Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША: сытуацыя ў Карабаху пацьвердзіла, што Расея не зьяўляецца партнэрам у сфэры бясьпекі


Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер, архіўнае фота
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер, архіўнае фота

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў аб неабходнасьці стварэньня міжнароднай місіі, каб забясьпечыць празрыстасьць працэсу, выкананьне правоў і гарантаваньне бясьпекі жыхарам Нагорнага Карабаху

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер заявіў, што сытуацыя ў Нагорным Карабаху пацьвердзіла немагчымасьць разьлічваць на Расею як на міжнароднага партнэра ў сфэры бясьпекі.

«Я сапраўды лічу, што Расея паказала, што яна не зьяўляецца партнэрам у сфэры бясьпекі, на якога можна разьлічваць. І што тычыцца павагі Расеі да тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту іншых краін, я думаю, што мы ўбачылі па яе ўласных дзеяньнях, што гэта ня той прынцып, якога яна сама прытрымліваецца», — сказаў Мэт'ю Мілер на брыфінгу ў Вашынгтоне 25 верасьня.

Паводле яго, урад ЗША занепакоены сытуацыяй у Нагорным Карабаху. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту падкрэсьліў, што трыма галоўнымі задачамі зьяўляюцца спыненьне агню і баявых дзеяньняў, гуманітарная дапамога жыхарам рэгіёну і падпісаньне мірнага пагадненьня паміж Армэніяй і Азэрбайджанам.

Мэт'ю Мілер таксама дадаў, што этнічныя армяне ў Нагорным Карабаху павінны мець магчымасьць заставацца ў сваіх дамах, а тым, хто хоча выехаць, неабходна гарантаваць бясьпечны праезд пад наглядам нэўтральнага незалежнага трэцяга боку.

«Азэрбайджан нясе адказнасьць за абарону цывільнага насельніцтва і за забесьпячэньне гуманнага абыходжаньня з усімі, у тым ліку з тымі, каго ён падазрае ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях», — падкрэсьліў ён.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў аб неабходнасьці стварэньня міжнароднай місіі, каб забясьпечыць празрыстасьць працэсу, выкананьне правоў і гарантаваньне бясьпекі жыхарам Нагорнага Карабаху, як пра гэта заявілі ўлады Азэрбайджану.

«Мы лічым важным, каб Армэнія і Азэрбайджан дасягнулі трывалага мірнага пагадненьня. Гэта тое, на чым мы настойвалі. Гэта тое, пра што мы публічна заявілі, што лічым магчымым, калі абодва бакі былі гатовыя пайсьці на складаныя кампрамісы. Відавочна, што мы ня бачылі гэтага за апошнія некалькі месяцаў. Адзначу, што прэзыдэнт Аліеў і прэм’ер-міністар Пашыньян абвясьцілі, што зьбіраюцца сустрэцца на наступным тыдні. Мы лічым важным, каб яны сустрэліся і ўрэшце пераадолелі разрыў паміж дзьвюма краінамі», — падкрэсьліў Мэт'ю Мілер.

Тым часам улады Азэрбайджану заяўляюць аб накіраваньні гуманітарнай і мэдычнай дапамогі ў Нагорны Карабах, найперш на месца выбуху на складзе з палівам паблізу трасы Стэпанакерт — Аскеран, дзе колькасьць параненых перавысіла 200 асобаў. Аб гэтым паведамляе дзяржаўнае агенцтва АЗЕРТАДЖ.

Дзяржаўнае агенцтва Армэніі ArmenPress паведаміла, што сем грамадзян памерлі ад раненьняў па дарозе ў лякарню, яшчэ 13 неапазнаных цел перадалі на судмэдэкспэртызу. Шмат грамадзян лічацца зьніклымі бязь зьвестак.

Паводле армянскага боку, на раніцу 26 верасьня з Нагорнага Карабаху ў Армэнію перамясьцілі 13 550 вымушаных перасяленцаў.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG