Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы шкадуюць аб вынясеньні апраўдальнага прысуду Гараўскаму ў справе аб выкраданьнях апанэнтаў Лукашэнкі


Юры Гараўскі і зьніклыя палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі. Ілюстрацыйны каляж
Юры Гараўскі і зьніклыя палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі. Ілюстрацыйны каляж

Тры партнэрскія праваабарончыя арганізацыі, якія ініцыявалі судовы разбор над былым супрацоўнікам САХРа Юрыем Гараўскім (Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH), TRIAL International і Праваабарончы цэнтар «Вясна») выступілі з заявай з нагоды апраўдальнага рашэньня ў справе.

Праваабаронцы адзначаюць, што шкадуюць аб такім прысудзе і будуць працягваць падтрымліваць ахвяр у іх імкненьні да справядлівасьці, у тым ліку падчас апэляцыі. Таксама яны адзначаюць, што хоць суд прызнаў адказнасьць рэжыму за злачынствы, судзьдзі не былі перакананыя ў датычнасьці абвінавачанага да гэтых падзей. Сем’і ахвяр застаюцца ў стане нявызначанасьці адносна дакладных абставінаў зьнікненьня іх блізкіх.

Пасьля двухдзённых слуханьняў акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Нягледзячы на аднадушнае меркаваньне падазраванага, яго адваката, абвінавачаньня і грамадзянскіх бакоў аб тым, што Гараўскі браў удзел у гэтых трагічных падзеях, суд прыйшоў да высновы, што яго ўдзел у гэтых злачынствах ня можа быць устаноўлены без сумневаў. Юры Гараўскі быў апраўданы па абвінавачаньні ў гвалтоўных зьнікненьнях.

«Такім чынам, праз 24 гады пасьля падзей семʼі зьніклых бязь вестак усё яшчэ знаходзяцца ў цяжкім стане нявызначанасьці адносна лёсу сваіх блізкіх, а таксама адносна асоб тых, хто ўдзельнічаў у знікненьні. Для Валерыі Красоўскай, дачкі Анатоля Красоўскага, гэтае рашэньне выклікае глыбокае расчараваньне», — адзначаюць правабаронцы.

Пракурор таксама можа абскардзіць гэты вэрдыкт.

Тры партнэрскія арганізацыі, якія ініцыявалі судовы разбор у 2021-м, адзначаюць, што прысуд ня ставіць пад сумнеў злачынствы, учыненыя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Яны таксама шкадуюць, што суд не залучаў у працэс дачок зьніклых, пазоўнікаў у справе.

«Незалежна ад вэрдыкту судовы працэс над Юрыем Гараўскім ужо стварыў гістарычны прэцэдэнт: упершыню ў сьвеце суд вынес рашэньне аб злачынствах, учыненых на тэрыторыі Беларусі, на аснове прынцыпу ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. Сёньняшні апраўдальны прысуд сьведчыць, што шлях да правасудзьдзя часам абсыпаны падводнымі камянямі. Аднак гэта не падарве рашучасьці ахвяр працягваць барацьбу за праўду і справядлівасьць», — заяўляюць праваабаронцы.

Тры партнэрскія арганізацыі падкрэсьліваюць, што міжнародная супольнасьць павінна актывізаваць свае намаганьні ў прыцягненьні да адказнасьці вышэйшых службовых асоб рэжыму і пакласьці канец беспакаранасьці за злачынствы, учыненыя ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG