». Актывісты маюць намер аднавіць знак беларусам у Кіеве і ведаюць, хто яго дэмантаваў

абноўлена

Валянтэрка Вольга Гальчанка на адкрыцьці мэмарыялу ў Кіеве, 28 сакавіка 2016
Валянтэрка Вольга Гальчанка на адкрыцьці мэмарыялу ў Кіеве, 28 сакавіка 2016

Ініцыятары памятнага знаку беларусам, якія загінулі за Ўкраіну, які з 2016 году ўсталяваны ў Кіеве, заявілі, што яны адновяць пашкоджаныя элемэнты.

Анжэла Душаева, прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка», адна з ініцыятарак стварэньня ў 2016 годзе ў Кіеве мэмарыялу ў памяць аб беларусах, якія загінулі ва Ўкраіне, мяркуе, што пашкоджаньне помніка мусіць расьсьледаваць Служба бясьпекі Ўкраіны.

«Тое, што адбылося (зьнялі герб і надпісы «Жыве Беларусь!» і «Слава Ўкраіне»), гэта дакладна зрабілі ня ўлады. І на вандалізм гэта не падобна, бо ў такім выпадку хутчэй бы пашкодзілі партрэты. Гэта плянамерная правакацыя, якая можа быць выгадная толькі спэцслужбам Лукашэнкі», — сказала Свабодзе Анжэла Душаева.

Яна нагадала, што ў 2016 годзе для ўсталяваньня мэмарыялу ініцыятары атрымалі дазвол кіеўскіх уладаў.

«Будзем разьбірацца, яшчэ адны ініцыятары стварэньня помніка будуць зьвяртацца з заявай у паліцыю. Хоць гэтай справай мусіла б заняцца СБУ, каб высьветліць, каму трэба было пачынаць скандал у час ваеннага становішча. Мэмарыял нікому ніколі не перашкаджаў. Магчыма, гэта зьвязана з новай абвесткай палка Каліноўскага аб наборы ў падразьдзел», — дадала Анжэла Душаева.

Прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка» разьлічвае, што праваахоўныя органы змогуць знайсьці тых, хто гэта зрабіў, на падставе відэазапісаў з камэр, якія знаходзяцца побач з гэтым месцам.

Валянтэрка Вольга Гальчанка, якая ў 2016 годзе займалася афармленьнем дазволу кіеўскіх уладаў на ўсталяваньне помніка, паведаміла, што ён будзе адноўлены. Яна назвала цынічным пашкоджаньне мэмарыялу добраахвотнікам 1 кастрычніка, калі ва Ўкраіне адзначаюць Дзень абаронцаў.

«Нейкія ідыёты вырашылі пашкодзіць памятны знак нашым хлопцам… Сказаць, што я злая — гэта нічога не сказаць. Каму ўвогуле такое прыйшло ў галаву — у часе вайны ў Кіеве разграміць помнік загінулым добраахвотнікам?» – напісала Вольга Гальчанка на сваёй старонцы ў Facebook.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Кіеўскую гарадзкую дзяржаўную адміністрацыю і пракуратуру, каб высьветліць сытуацыю.

Мэрыя накіравала ў адміністрацыю Шаўчэнкаўскага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца вуліца Беларуская і памятны знак. У раённай адміністрацыі на тэлефанаваньні не адказваюць.

У Кіеўскай гарадзкой пракуратуры паведамілі, што пакуль да іх ніхто не зьвяртаўся.

Крыніца Свабоды ў іншых праваахоўных органах паведаміла, што гэта ня першы інцыдэнт на мэмарыяле. Сёлета 8 жніўня на яго вылілі чырвоную фарбу. Паліцыя выяжджала на месца падзеі, але справу тады не заводзілі.

Пазьней Анжэла Душаева паведаміла Свабодзе, што актывісты разам з добраахвотнікамі наведалі каледж, на якім разьмяшчаўся мэмарыял, і сустрэліся зь яго дырэктаркай Любоўю Хмялеўскай.

«Загад атрымалі ад рэктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту тэхналёгій і дызайну. Зараз будзем вырашаць гэтае пытаньне празь міністэрства адукацыі і Кіеўраду», – удакладніла Анжэла Душаева.

Паводле яе, дырэктарка каледжу аргументавала дэмантаж помніка тым, што ў іх няма дазволу на ягонае ўсталяваньне.

Урачыстая цырымонія адкрыцьця помніку з удзелам ганаровай варты адбылася 28 сакавіка 2016 году. Мэмарыял ініцыявалі некалькі ўкраінскіх арганізацый, а таксама Тактычная група «Беларусь», у якую на той час былі арганізаваныя беларускія добраахвотнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG