Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румынія ўзмацняе абарону на мяжы з Украінай, — Reuters


Архіўнае фота. Румынскія вайскоўцы едуць у вайсковым грузавіку пасьля будаўніцтва бамбасховішча ў вёсцы Плауру, у 300 км на ўсход ад Бухарэста, 12 верасьня 2023 году
Архіўнае фота. Румынскія вайскоўцы едуць у вайсковым грузавіку пасьля будаўніцтва бамбасховішча ў вёсцы Плауру, у 300 км на ўсход ад Бухарэста, 12 верасьня 2023 году

Румынія сьцягвае да населеных пунктаў на Дунаі, да мяжы з Украінай, сілы СПА і дадатковыя патрулі, узмацняючы сваю абарону, паведаміла Reuters са спасылкай на крыніцы.

Паводле суразмоўцаў Reuters, выпадкі падзеньня бесьпілётнікаў на тэрыторыі Румыніі прымушаюць румынскіх вайскоўцаў умацоўваць абарону краіны.

Бухарэст і NATO занепакоеныя тым, што расейскія абстрэлы чарнаморскіх партоў у Адэскай вобласьці могуць закрануць румынскую тэрыторыю. Раней Румынія разьмясьціла ў сябе сотню дадатковых амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-16 за 150 кілямэтраў на поўдзень ад Ізмаіла і пашырыла беспалётную зону ўздоўж мяжы з Украінай да 30 кілямэтраў.

30 верасьня Мінабароны Румыніі паведаміла, што ўначы паветраную прастору краіны, імаверна, маглі парушыць расейскія дроны, якія атакавалі Ўкраіну. На магчымае несанкцыянаванае пранікненьне ў нацыянальную паветраную прастору ўказала радыёлякацыйная сыстэма назіраньня румынскай арміі. Пакуль аб’ектаў, які б упалі на тэрыторыі краіны, знайсьці не ўдалося, пошукі працягваюцца сёньня.

Раней Мінабароны Румыніі паведамляла, што ў верасьні на тэрыторыі краіны ўпалі тры бесьпілётнікі. Адзін упаў у вёсцы Плаўру, якая знаходзіцца на беразе Дуная насупраць Ізмаіла. Там вайскоўцы пабудавалі два бамбасховішчы, а жыхары атрымліваюць паведамленьні на мабільныя тэлефоны пра дроны, якія рухаюцца ў напрамку Румыніі. Пры гэтым мясцовыя ўлады прызнаюць, што дрэнны сыгнал сувязі абмяжоўвае эфэктыўнасьць папярэджаньняў.

Прэзыдэнт Румыніі Клаўс Ёханіс і NATO раней ня ўбачылі ў дзеяньнях Расеі наўмысных нападаў, але прызналі, што падзеньне абломкаў бесьпілётнікаў уяўляе вялікую праблему для Бухарэста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG