Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 кастрычніка: Сілавікі затрымалі салігорца за перапіску з батальёнам «Тэрор»


Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Cілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманьні жыхара Салігорску, відэа зь ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, піша «Медиазона».

На відэа затрыманы кажа, што нядаўна перапісваўся з прадстаўніком батальёна «Тэрор». Таксама ў публікацыі сілавікоў дэманструюцца скрыншоты перапіскі, а затрыманы салігорац кажа, што паведаміў у чаце з прадстаўніком «Тэрору» сваю вайсковую спэцыяльнасьць і тэрмін службы. і што яго нібыта хацелі запрасіць да ўдзелу ў ваенных дзеяньнях.

Паводле якога канкрэтна артыкулу затрымалі мужчыну, не паведамляецца, аднак на відэа ён кажа, што яму «сьвеціць артыкул за здраду дзяржаве і за найміцтва» (артыкулы 356 і 133 КК).

За парушэньне маршруту хрэснага ходу аштрафавалі царкоўнага служку

Судзьдзя суду Бешанковіцкага раёну Кацярына Мацкевіч 15 верасьня за ухіленьне ад узгодненага з уладамі маршруту хрэснага ходу аштрафавала на 740 рублёў памочніка благачыннага ў будаўніцтве цэркваў храма ў гонар сьвятога прарока Ільлі, мясцовага жыхара Мікалая Бондара.

Улетку група зь дзесяці чалавек прайшла шэсьцем па сельскай дарозе ў Шчучынскім раёне Горадзенскай вобласьці. Сама імпрэза была дазволеная распараджэньнем Горадзенскага аблвыканкаму ад 28 чэрвеня, але, магчыма, удзельнікі па ўласным жаданьні зьмянілі маршрут, тым самым парушыўшы патрабаваньне закону «Аб масавых мерапрыемствах». Як расьсьледавала ініцыятыва «Хрысьціянская візія», гэта хрэсны ход меў «антынатаўскую» накіраванасьць.

На судзе сьвятар віны за свае дзеяньні не прызнаў, піша «Віцебская Вясна».

Жыхара Барысава арыштавалі за сымболіку ў тэлефоне

У судзе Барысаўскага раёну 26 верасьня вынесьлі пастанову аб адміністрацыйным арышце на 10 дзён 70-гадовага Ўладзімера Толкача. У ягоным тэлефоне знайшлі выявы бела-чырвона-белай сымболікі і свастыкі, якія ён зьмясьціў яшчэ ў 2021 годзе, паведамляюць праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG